Курсы валют

Доллар США
2.43
Евро
Российский рубль

Погода

18..20 °C

Пункт гледжання

Экзамен на стойкасць

Zakonnikov

Новы год я нездарма пачынаю роздумам на тэму шматпакутных Курапатаў. Разбуральныя захады, якія ўлада з цынічнай упартасцю ўжывае ў стаўленні да жалобнага мемарыялу, узведзенага народам на месцы масавых расстрэлаў, змушаюць звярнуцца да грамадзянскага і чалавечага сумлення суайчыннікаў.

Па ўсім відаць, што 2020 год для ўсіх жыхароў Беларусі стане перыядам выпрабаванняў на стойкасць. Гэта найперш тычыцца захавання незалежнасці краіны, прытым яе абароны не толькі ад агрэсіўных замахаў з боку імперскай Расіі, але і ад уласных кіруючых пустадомкаў і прадажнікаў. Вялікую трывогу выклікае растурзаны, хісткі стан эканомікі, адукацыі, медыцыны.

У кіруючага клана і яго прыхлябацеляў у розных сферах жыццядзейнасці, нягледзячы на эканамічныя няўвязкі з Расіяй, на змяншэнне матэрыяльнай і грашовай халявы, у новым годзе нічога не памяняецца, а калі і зрушыцца, то толькі ў лепшы бок, пра што сведчаць рэальныя лічбы і працэнты. Так было на працягу 25 гадоў і застаецца надалей.

А звычайным людзям, менавіта на якіх грунтуецца жыццё краіны, давядзецца «зацягваць папругі». Іх дабрабыт прыкметна мізарнее з-за росту коштаў паслуг, прадуктаў, лекаў і тавараў.

Тым не менш, самым надзённым і адказным экзаменам на нашую стойкасць лічу праблему абароны народнага мемарыялу ў Курапатах, якая, на маю думку, павінна стаяць побач з клопатамі пра лусту хлеба.

Раз за разам незалежныя СМІ прыносяць непрыемныя навіны, якія тым або іншым чынам, але зноў закранаюць жалобнае месца. Каля яго ў ахоўнай зоне не толькі пабудавалі рэстаран, але і плануюць узвесці выставачны цэнтр. Цяпер намерыліся яшчэ цягнуць высакавольтны кабель. Атака на народны мемарыял пайшла і ў СМІ. Неасталіністы аспрэчваюць нават тое, што даўно выяўлена, зафіксавана, аформлена дзяржаўнымі юрыдычнымі дакументамі. Калі казаць без усялякіх змякчэнняў і рэверансаў, то чыноўнікамі вядзецца палітыка па знішчэнні Курапатаў фізічна і выгнання іх з памяці нацыі.

Ва ўсім свеце месцы, дзе загінулі невінаватыя людзі ў выніку палітычных рэпрэсій або тэрору, ахоўваюцца дзяржавай, шануюцца насельніцтвам. Мне давялося бачыць гэта ў Германіі, Францыі, Польшчы, Венгрыі, Літве, Латвіі. Усюды ствараюцца музеі, інстытуты нацыянальнай памяці, што спрыяе разуменню трагічнага, але праўдзівага мінулага моладдзю.

Толькі кіраўнікі аўтарытарных рэжымаў спрабуюць такія аб’екты завуаляваць, сціснуць да нязначнага памятнага знаку або зусім сцерці з твару зямлі. У Расіі і ў Беларусі апошнім часам ідзе актыўнае «адбельванне» дыктатара Сталіна. З яго робяць «успешного менеджера», якому ў заслугу ставяць разгром палітычнай апазіцыі, калектывізацыю, індустрыялізацыю, перамогу ў вайне, стварэнне атамнай зброі. Але аўтакраты і прапагандысты ніколі не ўспамінаюць, якімі намаганнямі і якой жудаснай, крывавай цаной усё было дасягнута. Загінулі многія дзясяткі мільёнаў людзей!

Сталінскі тэрор закрануў амаль кожную беларускую сям’ю. Таму і для нас актуальныя словы вядомага расійскага адваката Г. Рэзніка, які 29 кастрычніка 2019 года ў час акцыі «Возвращение имен» каля Бутаўскага каменя ў Маскве прачытаў прозвішчы ахвяраў і ад сябе ўзрушана прамовіў: «Вечная память расстрелянным и вечное наше проклятие палачам».

Злавесная праўда пра савецкае мінулае, пра злачынствы Сталіна сённяшнім узурпатарам улады, якія бяруць з яго прыклад, не ў нос. Яны не прызнаюць, што СССР быў таталітарнай тэрарыстычнай дзяржавай, што крамлёўскія агенты не толькі распаўсюджвалі савецкія ідэі па ўсім свеце, але і забівалі палітычных праціўнікаў.

