Курсы валют

Доллар США
2.1228
Евро
Российский рубль

Погода

-1..1 °C

Пункт гледжання

Проста перабежчыкі

Zakonnikov

У чалавечай супольнасці, дзе пастаянна ідзе паядынак паміж дабром і злом, ёсць розныя індывіды: ад праведнікаў да закончаных мярзотнікаў і забойцаў. Асаблівае месца займаюць перабежчыкі, якія проста і лёгка мяняюць перакананні.

Перабежчыкі паводле ідэйных і палітычных матываў ёсць унутраныя і знешнія. Спачатку глянем на першых. Мушу папярэдне зазначыць, што я не хачу нагнятаць ніякай канфрантацыі, а таму не стану называць прозвішчаў. Мае роздумы заўжды скіраваны на яднанне ў грамадстве ўсіх людскіх пластоў — сацыяльных, палітычных і рэлігійных — на глебе здаровага сэнсу і імкнення да лепшага жыцця. Дастаткова таго, што асобы, якіх згадаю, магчыма, прачытаюць артыкул, задумаюцца над тым, што яны нарабілі, нарэшце пакаюцца, не будуць цынічна прэтэндаваць на месца высокамаральных «спавядальнікаў».

Для мяне няма загадкі, чаму людзі, якія маюць вышэйшую адукацыю і параўнаўча развіты інтэлект, могуць мірыцца з цемрашальствам і пачынаюць яму служыць. Віною — тры маральныя хваробы: пыхлівасць, сквапнасць і прыстасавальніцтва.

Калі малаадукаваны чалавек, як муха-бедалага, несвядома заблытаўся ў палітычнай павуціне, то яго можна прабачыць. Такія людзі заўсёды былі і, не сумняваюся, ніколі не звядуцца. Але ёсць яшчэ дасведчаныя дзеячы, якія ў час распаду СССР на хвалі эйфарыі спавядалі свабоду і дэмакратыю, а затым меркантыльна, з разлікам на ўласныя «бліскучыя перспектывы» зрабілі стаўку на А. Лукашэнку. Яны пайшлі на гэта, хоць у кагорце прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла былі асобы больш годныя вопытам, прафесіяналізмам, мараллю.

Няўжо «маладыя ваўкі» не разумелі, што «няякаснае насенне» не дасць добрага ўраджаю? Ведалі, але ўпарта вялі саўгаснага дырэктара да вышэйшай прыступкі ўлады.

Тады я дыскутаваў з прыхільнікамі А. Лукашэнкі, даводзіў ім, што для станаўлення незалежнай краіны і нацыі толку з яго праўлення не будзе. Запомніліся гаворкі з яго падручным у выбарчым штабе, адукаваным, здольным чалавекам, але маніякальна зацыкленым на ідэі «народнага прэзідэнта». У архіве захоўваецца аркуш паперы, на якім ён зімой 1994 года маляваў дыяграму і падлічваў магчымасці кожнага прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ў працэнтах. Дарэчы, лічбы аказаліся даволі дакладнымі. Але за прагматычнымі разлікамі, якія ва ўмовах папулізму спраўдзіліся (у першым туры найбольш галасоў было на радзіме кандыдата ў Шклоўскім раёне (85%) і ў Лёзненскім (81,8%), дзе нібыта на яго быў зроблены замах), стаяла стратэгічная памылка «маладых ваўкоў». Яны не заглядалі наперад.

Пераход палітычна неразвітага грамадства ад «савецкага сацыялізму» да дэмакратыі і рынкавай сістэмы трэба было ажыццяўляць пад кіраўніцтвам чалавека падрыхтаванага, з шырэйшым кругаглядам, які разумеў бы важнасць не толькі праблем эканомікі, прасцей кажучы, «кавалка хлеба», але і арганізацыі асветы насельніцтва, стварэння грамадскіх інстытутаў, развіцця палітычнага жыцця, рашэння надзённых задач умацавання нацыі.

Замест выканання праграмы трансфармацыі грамадства, новы кіраўнік намёртва ўхапіўся за высокае крэсла, а каманда дапамагала яму захапіць абсалютную ўладу. Рэальныя палітычныя канкурэнты таямніча выкрадаліся і знікалі, а пасля праз следчыя ізалятары і турмы давялося прайсці і многім «маладым ваўкам».

Распіярваючы вобраз «народнага прэзідэнта», ад якога ўсё залежыць, які «корміць і поіць», яго падручныя звялі на нішто душэўны парыў, энергію, смеласць, ініцыятыўнасць і самастойнасць, якія выяўлялі людзі ў канцы 80-х і напачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя. У новы век жыхары Беларусі ўвайшлі скутымі па руках і нагах аўтарытарызмам.

