Курсы валют

Доллар США
2.0501
Евро
Российский рубль

Погода

13..15 °C

Пункт гледжання

Як стаць іншапланецянінам?

Zakonnikov

У час «прамой лініі» прэзідэнту Расіі У. Пуціну задалі нечаканае пытанне: «Вы инопланетянин?», якое можна трактаваць па-рознаму. Заходнія СМІ скарысталі гэта, каб зноў дэманізаваць аўтакрата. Але, калі глядзець у корань праблемы, то ён проста маніпуліруе замбіраваным станам насельніцтва.

Пра гэта мала гаворыцца ў незалежных СМІ, ды прапаганда аўтарытарных дзяржаў скіравана на тое, каб рознымі спосабамі надаць правіцелям, якія дзесяцігоддзямі не пакідаюць высокую пасаду, рысы «звышчалавекаў», «цудатворцаў», своеасаблівых «пупоў Зямлі», якім падуладна літаральна ўсё. Самаўлюбёныя ўзурпатары ўлады прымаюць такія намаганні заангажаваных палітолагаў, журналістаў, прадстаўнікоў артыстычнага бамонду, спартсменаў і іншай зацікаўленай публікі з вялікай удзячнасцю, раздаючы ў адказ ордэны, медалі, ганаровыя званні, прэміі, стыпендыі, высокія ганарары і падарункі. Яны ўспрымаюць ліслівасць і ўсхваленне, нагнятанне культу як належнае, разумеюць, што падхалімская атмасфера дапамагае ўтрымліваць трон.

Ёсць у аўтакратаў і яшчэ адна асаблівасць. Яны, баючыся згубіць уладу, заўжды чакаюць падвоху ад акаляючых, на ўсё рэагуюць надта насцярожана і сур’ёзна. Ва ўсякім выпадку У. Пуцін паставіўся да незвычайнага пытання без усмешкі: «Нет, у меня есть доказательства и свидетели в лице моих родных, моих близких, моих детей, в конце концов». Магчыма, ён палічыў свой адказ дасціпным і вясёлым, але міміка, з якой гэта прамаўлялася, сведчыла пра іншае.

Мне здаецца, што правіцель зразумеў падтэкст пытання, але, як прафесійны кадэбіст, не падаў выгляду. А расіяне, відаць, у першую чаргу мелі на ўвазе тое, што ён, нібы іншапланецянін, далёкі ад простых чалавечых клопатаў. Тое, што Пуцін у час «прамой лініі» становіцца «Дзедам Марозам» і пачынае вырашаць лакальныя побытавыя праблемы грамадзян, выклікае ў адэкватных людзей не захапленне, а смех і гідлівасць. Не тым займаецца прэзідэнт, бо яго задача стратэгічная — выводзіць да прыстойнага дабрабыту ўвесь народ.

У Беларусі і Расіі, якія знаходзяцца ў гэтак званай Саюзнай дзяржаве, грамадзяне адкрыта гавораць пра невераемны, ганебны адрыў аўтарытарнай улады ад народнага жыцця. Прэзідэнты, чыноўнікі і прыўладная публіка падладзілі пад свае патрэбы законы, схаваліся за кулакі і дубінкі сілавікоў, стварылі сабе шыкоўны дабрабыт, рашылі ўсе ўласныя праблемы, а мільёны звычайных людзей загналі ў рэжым жорсткага выжывання, у беднасць, якая зневажае годнасць чалавека.

Часам, калі слухаеш правіцеляў Беларусі і Расіі, узнікае ўражанне, што яны жывуць нават не на Марсе ці Венеры, а па-за межамі Сонечнай сістэмы. Іх дасведчанасць даўно стала выбіральнай, абмежаванай. Спачатку інфармацыя прасейваецца ўнізе дробнымі чыноўнікамі, затым бліжэйшым атачэннем, а ў канцы ідзе яшчэ ўласны адбор. Усё, што працуе на станоўчы імідж, яны заўважаюць і выкарыстоўваюць, а складаныя праблемы, маштабны негатыў, нязгоду вялікай часткі грамадства з іх неэфектыўнай палітыкай — не бачаць.

Зразумела, што многія пасажы недасведчанасці, прамоўленыя з трыбун або ў кантактах з журналістамі, робяцца правіцелямі знарок, каб прыменшыць нейкую праблему або зняважыць апанентаў. Напрыклад, яны пастаянна «не ведаюць» пра чарговае павышэнне коштаў на тавары, харч, лекі, бензін і адразу абяцаюць разабрацца з «вінаватымі», гавораць пра «оппозиционных отморозков» з вялікай нянавісцю, але і з фальшывым недаўменнем: «Я не знаю такого, а кто это?»

Нельга сказаць, што аўтарытарныя правіцелі зусім не валодаюць сітуацыяй, якая склалася ва ўладаннях, бо, як самі кажуць, атрымліваюць «информацию из разных источников», робяць выезды на раскошных лімузінах або вылеты на верталётах і самалётах з вялікай аховай «у народ». Яны добра ведаюць, што да іх прыезду мясцовыя чыноўнікі-падхалімы прымушаюць фарбаваць траву, класці асфальт на снег, перакрываць дахі дамоў толькі ад вуліцы, прыкрываць маляўнічымі пано разбураныя будынкі. Вядома ім і тое, што людзей для «важнай сустрэчы» адбіраюць, праводзяць інструктаж, каб не ляпнулі лішняга, не сапсавалі настрой «правадыру». Але правіцелямі гэты ідыятызм не асуджаецца, не караецца, праўда ім не патрэбна.

Дзеля справядлівасці зазначу, што і ў значнай часткі насельніцтва таксама няма запатрабаванасці на праўдзівую інфармацыю. Беларусы і расіяне вельмі любяць сябе расхвальваць, а крытыку не ўспрымаюць.

Рэальныя дзеянні па выпраўленні кепскага становішча ў многіх сферах гаспадарання замяняюцца прыгожымі словамі. На святкаванні Купалля ў Александрыі А. Лукашэнка ўзнёсла гаварыў пра тое, як важна не губляць сувязі з роднымі мясцінамі і людзьмі, якія там жывуць. Ён нават прапанаваў гарадской моладзі свой куток у якасці «малой радзімы» (?!), запрасіў прыязджаць. Безумоўна, добраўпарадкаваць, «вылізаць» адзін населены пункт для правіцеля і на радасць тутэйшым жыхарам не надта складана, ды і яму лёгка завітваць сюды на браніраваным «мерседэсе», варта толькі захацець. А вось як звычайнаму грамадзяніну дабірацца на «малую радзіму», калі дарогі туды не рамантуюцца, не ходзяць аўтобусы? Ды і любавацца там няма чым, хіба што джунглямі баршчэўніку.

Кіраўнік заявіў на свяце і пра тое, што беларусам неабходна «сохранить национальную самоидентичность, традиции, культуру, а значит — и свою родную землю». Словы правільныя, але як можна гэта зрабіць без асноўнага падмурка — беларускай мовы, на якой не гаворыць ні сам А. Лукашэнка, ні яго чыноўнікі, ні большая частка насельніцтва. Сапраўды, трэба быць іншапланецянінам, каб абражаць няўвагай родную мову, лічыць яе недасканалай або папракаць суайчыннікаў за высокую нацыянальную адказнасць перад гісторыяй: «Гэтыя свядомыя!». А мы такое чуем пастаянна. Толькі іншапланецянін можа не выказаць спачування сям’і загінулай жанчыны і ўсім параненым людзям падчас бяздарна праведзенага салюта 3 ліпеня на свяце.

Аўтакраты, нават не жадаючы гэтага, часта выказваюць свае запаветныя, схаваныя ў падсвядомасці думкі. Вось узоры такіх заяў: «Мы сами, народ Беларуси, будем определять свою судьбу и свой путь развития!», «Но прежде всего мы подарили его (свята спорту, ІІ Еўрапейскія гульні. — С.З.) себе — белорусам…»

Але як народ можа вызначаць уласны лёс, калі няма адкрытых, сумленных прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў? Значыць, самі — гэта толькі «я». Ніхто не пытаўся ў народа і наконт правядзення затратнага спартыўнага форуму. Гледзячы на мерапрыемства, стала ясна, што яго з удзячнасцю ўспрынялі спартсмены, якім кожнае спаборніцтва не лішняе і прытым прыносіць неблагія дывідэнды, але яно сапраўды было «подарено себе». Тусавалася начальства. Народ да яго цікавасці не выявіў.

Лозунг «Государство для народа» застаецца пустым гукам. Замест уздыму якасці народнага жыцця, аўтакраты змагаюцца за знаходжанне на троне, выпрошваюць пазыкі, а затым арганізоўваюць ваенныя парады, маштабныя спартыўныя спаборніцтвы, каб пакрасавацца і папіярыцца.

На пытанне: «Як стаць іншапланецянінам?» — карыстальнікі сацыяльных сетак адказваюць: «Трэба, каб цябе выбралі прэзідэнтам у Расіі або ў Беларусі».

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Смерць — у абдымках

Што станоўчае прынясуць гульні ў Мінску?

Раўненне — на Быкава!

Згубленая мэта

Добавить комментарий