TOP

МОЙ ЛІСТАПАД… (Працяг. Пачатак у нумары № 30)

У мінулым годзе наша газета надрукавала ўрыўкі з тады яшчэ будучай кнігі Алеся Усені. Яны выклікалі вялікую цікавасць у чытачоў. І вось зусім нядаўна кніга Алеся Усені пабачыла свет. Прапануем вашай увазе яшчэ некалькі ўрыўкаў з яе. Дарэчы, кнігу можна купіць у мінскай кнігарні «Ў» (праспект Незалежнасці, 35 а), у крамах «Акадэмкніга» (праспект Незалежнасці, 72), «Кніжны салон» (вуліца Калініна, 5). У электронным варыянце (PDF) кнігу можна скачаць на нашам сайце. 

«Я рапартую…»

Беларускае тэлебачанне паказвае рэпартаж пра сустрэчу прэзідэнта з мітрапалітам Філарэтам. Іх, гэтых сустрэч, апошнім часам аж занадта — з нагоды і без яе. Улада (і гэта відавочна самаму праставатаму абывацелю) імкнецца надаць сваёй дзейнасці рэлігійны напыл, маўляў, во, глядзіце, сам Бог бласлаўляе і накіроўвае нашага правадыра, хоць і лічыць ён сябе «праваслаўным атэістам». Асабліва гэта кідаецца ў вочы пад час уручэння дзяржаўных узнагарод за «духоўнае адраджэнне», калі мітрапаліт, нямоглы, стары чалавек, змушаны больш як гадзіну стаяць пасярод вялізнай сцэны, і ўся ягоная роля толькі ў тым, каб «блаславіць» чарговага прыўладнага лаўрэата. Усё гэта штучна, паказушна…

Але асабліва мяне ўзрушвае і нават абурае тэлевізійны сюжэт, калі мітрапаліт, стоячы перад прэзідэнтам амаль што па стойцы «смірна», урачыста кажа:

— Аляксандр Рыгоравіч, я рапартую…

Ну акурат як некалі «ўдарнікі сацыялістычнага спаборніцтва» дакладвалі камуністычным лідарам, ці чыноўнік ідэалагічнага аддзела райкама партыі — свайму начальніку-сакратару. У мяне адразу ж нараджаецца фельетон, які я так і не надрукаваў, бо тады палічыў, што «царква — гэта святое». Прыводжу толькі апошнія радкі таго фельетона:

«Я рапартую»…

Вы ж не слесар,

Які прапіць зарплату змог…

Хай мае кесарава кесар,

І мае, што належыць, Бог.

Дык ці правільна я палічыў, што, як вернік, не маю права асуджаць і ганьбіць ліслівы ўчынак галоўнага праваслаўнага святара Беларусі? Мусіць, не.

Царква — гэта зусім не велічныя храмы з залацістымі купаламі, не рэлігійнае чынавенства, якое мае гэткую ж, як і ўлада, прыступчатую іерархію ад патрыярха да сельскага святара. Царква — гэта мы, простыя вернікі, аб’яднаныя адзінаю вераю Богу. (Дарэчы, правільна трэба казаць менавіта так — «веру Богу», а не «веру ў Бога», бо Госпаду абсалютна ўсё адно, верым мы ў яго ці не. Нам самім патрэбная вера — у тое, што Бог ніколі не пакіне нас у роспачы і адчаі, падкажа правільны шлях, і ў гэтым Яму верым.)

Тое, што вышэйшае праваслаўнае чынавенства апошнім часам стала «ідэалагічным аддзелам» нашай улады, зусім не азначае, што само праваслаўе, як плынь хрысціянства, нейкае хібнае, крывадушнае, прыстасавальніцкае. Мітрапаліты прыходзяць і адыходзяць. У рэшце рэшт былі сярод іх і змагары, і пакутнікі. Аб «правільнасці» той ці іншай рэлігіі трэба меркаваць зусім не па «вышэйшым чынавенстве», якое час выкінуў на паверхню жыцця і якое на нейкі тэрмін быццам бы ўвасабляе ўсю рэлігію. Варта глядзець глыбей, у далячынь вякоў…

Прынамсі, некаторыя святары-прыстасаванцы, каб патлумачыць сваю лаяльнасць да «кесара», спасылаюцца на тое, што «ўся ўлада — ад Бога». Аднак жа не гаварыў Хрыстос гэткіх слоў, няма пра тое згадак і ў Евангеллях. А належыць гэты выраз апосталу Паўлу, хоць і паважанаму прапаведніку хрысціянства, але ўсё ж жывому, зямному чалавеку…

Як выказаўся праваслаўны нямецкі святар Аўгусцін, царква — не з уладай, царква — з праўдай. Дык дзе ж яна, праўда, калі прыхільнікі дэмакратыі гнобяцца ў турмах, насуперак Божым запаветам выносяцца смяротныя прысуды, а вышэйшыя праваслаўныя чыны — маўчаць? Ці, можа, забылі, што галоўны абавязак царквы — не спрыяць уладзе, а абараняць ад яе ўсіх зняважаных і пакрыўджаных?

