РАДАВАЦЦА ЖЫЦЦЮ PDF Печать E-mail
03.01.2012 12:06

Zakonnikov-columnАдбяры ў чалавека дробныя сямейныя, бытавыя радасці, а тым больш чаканыя перадкалядныя і навагоднія клопаты, прадчуванне светлых хвілін свята, надзею на лепшую будучыню — і яго жыццё адразу стане да адчаю шэрым, сумным. 

 

У завяршальныя дні года кожны з нас не толькі аглядаецца на пражыты час, але і зазірае ў сваю душу: што пануе ў ёй, як яна пачуваецца? Якраз тады і пачынаецца неўразуменне. З трыбун, з экранаў тэлевізараў гучаць бадзёрыя прамовы, пераможныя рапарты, а на душы — пагана. Чаму ж не прыходзіць радасць за дзяржаву, за народ, за сябе самога?

Асабіста я адчуваю, па-першае, вялікую стомленасць ад аўтарытарнай улады, якая затрымалася непрыстойна надоўга, хоча бясконца займаць трон, хоць з самага пачатку не вызначалася ні адукаванасцю, ні культурай, ні якасцю кіравання, а зараз наогул зайшла ў тупік. Мне надакучыла слухаць з вуснаў аднаго і таго ж чалавека адны і тыя ж прымітыўныя палітычныя і эканамічныя пражэкты, «манілаўшчыну», шантаж партнёраў, грозныя запэўніванні, што руль ён нікому не аддасць. Звыклы, настырны пасыл зразумелы — аўтакраты самі не сыходзяць. Але гэта мы добра ведаем і без яго.

Па-другое, я стаміўся ад значнай часткі суайчыннікаў — замбіраваных, невылечных боўдзілаў, якім далёкая і блізкая гісторыя паднесла столькі абражаючых чалавечую годнасць, жахлівых, крывавых урокаў, а яны зноў не шманаюць, прынялі і нават услаўляюць прыгоннае права, рабства.

Разумею, што такі «навагодні настрой», крытыка не спадабаюцца не толькі дзяржапаратчыкам, але і дзеячам, якія спачатку зацікаўлена валаклі наверх аўтакратаў, затым хутка перабеглі ў шэрагі «дэмакратаў», каб беспаспяхова змагацца са сваімі «гадаванцамі», а яшчэ запісным «апазіцыянерам», якія зрабілі палітычную пустапарожнюю балбатню прафесіяй. Яны, відаць, абурацца бескампраміснай ацэнкай, аднак, што ў ёй непраўдзівае?

Давайце глянем у корань сённяшняга жыцця. Аўтарытарная дзяржава нагадвае падмарожаныя, гнілыя мандарыны і апельсіны або крупы, муку і хлоп’е з лічынкамі, якія людзі набываюць за немалыя грошы, нясуць з магазінаў, рынкаў. Дома, пры ўважлівым разглядзе, задаволенасць набытым знікае, прыходзіць расчараванне. Палову купленага або нават усё даводзіцца выкідаць у смецце.

Дарэчы, захаванне вырашчанага збожжа, гародніны, садавіны застаецца для Беларусі сур’ёзнай праблемай, якая не рашаецца дзесяцігоддзямі. Элеватары, склады заражаны шкоднікамі, у многіх непрыстасаваных памяшканнях пануе холад, невыводная цвіль.

Але вернемся да дзяржавы. Знешне яна выглядае нібыта прыстойна — на бойкіх маршрутах стаяць больш-менш дагледжаныя гарады, пасёлкі, уладу прадстаўляюць заможныя, апранутыя ў шыкоўныя гарнітуры, прычасаныя ў цырульнях чыноўнікі, добра экіпіраваны і забяспечаны міліцыянеры, супрацоўнікі спецслужбаў, армейская вярхушка, прыкормлены дэпутаты, суддзі, прыдворныя журналісты. Але што ў іх за душой, якой маралі яны трымаюцца? Насельніцтва слупянее ад нахабства, несправядлівасці, гвалту і махровага бескультур’я, калі гэтая «каралеўская раць» пачынае гаварыць і дзейнічаць.

А на чым трымаецца дзяржава? На пазычаных грашах, на халяўных расійскіх газе і нафце, на прапагандысцкай хлусні, на адным чалавеку, акружаным сілавікамі. Калі адкінуць дэмагогію, то застаецца голая схема: пазычаем, дзелім і спажываем. Давер да такой дзяржавы сыходзіць на нішто.