Мяне дзівіць паблажлівасць Еўропы да таго, што адбываецца ў Расіі і ў Беларусі. Замест таго, каб старацца прымусіць двух аўтакратаў правесці сумленныя, адкрытыя выбары, захоўваць правы і свабоды чалавека, вакол іх завіхаюцца з запрашэннямі «гасцінныя» палітыкі, ідзе валтузня палітолагаў, журналістаў і наогул невядома якога прыблуднага люду. Але ніякі «венскі баль» не зможа прыкрыць мярзоту аўтарытарызму!

Сумленныя людзі, нават тыя, хто жыве ў іншым часе, усё роўна адчуваюць уласную маральную віну і нязводную адказнасць за зло, раней учыненае іх суайчыннікамі. 31 год я маю кантакты з германскай місіяй «Пакаянне», сустракаюся з інжынерамі, рабочымі, айцішнікамі, урачамі, пілотамі, настаўнікамі, выкладчыкамі, архітэктарамі, мастакамі, юрыстамі, студэнтамі, якія прыязджаюць у Беларусь, каб шчырым сяброўствам, душэўнай спагадаю, канкрэтнай матэрыяльнай дапамогай замаліць грахі нямецкай нацыі, якая дапусціла крывавыя злачынствы фашызму. Яны наведваюць трагічныя жалобныя мемарыялы «Хатынь», «Трасцянец», «Яма», анкалагічныя бальніцы, хоспісы, дзіцячыя дамы, проста сем’і звычайных беларусаў. Мне прыемна выступаць перад імі, адказваць на пытанні, якія сведчаць пра жывы, непаказны інтарэс да беларускай гісторыі і рэчаіснасці.

Мяне самога праз усё свядомае жыццё таксама не пакідае адчуванне ўласнай адказнасці за любое зло, якое здзейснена на роднай зямлі. У паэме «Чорная быль» (1988) ёсць такія радкі:

Жыццё пакутамі аплоціш,
Яму не трэба ні граша…
Як птушка, б’ецца ў клетцы плоці,
Баліць, шчыміць мая душа.

За ўсё павінна быць расплата,
З зямлі сваёй куды ўзляціш?
І мусіш, хоць невінаваты,
Чужых злачынстваў несці крыж.

Я вінаваты, вінаваты,
Бо гвалт і здзек не змог спыніць.
Той кожны стрэл у Курапатах
Адчаем у грудзях звініць.

Я вінаваты, бо калеюць
Людскія сэрцы — сівер дзьме
Адтуль, дзе костачкі бялеюць
На Салаўках і Калыме.

Я вінаваты, бо наўкола
Упадак духу так відаць,
Што продкі гнеўныя свой голас
З магілаў змушаны падаць:

«А тым, хто мову, род адрынуў,
Як подлы раб сагнуўся ў крук,
Настаў свой меч паміж рабрынаў,
Цаляй туды, дзе сэрца стук».

Я вінаваты, бо атрутай
Засыпала маю зямлю,
А я, адданасцю прыкуты,
Яшчэ мацней яе люблю.

Толькі неўміручае пачуццё любові да Беларусі, да сваёй вялікай радні можа дапамагчы нам выстаяць і пабудаваць лепшае жыццё.

А пачынаць трэба з канкрэтнай справы — давайце народнай сям’ёй абаронім мемарыял «Курапаты». Трэба захаваць яго тэрыторыю ў пазначаным гістарычнымі дакументамі, першапачатковым выглядзе — з маршрутамі «Дарогі смерці» праз поле, са слядамі варотаў, будынкаў аховы, агароджаў, вышак, з усімі іншымі матэрыяльнымі аб’ектамі. Нічога не павінна прапасці. Наглядны прыклад таго, як ствараецца і ўтрымліваецца народны мемарыял, ёсць у суседняй Літве, яго варта пераняць.

Прыйдзе час, і вольная Беларусь адкрые поўную праўду пра палітычны тэрор савецкага таталітарызму і годна ўшануе памяць бязвінных ахвяраў.

Усё таемнае рана ці позна, але становіцца яўным. Гэта чакае і «сакрэты» тутэйшага аўтарытарнага рэжыму. «Праўда вяртаецца аж з таго свету» — так пісаў я ў антысталінскай паэме «Цівалі»...

Няхай правіцель і чыноўнікі займаюцца архітэктурнай і ландшафтнай безгустоўнасцю, пошлай эклектыкай у сваіх маёнтках, пампезных палацах, рэзідэнцыях, катэджах, але не на магілах расстраляных людзей. Тут не месца для хлусні, падтасовак і хітрых марафетных бар’ераў. Рукі прэч ад Курапатаў!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Вечны пароль

Жульніцкая дзяльба

Шабас хамелеонаў

Не бойся!

Добавить комментарий