Часам з вуснаў праваслаўных святароў гучыць і яшчэ адно апраўданне: маўляў, жывём мы ў злагадзе з уладай, дык і маем пэўныя прэферэнцыі, без перашкод будуюцца і аднаўляюцца храмы…

А нашто тыя храмы, калі ў іх гучаць крывадушныя словы, узносяцца малітвы за «кесара»? Хіба гэта ўспадоб Богу? Ратаваць трэба не храмы. Ратаваць трэба душы.

Споведзь і пакаянне

Калі ў роднай вёсцы наведваю царкву, сярод нешматлікіх прыхаджан заўсёды звяртаю ўвагу на мясцовую жанчыну, якая пасля кожнай літургіі становіцца ў чаргу да святара, каб паспавядацца. Мяне здзіўляе, чаму яна імкнецца выкласці перад Богам душу гэтак часта. Няўжо за кароткі час паспявае так награшыць, што ўзнікае патрэба пакаяцца? Магчыма, п’яніца? Ці, можа, занядбала-закінула сваіх дзетак? Цікаўлюся ў землякоў, і яны адказваюць, што жанчына вельмі прыстойная і ўсё ў ейнай сям’і як след. І для мяне яшчэ болей незразумела, што прымусіла яе бесперапынна прычашчацца і каяцца.

Святары даводзяць нам, што споведзь, пакаянне ніколі не бываюць лішнімі. І нават чым часцей «рабіць справаздачу» Госпаду, тым лепей. У мяне на гэты конт іншая думка.

За ўсё сваё жыццё я ніводнага разу не спавядаўся. Каяўся (і не аднойчы), але ў душы, не перад амбонам. Па гэтай прычыне я ні для каго не стаў хросным бацькам, не павянчаўся з жонкаю, бо, каб прычасціцца да гэтага таемства, трэба прайсці ў царкве абавязковую працэдуру — споведзь. Аднак спавядацца я не хачу. І не таму, што не маю грахоў (гэта было б проста смешна), а паводле цвёрдага ўласнага пераканання, што, паспавядаўшыся і пакаяўшыся перад Богам, я гэтым самым здзейсню яшчэ большы грэх.

У чым сэнс споведзі і пакаяння? У тым, што чалавек усвядоміў: дагэтуль ён рабіў нешта не так, не прытрымліваўся запаведзей, жыў хібна і заганна. Адным словам, грашыў. І вось цяпер, адважыўшыся на споведзь, чалавек прызнае ўсё гэта і просіць у Бога, каб ён не проста прабачыў, але і дапамог напотым стаць на праведны шлях. А галоўнае — спаведнік дае абяцанне Богу, што ўжо ніколі свядома не здзейсніць тыя грахі, у якіх толькі што пакаяўся. Інакш выходзіць, можна красці, забіваць, гвалціць, затым, паспавядаўшыся і пакаяўшыся, атрымаць ад Бога «індульгенцыю» і жыць па-ранейшаму.

Падобнае пакаянне — гэта крывадушша перад Госпадам. А крывадушнічаць перад Ім я не хачу, бо разумею, што ў мяне не хопіць сіл і нават жадання, каб стаць на праведны шлях, не паўтараць былых, хай сабе і «адмоленых» грахоў.

Таму, як мне здаецца, чалавек павінен спавядацца і каяцца толькі аднойчы. Перад смерцю. Тады ўжо сапраўды ёсць гарантыя, што ён спавядаецца шчыра, новых грахоў здзейсніць не паспее і Богу не хлусіць…

Малітва

Некалі пад час набажэнства адзін з прыхаджан спытаўся ў Васіля Блажэннага:

— Як ты думаеш, колькі людзей зараз моліцца?

— Толькі я ды яшчэ адзін чалавек, — адказаў знакаміты юродзівы.

А ў царкве, між іншым, была процьма людзей…

Што ж меў на ўвазе Васіль Блажэнны? Тое, што гэтыя двое шчыра звяртаюцца да Бога, моляцца ўсвядомлена, з разуменнем, а астатнія толькі прысутнічаюць пры набажэнстве, у думках жа яны зусім далёка ад храма.

Зрэдчас я таксама наведваю царкву. І, на жаль, не малюся, а толькі прысутнічаю. Як і ўсе прыхаджане, за рэдкім выключэннем.