Дык што рабіць сумленным людзям? Насуперак аўтарытарызму, які хоча ўсіх нас зрабіць нямымі пешкамі, трэба адчуваць сваю чалавечую годнасць і радавацца жыццю. Добрым настроем аптымісты падмацоўваюць найперш фізічнае і духоўнае здароўе.

Трэба радавацца таму, што побач з табою крочыць клапатлівая, ласкавая жонка або такі ж муж, якія ніколі не падвядуць у цяжкую хвіліну.

Трэба радавацца дзецям, якія, нягледзячы на жорсткую бюракратыю, усё ж сумелі прабіцца, авалодаць жаданай прафесіяй, добра працуюць, зарабляюць на нялёгкае пражыццё.

Трэба радавацца ўнукам, якія з малых гадоў маюць характар, волю і становяцца выдатнікамі вучобы.

Можна парадавацца добрай кнізе. У 1517 годзе клопатамі геніяльнага асветніка Ф. Скарыны было надрукавана першае выданне на старажытнай беларускай мове — Біблія. Прайшло паўтысячагоддзя (!!!), але беларусы не засвоілі мову, каб ніколі яе не страціць, не ведаюць сутнасці славутай кнігі, якая — вынік духоўнага вопыту чалавецтва, крыніца мудрасці, маральнай філасофіі. У якім стане мы знаходзімся, паказвае сацыялагічнае апытанне грамадзян ад 18 да 70 гадоў. На пытанне: «Як часта вы чытаеце літаратуру на беларускай мове?» — адказы такія: «Раз у тыдзень» — 3%; «Раз у месяц» — 3,7%; «Раз у год» — 13,3%; «Не чытаю наогул» — 80%. Толькі 13,8% насельніцтва чытае мастацкую літаратуру па-беларуску. Нам трэба рашуча мяняцца і аддаваць доўг роднай мове!

У дачыненні да рэчаіснасці надзённа гучаць словы венгерскага пісьменніка К. Дзёрдзя: «Калі плаваеш у акіяне словаблуддзя, заўсёды радасна ступіць на астравок цвёрдай зямлі. У гады татальнай цэнзуры чытанне істотных кніг заўжды было формай выратавання; яно падвешвала ўсю тую хлусню, якая прабівала сабе дарогу ў дамы і жытло. Адна добрая кніга ў сумцы кампенсавала ўсе тыя клішэ, якія даводзілася трываць. З гімназічных часоў я веру, што пастаяннае абмеркаванне істотных тэкстаў — адзінае, што яшчэ трымае чалавецтва на гэтай зямлі».

Парадуйцеся разам з роднымі свайму святочнаму сталу, калі нават ён будзе сціплым. Паверце, вашую шчырую радасць не зацьмяць пыхлівыя застоллі карупцыянераў, злодзеяў, махляроў, якія ззяюць шампанскім за тысячы долараў і экзатычнымі прысмакамі…

А зараз пра галоўнае. Парадуйцеся, што на планеце нараджаюцца і жывуць людзі, на якіх хочацца быць падобным. Мужны змагар за свабоду, першы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел сказаў: «Праўда і любоў павінны перамагчы хлусню і нянавісць». Нядаўна яго не стала, але прад адыходам выдатны пісьменнік і палітык не забыўся пра пакутнікаў за волю — прыслаў святочнае віншаванне беларускім палітвязням…

На сустрэчах з моладдзю даводзіцца чуць: «Тут становіцца жыць усё больш сумна. Будзем шукаць сваё шчасце ў іншых кутках планеты». Чаму дзяўчат і хлопцаў не могуць затрымаць у родным краі ні «Дажынкі», ні «Славянскія базары», ні канцэрты рускамоўнай папсы, ні феерверкі? Усё гэта — нішто прад нармальным, разумным жыццём у свабоднай краіне, да якога імкнецца моладзь.

Беларускі аўтарытарны хаўрус зацяты ў нянавісці да дэмакратыі і свабоды. Але як бы там ні было — іх толькі 10%, а нас — 90%. Такім чынам, не толькі праўда, але і сіла на нашым баку!

Аўтакраты адчуваюць беспакаранасць толькі таму, што народ рашуча не спыняе хлусню і нахабства. Бачыце, што адбываецца ў Расіі, чуеце, як загаварыў кіруючы тандэм, калі прыпякло? Яны ўжо гатовыя рэфармаваць палітычную сістэму і многае іншае.

Беларусам таксама хопіць быць нацыяй халяўшчыкаў і прыстасаванцаў, спаць у шапку. Трэба не толькі радавацца жыццю, але і самім рабіць яго лепшым.

З Новым годам і Калядамі, дарагія суайчыннікі!

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72).

Обновлено 10.01.2012 12:46
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов