Курсы валют

Доллар США
2.0552
Евро
Российский рубль

Погода

3..5 °C

Пункт гледжання

Небяспечны суб’ект

Zakonnikov

Спецыфічнасць аўтарытарнага рэжыму заключаецца ў тым, што, з аднаго боку, ён не арыентуецца на думку грамадзян і не ўлічвае яе, бо на выбарах любога ўзроўню можа намаляваць патрэбны працэнт галасоў і правесці свае кандыдатуры, а з другога — баіцца пратэстнага настрою насельніцтва.

З таго часу, як на хвалі папулізму ў Беларусі абралі «народнага прэзідэнта», прайшло чвэрць стагоддзя. Даўно знікла эйфарыя і радасць простага люду ад таго, што кіраваць будзе «свой хлопец». Выявілася: не такі ён і свой для вясковых даярак, свінарак, механізатараў, фермераў або гарадскіх рабочых, інжынераў, прадпрымальнікаў, бо хутка прывык да паказухі, невераемнага падхалімства і раскошнага жыцця. Былому дырэктару беднага саўгаса настолькі спадабалася быць «царом», што цяпер яго нават гусенічным цягачом адарваць ад трона немагчыма.

Далей — болей. Высветлілася, што для ўзурпатара ўлады стаў непатрэбным і нават небяспечным суб’ектам якраз той народ, які яго некалі выбраў і на якім рэальна грунтуецца краіна.

Расійскі філосаф А. Якаўлеў саркастычна піша: «Власть самодостаточна, она существует сама для себя и ни в чем не нуждается: ни в честных выборах, ни в представительном парламенте, ни в свободе, о которой мечтают дожившие до новых времен либералы. Даже люди ей, по-видимому, не нужны, выгоды от них мало, а хлопот не оберешься.

Уже больше двух столетий студенты философских факультетов всего мира мучаются, пытаясь понять, что такое вещь-в-себе (по Иммануилу Канту). И вот одним из последних достижений нашей «системы» стало создание — на радость учебному процессу — ясной и отчетливой модели, к которой даже можно подойти и на нее посмотреть, хотя делать это категорически не рекомендуется. Перед нами предстала «во всей красе власть-в-себе».

Аналіз сітуацыі эксперт скончыў высновай: «Власть существует для самой себя, от нас, смертных, никак не зависит, а потому практически неподсудна».

У Беларусі таксама даўно няма дыялогу паміж уладай і народам. Парадныя выезды правіцеля ў вытворчыя калектывы, якія абстаўлены папярэдняй «падчысткай» тэрыторыі, а затым шматлікімі целаахоўнікамі, снайперамі на дахах і загадзя сфармуляванымі пытаннямі з вуснаў «падрыхтаванага люду» ў новенькіх спяцоўках, у разлік прымаць нельга. Гэта не вывучэнне народнага жыцця, а фікцыя для тэлека, каб замбіраваць электарат. Але апошнім часам заўважаецца, што нават на падрыхтаваных сустрэчах абліччы ў людзей сталі насцярожанымі і пахмурнымі.

Стварэнню малюнка клопатаў пра насельніцтва служаць прыёмы грамадзян вышэйшымі чыноўнікамі і дэпутатамі, ды, як сведчаць народныя шукальнікі праўды, яны мала чаго даюць. Больш дакладна ўладу характарызуе выпадак з пенсіянеркай з Бабруйска В. Каваленка, якая спрабавала трапіць на прыём у адміністрацыю прэзідэнта, а атрымала штраф 510 рублёў.

Нягледзячы на тое, што насельніцтва застаецца аморфным, слаба адукаваным у юрыдычным плане, неактыўным сацыяльна і палітычна, рэжым адчувае з яго боку патэнцыяльную пагрозу. Невядома чаго можна чакаць ад людзей, над якімі ён здзекуецца, якія даведзены да злосці і нянавісці.

Свядомыя беларусы разумеюць, што, змірыўшыся з аўтарытарызмам, мы ўзялі на душу вялікі грэх. Рэжым не дае магчымасці ратаваць нацыю, а сам разбурае да канца тое, што засталося ў спадчыну ад продкаў.

Прагрэсу няма не толькі ў стаўленні да роднай мовы, культуры, традыцый. Краіна ў цэлым не набывае ўстойлівасці, а спаўзае ў бок дэградацыі. Каб пераканацца, трэба без прапагандысцкіх акуляраў уважліва паглядзець, што адбываецца з прадпрымальніцтвам, адукацыяй, медыцынай, з дзейнасцю міліцыі, следчых камітэтаў, судоў і пракуратуры.