У праваслаўных храмах набажэнствы праводзяцца на стараславянскай мове, якую цяпер мала хто ведае, і таму, натуральна, большасці з нас зусім няўцям, пра што чытае малітву святар. Мы стаім, як балваны, і толькі пачуўшы словы «во имя Отца и Сына, и Святага Духа», абуджаемся, бо ў гэты час належыць перахрысціцца. Нягледзячы на шматлікія просьбы прыхаджан вышэйшае праваслаўнае духавенства не пагаджаецца праводзіць набажэнствы на зразумелай для людзей мове (хай сабе і рускай). Маўляў, стараславянская мова намоленая спрадвеку, таму нельга парушаць традыцый, а вернік, калі ён сапраўды шчыры, не палянуецца і яе вывучыць. Ага, разгоніцца дый пабяжыць вясковая бабулька ў бібліятэку, каб даведацца, што азначае гэтае «пакі-пакі»…

Аднак жа не ў тым бяда, што мы не разумеем слоў, якія прамаўляе святар, не ўнікаем у іх сэнс. Хай ён гаворыць што хоча. У рэшце рэшт малітва — справа асабістая, глыбока інтымная. І звяртацца да Бога мы можам пры дапамозе любых слоў і дзе заўгодна — нават лежачы ў ложку. Галоўнае — каб усё ішло ад сэрца. А ў царкву варта хадзіць не з-за таго, што адтуль нашыя малітвы дойдуць да Бога хутчэй, «напрамкі», а таму, што ў храме ёсць магчымасць адхінуцца ад свецкіх спраў, у належнай атмасферы засяродзіцца на сваіх перажываннях, на тым, што табе хочацца сказаць ці папрасіць у Госпада.

Дарэчы, а што ж мы звычайна просім, з чым звяртаемся? Каб было паболей грошай, каб мець належны дабрабыт, каб захавалася здароўе… Бог такія малітвы не ўспрымае. Ён чакае, што мы найперш папросім помачы ў выратаванні душы, калі ж «вымольваем» нешта матэрыяльнае, дык рабіць гэта неабходна ў імя агульнага дабра, а не для ўласнай карысці. Зрэшты, і не прасіць аб нечым трэба Госпада, а дзякаваць Яму за тое, што падарыў нам радасці і нягоды жыцця…

Вось напісаў я правільныя словы, а калі ў чарговы раз апынуся ў царкве, зноў, як балван, буду стаяць-прысутнічаць на набажэнстве, думкі ж мае будуць далёка-далёка, і кіравацьмуцца яны на свецкія справы, а не на шчырую малітву…

Продкі і нашчадкі

На вочы трапляецца жахлівая заметка ў газеце. Гарадскія ўлады папярэджваюць: калі на Кальварыйскіх могілках не будуць упарадкаваныя занядбаныя магілы, іх проста зраўняюць з зямлёй. І ўдакладняецца: усе недагледжаныя пахаванні зроблены ў XVIII—XIX стагоддзях.

З’яўляецца жаданне напісаць фельетон, аднак колькі ні спрабую прыдумаць сатырычны сюжэт, нічога не атрымліваецца. Чамусьці хочацца не смяяцца, а плакаць.

Безумоўна, у тых, хто ляжыць пад пахіленымі крыжамі і забраснявелымі помнікамі, ёсць нашчадкі. Магчыма, яны жывуць побач з тымі могілкамі, штодня ходзяць міма іх на працу і нават не здагадваюцца, што за агароджаю ляжаць іхнія прашчуры. На жаль, мала каго цікавіць уласны радавод, а калі хто-небудзь і парупіўся скласці сваё генеалагічнае дрэва, дык толькі дзеля інтарэсу. Дзе і ў якім стане месцяцца магілы продкаў — да гэтага справы няма.

Нашыя думкі ўвогуле болей скіраваныя на будучыню, а не на мінуўшчыну. Для нашчадкаў у фундаментах помнікаў і дамоў замуроўваюцца капсулы з пасланнямі, мы рупімся, каб пакінуць паслядоўнікам належную спадчыну, ды і ўвогуле часта задаёмся пытаннем: а што падумаюць пра нас наступнікі?

А трэба акурат наадварот. Нашыя нашчадкі залежаць ад нас. І мы вызначаем, ці з’явяцца яны ўвогуле на свет. Самі ж мы атрымалі жыццё дзякуючы продкам. Таму менавіта пра іх павінны думаць і дбаць найчасцей і найбольш.

Тыя, што знайшлі спачын на Кальварыйскіх могілках, мусіць жа, некалі таксама ў сваіх думках сягалі ў будучыню і спадзяваліся, што нашчадкі іх не забудуць. Яны памыліліся. Мы не апраўдалі іхніх спадзяванняў. Таму атрымаем ад сваіх нашчадкаў тое ж самае…

(Працяг будзе.)

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.