ВАРОЖЫ ТУМАН PDF Печать E-mail
29.11.2011 11:35

Zakonnikov-columnНеяк разгаварыўся з добрым сябрам пра землякоў-вяскоўцаў. Мы згадалі, што простыя людзі часта маюць паэтычнае ўспрыманне свету. Цяплее на душы, калі яны расказваюць пра расу, якая гулка падае на лісце ляшчыны ў ранішнім лесе, пра незвычайна прыгожы туман, які сцелецца ў лагчыне…

Асабіста ў мяне таксама ёсць светлыя ўспаміны пра мясціны, звязаныя з цудоўнымі з’явамі прыроды. Гэта лясныя паляны, прыазёрныя паплавы Вушаччыны, коласаўская Альбуць, дзе да маштабнага асушэння балацявін ля вытоку Нёманца звінелі сотні крыніц з непаўторнымі галасамі, блукаў над роснымі світальнымі або вечаровымі травамі сівавата-сіні туман, гэта спавітыя колерам галубінага крыла маляўнічыя даліны Карпат, Альпаў.

Але гаворка пойдзе пра іншы туман — не прыродны, а той, які нагнятаецца з трыбун нахабнымі, прагнымі да ўлады і грошай, хлуслівымі аўтакратамі, праз афіцыйныя СМІ — прапагандыстамі. Для недасведчаных, даверлівых людзей, якія прывыклі з расчыненым ротам слухаць начальнікаў, — гэта надзвычай варожая, знішчальная аблуда.

З усталяваннем аўтарытарызму краіна патанула ў віры падману, чутак, плётак. Любыя звесткі, якія патрэбны людзям, сталі вялікай таямніцай, чаго не было раней. Чыноўнікі не даюць адказу на прамыя пытанні грамадзян, незалежных журналістаў, не тлумачаць тое ці іншае спрэчнае рашэнне ўлады, круцяцца, як смаўжы на гарачай патэльні. Яны толькі мыкаюць, пыкаюць, або, як папугаі, паўтараюць адно: «Без комментариев!». Гэтае «без», якое вымаўляецца, як «бес», сапраўды выклікае адчуванне, што ўладныя кабінеты акупіравалі… чэрці.

Яшчэ ў 1998 годзе прыйшлі ў душу радкі:

Над Айчынаю туман клубіцца,

І не відна ўжо ні той крыніцы

І ні тога дуба зелянога…

За туманам не відаць нічога…

Гэты туман не развейваецца, з-за яго беларусы не бачаць ні рэчаіснасці, ні будучыні. Прытым стварэннем прапагандысцкай лухты займаюцца кончаныя цынікі, прахіндзеі, тыповыя «перакаці-поле», якія дураць галовы людзям за вялікія «бабкі», якім кар’ера важней, чым родная маці. А затым аўтакраты спісваюць іх ва ўтыль, або яны рэціруюцца з краіны самі. Так бясслаўна знік у тумане сваёй балбатні «тэлецыцэрон» з камічнымі, бялёсымі вусікамі, над разважаннямі якога пацяшалася разумная частка грамадства. Тым не менш, прыходзяць новыя «аглядальнікі» і «каментатары», якія могуць зблытаць індзейцаў з індыйцамі, не ведаюць, дзе ставіцца ў слове націск, але старанна, як паляўнічыя ганчакі, шукаюць «унутраных і знешніх ворагаў», цяўкаюць злосна і гучна.

Правячая вярхушка наймае для піяру яшчэ і зграі розных міжнародных басцяйлаў, нібыта ёй мала тутэйшых хлусаў. Словам, армія «туманістаў» — вялікая.

Туман накрывае не толькі ідэалагічны, але і матэрыяльны бок жыцця. Ад грамадзян хаваюць вынікі перамоў у галіне эканомікі на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, у тым ліку з Расіяй, нічога канкрэтнага не ведаюць яны пра дамовы з Кітаем, з арабскімі і лацінаамерыканскімі краінамі, пра продаж зброі, зямельных участкаў, народнай маёмасці іншаземцам.

Але што казаць пра дамоўленасці з рознымі дзяржавамі, калі фарміраванне ўнутранага жыцця схавана ў тумане! У нармальных краінах грамадзянін фарміруе, разлічвае і расходуе сямейны бюджэт без зрываў. Ён ведае, як складаюцца цэны на прадукты, тавары і любы від паслуг. Тут нічога не хаваецца, усе звесткі, лічбы публікуюцца, іх можна пераправерыць. Нават у цяжкі час захоўваюцца разумныя суадносіны паміж велічынёй зарплат, заробкаў, пенсій і коштамі.