У краіне вырас значны пласт нахабных і цынічных прыстасаванцаў, а сярод прыстойных людзей пануюць стомленасць, абыякавасць, адчай і нявер’е, што можна нешта змяніць. Гэтая акалічнасць — самая разбуральная для нацыі, яна таксама на сумленні «маладых ваўкоў». Яны не спрыялі падцягванню няспелага грамадства да ведаў і праўды, што трэба было рабіць неадкладна, а наадварот заблытвалі і падманвалі яго.

Калі «эффективный менеджер» пачаў выбракоўваць халуёў, як бычкоў на жывёлагадоўчай ферме, яны кінуліся ў апазіцыю, бо пры іх увішнасці можна і тут няблага ўладкавацца. Гэтыя асобы цяпер займаюцца палітыкай, якая не мае выніку, ездзяць у замежжа на канферэнцыі і семінары, выпускаюць самаўсхваляльныя мемуары, павучаюць іншых.

Перабежчыкі нарабілі шмат шкоды. Калі б яны прызналі памылкі, публічна пакаяліся, што самі стварылі аўтарытарызм, які сёння выматвае з народа апошнія сілы, то іх можна было б прабачыць. З кім не бывае: морак у галаву зайшоў. Дык не! «Настаўнікі» ўслед за сваім былым кумірам ва ўсіх бедах вінавацяць… недаразвіты «народец».

Яшчэ больш агіднымі выглядаюць журналісты, якія бегаюць з аднаго лагера ў другі. Не паспеюць чытачы забыцца, як аўтар аблізваў «нашего президента», а той ужо развярнуўся на 180 градусаў і развенчвае яго, выступае «змагаром за дэмакратыю». Пасля ўлада кідае костку, і адразу — чарговая перабежка і натхнёныя панегірыкі правіцелю.

Трэба згадаць і кантынгент супрацоўнікаў аналітычных цэнтраў — ідэалагічны плацдарм аўтарытарызму. Яны паклёпнічалі, аблівалі брудам вядомых людзей, найперш пісьменнікаў, якія стаяць на дэмакратычных пазіцыях. Пасля, калі заядлым «цэрберам» нешта недадалі або з-за ўзросту спіхнулі на пенсію, яны з такім жа імпэтам пачалі кляйміць уладу, якой служылі. Але і ад іх няма прабачэння за хлусню і паклёпы.

Знешнія перабежчыкі дзеляцца на два віды. Першы — гэта палітычныя дзеячы замежных краін, якія скінуты з пасады за злачынствы. Да другога віду належыць стракатая армія жулікаў, карупцыянераў, якія хаваюцца ад правасуддзя, пераседжваюць небяспечны час. Нездарма нашу краіну абразліва называюць «адстойнікам».

У Беларусі і Расіі, па віне ў тым ліку і перабежчыкаў, не стала легетымных прэзідэнтаў, парламентаў, незалежных судоў, непадкантрольных СМІ. Няма разумнай унутранай і знешняй палітыкі.

А што маецца? З боку аўтарытарных правіцеляў ёсць шантаж, лавіраванне сярод абставін, лакальных і маштабных падзей, жорсткае ўтаймоўванне сацыяльных і палітычных народных пратэстаў.

Каменціруючы ход парламенцкіх выбараў, А. Лукашэнка зноў падзяліў народ на «нашых», якія прыслужваюць яму, і «нянашых», хто не прымае аўтарытарызм. Агіду выклікаў «царскі» клопат узурпатара пра членаў выбарчых камісій, якія ў 2020 годзе будуць забяспечваць яго «перамогу». Усе яны — гэта проста тэхнічная служба для падліку галасоў. Працуйце сумленна, тады вам ніякія псіхолагі і ўзмоцненая ахова не спатрэбяцца!

А пакуль справа ідзе да таго, што аўтарытарызм з усімі гэтымі «членамі» хутка будзе змецены, як пыл з мэблі.

У інтэрв’ю тэлеканалу RTVI расійская актрыса Л. Ахеджакава сказала пра пракурораў і суддзяў: «Вот как они будут перелицовываться /…/, как они все станут в струю и прям попадут, куда надо? Снимут одни ордена, наденут другие. Одни погоны поменяют на другие. Вот как это будет?» Журналіст Ц. Дзядко ўсміхнуўся: «Я думаю, что это будет стремительно и ярко»…

Чалавечае быццё мяняецца і, на жаль, не заўсёды ў лепшы бок. Мяне дзівіць толькі адно: чаму людзі не вучацца ні на чужых, ні нават на сваіх памылках?

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Драздоўскае папуры

Каму служыце?

Небяспечны суб’ект

Пагарэлы тэатр

Добавить комментарий