TOP

І СЕЎ ВЕТЭРАН НА КАТАМАРАН

У Дзень Перамогі ветэранам вайны прапаноўваліся розныя льготы і бонусы: можна было бясплатна падстрыгчыся, схадзіць у кінатэатр, у лазню, камусьці патэлефанаваць (але толькі ў межах Беларусі) і нават пакатацца на лодцы ці катамаране… Ледзь цягаў, як кажуць, ногіСтогадовы дзед Антон.Але ў свята ПерамогіАжываў нібыта ён.

Апранаў дзед раным-рана

Свой касцюм у медалях

І ў калоне ветэранаў

Да Агню адольваў шлях.

Быў аддухай для старога

Гэты велічны парад:

Кветак безліч, песняў многа,

Віншаванняў шчырых шмат.

Са слязамі шчасце зведаў…

У вясновы гэты дзень

Шмат яшчэ чакала дзеда

І сюрпрызаў, і падзей.

Падказаў сусед, што быццам

(І падвоху тут няма)

У святочны дзень памыцца

Можна ў лазні задарма.

Нават венікам з бярозы

Пахвастацца можна там.

Дзед пакуль што быў цвярозы

(Возьме ўвечары сто грам)

І свае прапарыў косці,

На вачах памаладзеў —

Ні знямогі і ні млосці!

Там, у лазні, скмеціў дзед

Вельмі кідкую аб’яву:

«Як адзенеце трусы,

Ветэраны, на халяву

Льга падстрыгчы валасы!».

Меў бы радасці нямала

Ад таго стары, але ж

Год пятнаццаць мінавала,

Як прычоска ў дзеда — плеш…

Потым дзеду падказалі

(І не бачыўся падман):

Пабываць у кіназале

Можа сёння ветэран.

Дзеда пусцяць без білета,

Бо бясплатнае кіно.

Успадоб старому гэта —

Не глядзеў кіно даўно.

Грэла думка ветэрана,

Што ўзгадае даўніну

І пабачыць ён з экрана

Тую страшную вайну.

Марнымі былі спадзеўкі:

На экране там і тут

Загалялі ляжкі дзеўкі,

Хлопцы кідаліся ў блуд.

— Во паскудства, во брыдота! —

Абурыўся дзед Антон.

Пазіраць няма ахвоты,

Плюнуў ён і выйшаў вон.

А пасля якраз дарэчы

Дзед успомніў, што ў Маскве

Гэткі ж, як і ён, старэчы

Франтавы сябрук жыве.

Сёння, у такое свята

(Недзе вычытаў Антон)

Не патрэбная аплата

Ветэранам за дазвон.

Дзед прысунуўся на пошту,

Ды сказалі там яму:

— Можаш ты званіць без кошту

Ці ў Нароўлю, ці ў Карму.

Калі ж хочаш, мой харошы,

Дазваніцца за кардон,

Даставай з кішэні грошы.

Зноўку плюнуў дзед Антон!

Пенсія ў яго — капейкі,

Як і ўвогуле ў старых,

Дык яшчэ чыноўнік нейкі

«Тэлефонам» даў пад дых,

Абкарнаў-абсек ільготу

У святочны дзень такі…

Цяжкі груз — сваю самоту —

Дзед панёс уздоўж ракі.

Хтось аклікнуў ветэрана

І яму абвесціў:

— Дзед!

Можаш ты катамаранам

Карыстацца цэлы дзень!

Ёсць табе такая льгота…

Дзед падумаў: «Што за здзек?

Не марак жа я. Пяхота

Роднаю была спрадвек.

Ну але ж, калі бясплатна,

Пакатаюся пакуль…»

Хлопцы дзеду акуратна

Сесці памаглі за руль.

Дзед нямоглы адрачона

Націскаў на педалі,

Толькі высілкі Антона

Небяспечнымі былі.

Сэрца ўраз затарахцела —

Недалёка да бяды.

Хлопцы ледзь жывое цела

Тут жа выцяглі з вады.

І не свята ўжо, а драма —

Гук сірэны і шпіталь…

Вечарам свае сто грамаў

Выпіць дзед не змог, на жаль…

* * *

Ветэранам, калі шчыра,

Можна даць і больш ільгот.

Хай яны цягаюць гіры

У спортзале раз у год.

Выбар прывілей багаты.

Скажам, калі ёсць капрыз,

Без аплаты ў тое свята

Хай наведаюць стрыптыз…

Ідэолагі ж гатовы

Наўзахлёб даводзіць нам:

Дзень святочны — адмысловы,

Бо мясцовы выканкам

Клопат выказаў так званы,

Будзе ведаць наш народ:

Маюць нашы ветэраны

Шмат павагі і пашаны,

Шмат ільгот і шмат даброт.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.