Курсы валют

Доллар США
2.0511
Евро
Российский рубль

Погода

9..11 °C

Пункт гледжання

Патыхае пракіслым баршчом

Zakonnikov

Кожны раз, калі ў Беларусі пачынаецца выбарчая мітусня, здаецца, што над гарадамі і вёскамі плыве пах пракіслага баршчу. Паўтараецца абрыдлы фарс. Правіцель і яго нязменны «повар» на пасадзе старшыні ЦВК Л. Ярмошына ў практыку волевыяўлення змен не ўносяць, бо ўпэўнены, што жыхары краіны з’ядуць звыклую «страву».

Нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо дзяржаўны апарат на працягу 25 гадоў не спрыяе развіццю палітычнага жыцця і грамадзянскай актыўнасці людзей, а мэтанакіравана рознымі спосабамі іх падаўляе. Пасля чарговага цынічнага здзеку над выбарамі ўзнімаецца даволі прыкметная хваля народнага абурэння і пратэсту, але хутка аціхае пад жорсткімі міліцэйскімі дубінкамі, кулакамі і абцасамі, драконаўскімі штрафамі, за турэмнымі кратамі.

Безумоўна, калі б большасць грамадзян мела свядомасць, палітычную культуру і волю, то грубая сіла не ўзяла б над імі верх. На жаль, у народнай масе колькасць неабыякавых і актыўных асобаў, якія даюць адпор любому ўладнаму гвалту, не надта вялікая. А тых, якія не асмельваліся выйсці на плошчу, але, даведзеныя дэманстратыўным нахабствам чыноўнікаў да рашучасці, усё ж зрабілі мужны крок, рэжым адразу атакуе і запалохвае.

У снежні 2010 года пасля садысцкага падаўлення масавых пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, калі былі арыштаваны ўсе апазіцыйныя прэтэндэнты на высокую пасаду, чаго ніколі не было ў сусветнай палітычнай практыцы, Л. Ярмошына заявіла: «Этим «жанчынам» делать нечего! Сидели бы дома, борщ варили. А не по площадям шастали. Мне в голову это не придет. Это позор для женщины — участвовать в подобных мероприятиях. Я еще понимаю, когда она девица дурная, молодая, а когда женщина в возрасте идет, значит, у нее что-то с интеллектом не в порядке».

Але жыццё абвяргае яе высновы. Пасля нядаўняга абвяшчэння тэрмінаў парламенцкіх выбараў знайшлася разумная студэнтка, якая публічна сказала: «Президент досрочно прекращает полномочия Палаты представителей, не имея на это предусмотренных Конституцией оснований».

Сама чыноўніца ўпэўнена ва ўласным інтэлекце, у тым, што па праву займае месца «повара» на «выбарчай кухні». Але яе кулінарныя прыдумкі даспадобы толькі ўзурпатару ўлады і яго бліжэйшым служкам. Хлусню і фальсіфікацыі не ўхваляюць нават шараговыя прыхільнікі рэжыму.

Тым не менш нахабства ахоўнікаў аўтарытарнай сістэмы пачало зашкальваць. Л. Ярмошына выказала сваё бачанне выбарчай працэдуры: «Выборы — не панацея. Все зависит от персоны, от личных качеств человека, которого избрали президентом. А не от того, насколько это демократически сделано. /…/ Выборы — всего лишь инструмент назначения на власть».

Сапраўды, калі адкінуць дэмагогію, якой чыноўнікі і прапаганда кормяць насельніцтва, то выяўляецца, што фактычна прэзідэнцкія і парламенцкія выбары праводзяцца толькі дзеля апраўдання захавання ўлады адным чалавекам. Узнікае пытанне: а навошта гэты «инструмент назначения», недэмакратычныя, макіяжныя выбары народу — галоўнаму носьбіту дэмакратыі?

Улада ў паўсядзённым жыцці не раіцца з грамадзянамі, што выявілася на прыкладах будаўніцтва Астравецкай АЭС, іншых небяспечных вытворчых аб’ектаў, разбазарвання народнай маёмасці і зямельных участкаў. Яна адгарадзілася ад людзей не толькі высокімі платамі шыкоўных катэджаў, іншай нерухомасцю дома і за мяжой, грашовымі рахункамі, але і нахабным невыкананнем законаў, якія сама прымае. Для чаго тады выбарчая гульня?

Расійскі прадпрымальнік і палітык М. Хадаркоўскі праўдзіва абмаляваў сітуацыю ў Расіі і ў Беларусі: «Сегодняшнее состояние режима не дает возможности отстаивать свои политические интересы в рамках законных процедур. Смена власти на выборах исключена, независимые суды отсутствуют. Режим действует за пределами права, принимая неправовые законы и действуя за пределами даже этих законов. /…/

Неправовые действия силовых структур — составная часть такого противостояния, причина которого — неправовые законы и отказ режима от законных форм сменяемости».

Тады навошта ў магільнай, безнадзейнай сітуацыі мы, грамадзяне, марнуем на выбарчую касметыку ўласныя грошы, узятыя падаткамі ў бюджэт? Дзеля чаго трэба без толку хадзіць на выбарчыя ўчасткі і галасаваць? Думаю, што лепей выкарыстаць сродкі на закупку якаснага медыцынскага абсталявання, якога не хапае ў паліклініках і бальніцах краіны. Многія хворыя месяцамі стаяць у чарзе нават на элементарны холтэр для праверкі стану сэрца...

Калі ў нас няма свядомасці, волі і сілаў, каб змяніць аўтарытарную сістэму, то няхай узурпатар улады выкарыстоўвае ўласны «инструмент назначения» — прызначае сваім указам сябе прэзідэнтам. Пра дэпутатаў і сенатараў няма чаго і казаць, у большасці яны і цяпер прызначаюцца правіцелем. Многія праекты законаў рыхтуюцца ў адміністрацыі прэзідэнта, што даўно вядома. А выбары — гэта вясёленькая шырма ў «кветачкі» або ў «клетачкі», як каму падабаецца.

Мяне абурае беспрынцыпнае стаўленне да мясцовага выбарчага фарсу прадстаўнікоў палітычнага бамонду Захада. Ведаючы, што сумленнага народнага волевыяўлення ў аўтарытарнай краіне не бывае, яны зноў едуць сюды назіральнікамі. Што чакаюць убачыць? Нічога новага не адбудзецца, бо механізм падтасовак і фальсіфікацый адпрацаваны ў беларускіх выбарчых камісіях, як у цыркавых фокуснікаў, да дасканаласці. Каго зверху вызначылі, таго і выберуць. Ды і ў справаздачах функцыянераў Еўразвяза пасля паездак свежых думак не будзе.

Бясконцыя перамовы «дэмакратызатараў» з узурпатарам улады выніку не даюць. Настойлівыя прапановы міжнародных структур і тым больш мясцовых праваабарончых арганізацый унесці змены ў Выбарчы кодэкс не прымаюцца. А таму ваяжы заходніх палітыкаў у Беларусь толькі ў той ці іншай ступені адбельваюць, легітымізуюць як выбарчы здзек, так і цалкам адыёзны палітычны рэжым.

Імітацыя прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў успрымаецца інертнымі суайчыннікамі і міжнароднай супольнасцю практычна абыякава. Народ не можа ўцяміць таго, што ён не патрэбны ўладзе, яшчэ спадзяецца на яе «міласэрнасць і шчодрасць», чакае цуду. У замежнікаў на першым месцы пастаўка з Беларусі нафтапрадуктаў, калійных і азотных угнаенняў, гандаль (Англія ў гэтым працэсе на трэцім месцы пасля Расіі і Украіны!), а не правы і свабоды чалавека ў чужой краіне.

Я падзяляю меркаванне вядомага расійскага пісьменніка Д. Быкава: «Мне кажется, что имитация таких процессов, как демократия, опаснее отсутствия демократии. Люди начинают слишком хорошо думать о себе и о месте, в котором живут».

Беларускі і расійскі рэжымы паводзяць сябе, як Шахеразада з кнігі «Тысяча і адна ноч». Тая расказвала разгневанаму цару Шахрыяру, якога дапяклі няверныя жонкі, займальныя гісторыі, спыняючыся на самым цікавым месцы да наступнай ночы, каб надалей захаваць сваё жыццё. Цар не даваў каманды забіваць яе, чакаў новых казак.

Мясцовая прапаганда пастаянна закідвае насельніцтва аптымістычнымі, пераможнымі рапартамі. Але казкі не дапамагаюць людзям утрымліваць цяжар абсурднай рэальнасці, якая абрынаецца на іх плечы.

А ў час выбараў у краіне непрыемна і абрыдла патыхае пракіслым баршчом.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Хто ўстае з каленяў?

На арэне — комікі

Глабальная інвентарызацыя

Адважыцца на рызыку

Добавить комментарий