АЛЕНА КАВАЛЕНКА: «МАРУ, КАБ СЯРГЕЙ ХУТЧЭЙ БЫЎ З НАМІ» PDF Печать E-mail
19.03.2012 08:44

Kovalenko 142Алена Каваленка чакае. Моліцца. Верыць у лепшае. Стараецца не плакаць. Муж гэтай спадарыні, палітвязень Сяргей Каваленка, тры месяцы галадае ў турме…

— Алена, скажы, толькі шчыра, паклаўшы руку на сэрца. Каб ведаць наперад усё, што табе давядзецца перажыць, ці пайшла б ты замуж за апазіцыянера?

— Я ўжо казала: гэта быў лёс. Але выходзіла замуж я за простага, самага звычайнага хлопца. У яго тады не было яшчэ такіх выразна акрэсленых поглядаў. Прынамсі, мне ён іх у той час не выказваў. Канешне, сваё бачанне таго, што адбываецца ў краіне і свеце, у яго было і тады. Сяргей заўсёды шмат чытаў. Але ўсё гэта было не ў той меры, як зараз. Ягоныя погляды і перакананні раслі разам з нашай сям’ёй.

— А табе ніколі не прыходзіла здрадніцкая думка: «Ва ўсіх мужыкі як мужыкі — з працы ды дадому, на родную канапу. А мой сцягі вешае, па дахах лазіць, жыццём рызыкуе…»?

— Спачатку — так, мне гэта не вельмі падабалася. А потым я цалкам перайшла на бок Сяргея. Мы з мужам разам раслі — як беларусы, як грамадзяне. Ён на мяне вельмі моцна паўплываў, мы пастаянна размаўлялі на тэму нацыянальных каштоўнасцей. Праўда, тое, што беларусы не шануюць сваю родную мову, мяне здзіўляла яшчэ і да знаёмства з Сяргеем.

— Напэўна, гэта дужа цяжка — быць жонкай чалавека, які супрацьстаіць уладам, агромністай і жорсткай дзяржаўнай машыне?

— У нейкай ступені я адчуваю сябе жонкай пажарнага, альпініста ці нейкага іншага чалавека, у якога рызыкоўная праца. Адразу гэта было вельмі цяжка. Але псіхіка чалавека да ўсяго адаптуецца. Канешне, я і зараз перажываю, але ўжо не так востра, як на пачатку. Прычым яго могуць і неабавязкова за сцяг затрымаць. Як тады, 19 снежня мінулага года — прыехалі і забралі проста з дому.

Увогуле цягам месяца, апошняга перад тым, як мужа забралі, супрацоўнікі праваахоўных органаў прыходзілі да нас кожную ноч. З 3 да 5 гадзін раніцы пастаянна правяралі, ці дома Сяргей. Звоняць у дзверы, заходзяць, пытаюцца: «Дома?» — «Дома». — «Всё хорошо?» І так могуць па некалькі разоў за ноч. А пад час «Славянскага базара», выбараў, Дня волі, Новага года маглі прыйсці і па пяць разоў — у перыяд з 9 вечара да 7 раніцы. На навагодняе свята, калі надыходзіў 2011 год, варта на нашай пляцоўцы стаяла суткі. А да гэта ўвечары 31 снежня Сяргея былі затрымалі, і я ўжо думала, што буду Новы год адна сустракаць. Потым, праўда, адпусцілі, але паставілі «ахову» на пляцоўцы.

— А пра тое, што муж збіраецца падняць сцяг на ёлцы, на такой страшэннай вышыні, ты што-небудзь ведала?

— Ён мне сказаў, што хоча зрабіць нейкі ўчынак, за 20 хвілін перад тым, як сысці з дому. Але які ўчынак, дзе і калі — я нічога не ведала. Даведалася, калі Сяргея затрымалі. Першыя думкі былі такія: «Як ён? Што з ім будзе? Што будзе са мной? Яго з намі зноў няма, і наколькі — невядома…» А што гэтая ёлка — 35 метраў, што ён туды здолеў залезці, мяне не здзівіла. У Сяргея добрая фізічная падрыхтоўка, і для мяне гэта не было навінай. І калі ён штосьці захоча зрабіць, ён гэта зробіць. Аднак тое, што ён вывесіў сцяг у месцы, дзе шмат міліцыі, гэта, канешне, было для мяне нечаканасцю, цудам.

— Я думаю, многім людзям цікава, які Каваленка ў звычайным жыцці, які ён бацька і гаспадар?

— Як бацька Сяргей вельмі добры. Усё, што на сёння ведае і чым займаецца наш старэйшы сын Валік, гэта заслуга ў першую чаргу не мая, а мужава. Ён прачытаў шмат літаратуры па выхаванні дзяцей. І першыя кнігі, першыя развіваючыя цацкі — усё гэта набываў Сяргей. Ён лічыць, што дзецям трэба з самага ранняга ўзросту слухаць класічную музыку. І Валік з першых дзён слухаў Чайкоўскага, Моцарта. Хлопчык у год і сем месяцаў ужо ведаў літары. Сяргей набыў азбуку ў выглядзе плаката, і хутка з ягонай дапамогай сынок ужо яе вывучыў. Увогуле, амаль усе ідэі па выхаванні дзяцей былі ягонымі. Англійская мова, маляванне ў школе ранняга развіцця, а потым скрыпка і хакей у Валіка — усё гэта прыдумаў і арганізаваў муж.

Сяргей заўсёды хацеў шмат дзяцей, хаця б трое. Гэта яго такая праграма-мінімум. У гэтым мы з ім на пачатку разыходзіліся. Але з гадамі светапогляд мяняецца. І зараз, калі б было ўсё добра, можа, я і нарадзіла б яшчэ адно дзіця…

— Алена, аб чым ты зараз больш за ўсё марыш?

— Мару, каб Сяргей хутчэй быў з намі. Каб з ягоным здароўем было ўсё добра. Каб наша сям’я годна прайшла праз усё гэта. Гэтага жадае і сам Сяргей.

Даведка. Сяргей Каваленка — актывіст КХП-БНФ. 16 студзеня адзначыў 37 гадоў. Нарадзіўся ў Віцебску. Скончыў Віцебскі політэхнічны тэхнікум. Да зняволення быў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся рамонтам кватэр. Жанаты, мае двух дзяцей — 7-гадовага сына Валянціна і 7-месячную дачку Вікторыю.

7 студзеня 2010 года вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на 35-метровай навагодняй ёлцы на плошчы Перамогі ў Віцебску. За што атрымаў мянушку «беларускі Бэтман» і тры гады так званай «хатняй хіміі». 24 лютага 2012 года за нібыта парушэнні рэжыму адбывання гэтага пакарання атрымаў яшчэ 2 гады і 1 месяц калоніі агульнага рэжыму. З 19 снежня 2011 года трымае галадоўку пратэсту. Страціў каля 30 кілаграмаў вагі. Па словах жонкі, зараз ён важыць 56 кілаграмаў.

Акрамя свайго самага знакамітага сцяга на ёлцы, Каваленка безліч разоў уздымаў у Віцебску нацыянальныя штандары ў розных небяспечных месцах: на дахах шматпавярховых дамоў, царкве, страле будаўнічага крана, вежах электраперадач.

Яна ІЛЬIНА, «Народныя навіны Віцебска»

Обновлено 27.03.2012 10:49
 

Комментарии  

 
0 #1 20.03.2012 01:27
Сергей Коваленко это герой нашего времени.
Цитировать
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов