Курсы валют

Доллар США
2.0584
Евро
Российский рубль

Погода

17..19 °C

Пункт гледжання

Адважыцца на рызыку

Zakonnikov

Насельніцтва Беларусі пасля ўсталявання аўтарытарызму ўвайшло ў доўгі перыяд бяспраўнага існавання, калі яно практычна не ўдзельнічае ні ў якіх рашэннях. Грамадзяне жывуць паводле дзяржаўнай мадэлі, зручнай і выгаднай не ім, а ўладнаму клану.

Народ, загнаны ў пастку выбараў, перыядычна прыходзіць пад адміністратыўным уціскам у кабіны і пасля маніпуляцый камісій з вынікамі галасавання фармальна нібыта дае права аднаму чалавеку распараджацца сваім лёсам, будучыняй дзяцей і ўнукаў.

За 25 гадоў камандная вертыкаль, у якой няма свабоднай канкурэнцыі, натуральнага адбору кадраў на падставе здольнасцяў і высокага ўзроўню прафесіяналізму, стала «жалезабетоннай». Яно і не дзіўна. Аўтакрат стварае ўмовы для кар’ернага росту толькі «сваім людзям», няхай сабе і няўмекам, прафанам. А кіруе з дапамогай «кручка» кампрамату, на якім сядзяць службоўцы, прыўладныя бізнесоўцы, іншая чэлядзь. Дэмакратычным шляхам разарваць сплеценую, нібы клубок гадзюк, уладную канструкцыю, дзе ўсё павязана прагматычнай формулай «ты — мне, я — табе», немагчыма.

Заходнія палітыкі — таксама не дапамога ў складанай сітуацыі. Яны знаходзяцца пад прэсам сваіх нахабных бізнесоўцаў, якім не сорамна рабіць грошы нават сумесна з д’яблам, а таму махнулі рукой на правы чалавека і супрацоўнічаюць з аўтарытарным рэжымам. «The Wall Street Journal» піша: «Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку калісьці называлі апошнім дыктатарам Еўропы. Ён 25 гадоў кіруе краінай жалезным кулаком, але перастаў быць аб’ектам астракізму на Захадзе».

Час паказаў, што выхаваўчымі ўшчуваннямі беларускага правіцеля, дарэчы, як і расійскага, не проймеш, бо іхняя харызма не ад сілы духу, ведаў і патрыятызму, а вынік «дваровай загартоўкі». Нягледзячы на асуджэнне і «бяззубыя» санкцыі, на знешнепалітычнай арэне яны адчуваюць сябе прывольна, самі крытыкуюць Захад. Павучанні выглядаюць недарэчнымі і смешнымі, пра што сведчаць новыя папрокі А. Лукашэнкі ў адрас заходніх палітыкаў у недастатковасці сумлення і ў даўгах за апошнюю вайну. Але ён — прадукт у тым ліку іх паблажлівасці, згодніцтва, а таму няхай прад’яўляюць прэтэнзіі і самі сабе.

А што адбываецца ўнутры аўтарытарных краін, што схавана ад вока іншаземцаў? Даходліва асэнсаваў сітуацыю расійскі публіцыст М. Сванідзе: «Я боюсь показаться занудой, но я все время возвращаюсь к тому, что вот эта жесткая вертикаль власти, она не гибкая. И потому она дает очень серьезные сбои. Нет ответственности у местного руководства перед людьми. Мне кажется дело в этом. Нет возможности до конца проявить инициативу тем людям, которые готовы ее проявить. Потому что их затыкают, им не дают проявить инициативу. Кто вас спрашивает? — ждите, пока прикажут. Прикажут — сделаете. Не прикажут — сидите. Все ждут приказа сверху. Люди ждут приказа местной власти. Местная власть ждет приказа региональной. Региональная ждет приказа центральной. Вот так вот, и я думаю, что от этого работа не приобретает эффективности».

Нядаўна ўдзельніцы стрып-клуба ў Гародні ў «прафесійным прыкідзе» сфатаграфаваліся на танку каля Кургана Славы і мемарыяльнага комплекса. Яны вырашылі, што без аголеных грудзей, жыватоў і сцёгнаў патрыятычныя пачуцці беларусаў з выпадку свята будуць няпоўнымі. Начальніца каманды «амазонак» фанабэрыста заявіла журналістам: «Я не хочу отвечать на вопросы. Потому что я полностью поддерживаю политику, которую проводит наш президент Александр Григорьевич Лукашенко. Я уважаю все праздники, уважаю законы и счастлива, что живу в этой стране».