Ці можа мець поспех краіна, дзе паміж уладай і народам няма ні разумення, ні зладжанасці ў дзеяннях, ні ўзаемнай падтрымкі? Ніколі! Сітуацыя, якую стварыў і закансерваваў узурпатар улады, прывяла грамадства ў тупік.

На парламенцкіх выбарах ад вялікага спалоху перад смелымі, разумнымі людзьмі чыноўнікі парушаюць самімі ж прынятыя законы. Па надуманых прычынах не дапушчаны да ўдзелу ў выбарчым спаборніцтве прадстаўнікі апазіцыі. Таленавітай журналістцы І. Халіп цынічна адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, а пасля — як даверанай асобе — у выступленні на дзяржаўным радыё.

Паводзіны рэжыму нагадваюць агонію, ён абавязкова рухне. Шкада, што заходнія і асабліва еўрапейскія палітыкі гэтага не заўважаюць, бо падтрымліваюць не народ, які ў неймаверна цяжкіх умовах змагаецца за дэмакратыю, за правы і свабоды, а рознымі спосабамі падпіраюць трон А. Лукашэнкі.

Цяжка прадказаць дакладны сцэнар трансфармацыі аўтарытарнай сістэмы, але надыход перамен я адчуваю кожнай крывінкай. Наша задача — быць гатовымі да асабістага ўдзелу ў абнаўленні ўлады. Галоўнае — не ствараць куміраў, бо, як падкрэсліў расійскі музыкант Б. Грабеншчыкоў: «Власть — это тот же класс, такой как дворники, сантехники».

Калі пасля краху рэакцыйнай сістэмы мы зноў не выявім самастойнасці, адказнасці за сябе і краіну, станем спадзявацца на «цара», будзем боўтацца ў нацыянальнай і палітычнай няпэўнасці, то тады на нашай долі можна ставіць крыж.

Разумею, што аўтарытарызм выгадаваў пласт прыўладных «шчасліўцаў» — халуёў і лісліўцаў, якія ўсведамляюць, што жывуць у затхлай атмасферы прапагандысцкай хлусні, выбарчых фальсіфікацый, маральных і сілавых рэпрэсій, але радуюцца ўласным поспехам і багаццю, не зважаючы на астатніх. Ім праблемы стварэння грамадзянскай супольнасці і ўмацавання нацыі «да лямпачкі». Але такіх — тысячы, а нас, хто перажывае за беларускую будучыню, — мільёны.

Асаблівая мая надзея на моладзь. Як бы яна ні была раскідана па поглядах і прыхільнасцях, як бы ні душылася ідэалагічным прэсам аўтарытарызму, але ў яе стаўленні да жыцця прагрэс бачны. Многія палітычныя, сацыяльныя, экалагічныя і духоўныя праблемы юнакі і дзяўчаты ўспрымаюць больш адэкватна, чым старэйшыя пакаленні. Гэта зразумела, бо ім і іхнім дзецям давядзецца жыць далей, у новых, часта складаных і некамфортных умовах.

У эпілогу антысталінскай паэмы «Цівалі» роўна 25 гадоў назад я напісаў:

Па цаліку праз белыя палі
Мкне вершнік,
 не шкадуючы каня.
І чуцен голас: «Збудзішся калі,
Народзе мой — крывіцкая радня?»

Зноў каркаюць над краем крумкачы —
Прыйшла пара сумленна даць адказ.
Ад гэтага нікому не ўцячы,
Глядзяць нашчадкі з вечнасці на нас.

Малюся на руку я,
што ўзняла
Навечна бел-чырвона-белы сцяг.
Над ім,
 святым,
 развеецца імгла,
Пачатак быў,
 не спыніцца працяг.

Слязу,
што выбягае на шчаку,
Асушаць промні сонечнага дня...
Праз нашы душы,
 як па цаліку,
Мкне вершнік,
не шкадуючы каня.

Мой неадольны аптымізм падмацоўваецца словамі таленавітага расійскага музыказнаўцы А. Троіцкага, які сказаў жонцы-беларусцы: «Вера, што будзе з Расіяй, я не маю ўяўлення і вельмі можа быць, што нічога добрага не будзе, а вось твая родная краіна Беларусь рана ці позна будзе ў поўным парадку. Так што захавай сваё першапачатковае грамадзянства».

Перамога жыхароў Беларусі над аўтарытарызмам, пазбаўленне ад шкодных звычак, комплексаў і страхаў, пераход да свабоднага, дэмакратычнага жыцця стануць адзнакай і сведчаннем нараджэння сапраўднай нацыі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Пагарэлы тэатр

Тупое запалохванне

Гульня ў «жмуркі»

Кадравая цвіль

Добавить комментарий