У нас жа адносіны да людзей зневажальныя — ні ў чым не знойдзеш канцоў. Асабліва любяць напускаць туману камунальшчыкі. Чыноўнікі папракаюць народ, кажуць, што мы мала плацім за халодную і гарачую ваду, за ацяпленне, за газ, за праезд у грамадскім транспарце і г.д. Але як жа ўсе «бедныя» службы абслугоўвання насельніцтва пабудавалі сабе шыкоўныя гмахі, сядзяць у «пазалочаных» кабінетах? З якіх шышоў яны маюць добрыя зарплаты і прэміяльныя? Адказы на гэтыя два пытанні магчыма задаволяць яшчэ адну цікаўнасць народа — чаму чыноўнікі не хочуць паказаць праўдзівы працэс фарміравання цэн, тарыфаў?

Без дапамогі эканамістаў два гарадскія дзяды-філосафы ў трамваі далі дакладную ацэнку падзей: «Цэны адпушчаны, станок друкавання грошай-паперак запушчаны, вось вам і ўся праўда!»

Ёсць яшчэ важная праблема — са з’яўленнем «новых беларусаў» па ўсёй краіне пачалося разбурэнне старога жыллёвага фонду. Скажам, дом № 29 па сталічнай вуліцы Пуліхава падвяргаецца іх атацы другое дзесяцігоддзе. Фантазіі гламуршчыкаў не маюць мяжы, пасярод кватэры могуць пабудаваць нават… басейн. Перапланіроўка, знос сцен адбываюцца такія, што верхнія кватэры апускаюцца, дыбіцца падлога, паўсюль ідуць расколіны. Пры завозцы цяжкіх блокаў і іншых будматэрыялаў ламаюцца і без гэтага няякасныя пасажырскія ліфты. Ніякага нагляду з боку домакіраўніцтва за перапланіроўкай кватэр няма. Прытым нуварышы жывуць у доме нядоўга, перапрадаюць жыллё новаму «архітэктару» — і ўсё пачынаецца спачатку! На заявы жыхароў ЖЭС-3 не рэагуе. Людзі прыйшлі скардзіцца мне — пісьменніку…

Думаецца, што Савету міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі варта заняцца гэтымі пытаннямі і навесці належны парадак.

Развеяць чыноўніцкі варожы туман можна толькі згуртаванымі дзеяннямі грамадзян. Патрабаванне мець поўную і дакладную інфармацыю выходзіць за межы палітыкі, якой баіцца рэжым, яно тычыцца звычайнага жыцця. А таму для тых, хто баіцца выходзіць з пратэстамі на плошчы пад дубінкі амапаўцаў, ёсць выйсце — атакаваць чыноўнікаў знізу і да самага верху справядлівымі заявамі, скаргамі, патрабаваннямі. Магутны папяровы вал, які абрынецца на галовы бюракратаў, можа і не палепшыць жыццё ў цэлым, але вырашыць нейкія канкрэтныя праблемы, прымусіць «слуг народа» хоць крыху варушыцца…

Роздум я пачынаў і завяршаю народным паэтычным адчуваннем свету. Душу балюча кранаюць словы, якія сёння гучаць у беларускай глыбінцы: «Сяду, заплачу… І хата мая пасівела, пабялела. Ведама, не палена…»; «У саўхоз хаджу, каменне збіраю, хоць спіна не гнецца…»; «Простаму чалавеку ў нас ёсць тры правы: маўчаць, трываць і памерці…». Першыя радкі належаць адзінокай бабулі з неперспектыўнай вёскi, якой не хапі­ла грошай, каб купіць дроў, другі радок — змарнелай пенсіянерцы, якая да здзеклівай пасылкі на збор камення «паспела» нарадзіць і выгадаваць сем дзяцей, трэці — інваліду, які пасля закрыцця ўчастковай бальніцы абыходзіцца сваімі сродкамі лячэння.

У складаных жыццёвых варунках людзям ужо не да расы і туману, у іхніх вуснах нараджаюцца іншыя метафары, а прасцей кажучы — вырываецца крык душы, трагічная паэзія беларускай рэчаіснасці.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72).

Обновлено 06.12.2011 08:16
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

Hydra 2 web com
hydra 2 web
tor-hydra.com
службы мониторинга серверов