Гарачая любоў да аўтарытарнай улады і да правіцеля асоб жаночага полу, якія абслугоўваюць высокіх гасцей на розных мерапрыемствах, знаходзяцца ў эскортах у час святаў, спартыўных спаборніцтваў, музычных фестываляў, конкурсаў прыгажосці, прыслужваюць на ўручэннях узнагарод, маршыруюць на ваенных парадах, безумоўна, зразумелая. Многім хочацца лёгкіх грошай і быць на відавоку.

Але ж у большасці грамадзян прафесіі далёкія ад прыдворных забаў і відовішчаў, яны патрабуюць самастойнасці, ініцыятывы, сапраўднай творчай працы, свабоды думак і дзеянняў.

У кнізе «Ноч і горад» англійскі празаік Д. Керш піша: «Мы ўзводзім неадольныя сцены паміж сабой і сваімі неспазнанымі душамі. І здаецца, што чалавек пакутуе і памірае ўпустую, што ён падобны на насякомае, заціснутае паміж зубцамі няўмольнага часу, якія круцяцца. Але, апроч дыктата яго дробных захапленняў і страсцяў, існуюць вышэйшыя законы, якім падпарадкавана жыццё».

Чалавек нараджаецца свабодным, і ён змалку нацэлены на дасягненне адкрыццяў. У вершы «Рызыка» я паспрабаваў перадаць складаныя пачуцці:

А доля проста не рыфмуецца,
Не ўціснеш лёс у верш сілком…
Нясоладка і мне начуецца
Над незакончаным радком.

Ад хвалявання ў пальцах дрыжыкі,
Ды ўсё не тое…
Трэба спаць.
Як і ў мінёраў, гэта рызыка
Апошняй кропкай можа стаць.

Але праходзіць час,
І крэсівам
Душа аб будзень чыркане.
Адзін радок паспешна крэсліцца,
За ім другі імкліва мкне.

Пісаць — браць лёд рукамі голымі,
Пісаць — як жартаваць з агнём…
І ты ляціш з агню ды ў полымя.
Ну, што ж.
І ўсё-ткі рызыкнём!

Рыгор Барадулін, якому верш спадабаўся, напісаў: «А жартаваць з агнём можа толькі паэт. А ўвогуле толькі агонь прывык жартаваць, бо не хоча дараваць абразу свайго выкрадання ў багоў. Агонь і папяліць, і гартуе».

Я вучыўся рызыкаваць не толькі ў паэзіі. За 8 гадоў працы ў аддзеле культуры ЦК КПБ (1978 — 1986), дапамагаючы Пімену Панчанку, Васілю Быкаву, Уладзіміру Караткевічу, Алесю Адамовічу, Андрэю Макаёнку, Алесю Разанаву ратаваць «крамольныя рукапісы» ад маскоўскіх і мінскіх цэнзараў, часта хадзіў па «лязе брытвы», бо мог у жорнах закамянелай савецкай сістэмы, якая не прымала іншадумства, імгненна стаць пылам. Але тады з начальствам, у тым ліку і з першым сакратаром ЦК КПБ П. М. Машэравым, можна было гаварыць і ўрэшце прыходзіць да разумнага рашэння. А гляньце на сённяшнія стасункі падначаленых з аўтарытарным правіцелем — гэта ж суцэльнае падхалімства і рабскае выкананне любых, нават заведама недарэчных каманд!

Беларускі менталітэт — не самы прыдатны для пабудовы разумнага і камфортнага народнага жыцця. Мы ў пераважнай большасці звыклі існаваць на падмурку інстынктаў: прыглядаемся, прынюхваемся, прымерваемся, баімся пагаршэння ад перамен. Мы не навучыліся думаць і рабіць асэнсаваны выбар. Тым не менш айчынная гісторыя сведчыць, што інертныя беларусы, якія цярпліва трываюць гвалт і дурноту, якія доўга раскачваюцца, усё ж здольныя і на народны гераізм.

У жыцці даводзіцца рызыкаваць. Рызыкуе фермер, які працуе ва ўмовах зменлівага надвор’я, прытым з новымі гатункамі насення або пародамі жывёлы, рызыкуе прадпрымальнік, запускаючы чарговы праект, рызыкуе хірург, бо аперацыя — гэта крок у невядомае, рызыкуе вынаходнік. Калі паасобку мы адважваемся на смелае дзеянне, то чаму б не рызыкнуць усім народам — рашуча выйсці з аўтарытарнай сістэмы, якая перашкаджае нам нармальна жыць?

Народ, які ліжа руку, што «корміць» яго і адначасова б’е па галаве, не мае будучыні. Усё паказвае на тое, што рызыкаваць — карысна. Без гэтага ніколі не прыдуць перамены да лепшага.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Як стаць іншапланецянінам?

Смерць — у абдымках

Што станоўчае прынясуць гульні ў Мінску?

Раўненне — на Быкава!

Добавить комментарий