TOP

МОЙ ЛІСТАПАД… (Заканчэнне. Пачатак у № 30.)

У мінулым годзе наша газета надрукавала ўрыўкі з тады яшчэ будучай кнігі Алеся Усені. Яны выклікалі вялікую цікавасць у чытачоў. І вось зусім нядаўна кніга Алеся Усені пабачыла свет. Прапануем вашай увазе яшчэ некалькі ўрыўкаў з яе.Дарэчы, кнігу можна купіць у мінскай кнігарні «Ў» (праспект Незалежнасці, 35 а), у крамах «Акадэмкніга» (праспект Незалежнасці, 72), «Кніжны салон» (вуліца Калініна, 5).У электронным варыянце (PDF) кнігу можна скачаць на нашам сайце. 

У санаторыі

Выпраўляюся ў санаторый. У сталым узросце набіраецца гэтак шмат «балячак», што не ведаеш, якую з іх варта лячыць найперш. Зрэшты, планую не столькі паправіць здароўе, колькі ўдалечыні ад гарадской мітусні пасядзець за пісьмовым сталом. Тым болей што санаторый месціцца ў прыгожым сасновым бары, непадалёку ад маёй роднай вёскі.

Ледзь не кожны вечар у санаторыі — танцы. Пакуль на дварэ стаяла непагадзь, яны ладзіліся ў вялікай актавай зале, а як толькі сонца расштурхоўвае хмары, разносіцца кліч, што наступныя «бугі-вугі» адбудуцца на танцпляцоўцы — крыху воддаль ад будынкаў санаторыя.

Надвячоркам да танцпляцоўкі падступаецца прыхарошаны люд. Большасцю гэта дзябёлыя, мажныя жанчыны немаладога веку, якія панадна зыркаюць на нешматлікіх «кавалераў». Яны, кавалеры, далёка не першай свежасці, магчыма, ніводная з гэтых кабецін дзе-небудзь у горадзе і не зірнула б у іхні бок, а тут за кожнага перастарка ўзнікае суперніцтва. І то праўда: у краіне сляпых і крывы кароль.

Маладжавая кабеціна, тутэйшы масавік-забаўнік, на ўсю моцу свайго голасу звяртаецца са сцэны:

— Мужыкі! З актавай залы трэба перанесці сюды музычную апаратуру. Падсабіце, калі ласка…

І яна шыбуе да будынка, пэўна ж, маючы спадзеў, што ўслед цугам пацягнуцца памагатыя. Ага, хаця б яны подбежкам не рушылі…

Ніводзін не кратаецца з месца. Са стракатага натоўпу даносяцца апраўдальныя галасы:

— У мяне на хрыбетніку грыжа…

— А я пазалетась інфаркт перанёс…

— Нямоглы я зусім, каб нешта цягаць. Гады не тыя…

Адным словам, выходзіць, што тут сабраліся адны калекі.

Маладзіца-забаўніца выцягвае з залы калонку-ўзмацняльнік і на гарбе валачэ яе да танцпляцоўкі. У натоўпе — цішыня. Усе моўчкі назіраюць, як маладзіца пнецца-сапе, усцягваючы калонку на сцэну.

Калі забаўніца кіруецца на другі заход, я іду следам. І больш ніхто.

Зрабіўшы некалькі ходак, мы ўдваіх перацягваем усю грувасткую апаратуру. Пачынаюцца танцы. Я, як і зазвычай, стаю воддаль, за агароджай, проста назіраю, бо ў самога ніколі не было жадання «патрэсціся-пакрыўляцца» пад гучную музыку. Лепей ужо зрабіць прабежку па лясной сцежцы…

А «нямоглыя кавалеры» ўвесь вечар жвава брыкаюць нагамі, размахваюць рукамі, віхляюць ягадзіцамі, выказваючы перад жанкамі самцовы імпэт і патэнцыял…

Раблю выснову, што ў гэтым санаторыі хворы толькі я.

 

Межы

Адзін з чытачоў «Народнай Волі» наракае на тое, што Беларусь беспадстаўна падзелена на адміністрацыйныя адзінкі: вобласці, раёны, сельсаветы. Ён выказвае думку, што для нашай невялікай краіны хапіла б адных раёнаў, якімі можна было б кіраваць са сталіцы. А так і чынавенства напладзілі без меры, і цэлыя рэгіёны існуюць адасоблена адзін ад аднаго.

Мяне прапанова вельмі ўзрушвае, бо сам стаў ахвяраю гэтых «падзелаў і межаў».

Вёска Пасека, у якой я нарадзіўся, некалі ўваходзіла ў склад Асавецкай воласці Бабруйскага павета. Затым яна стала Случчынай, а яшчэ праз нейкі час — Старадарожчынай. Здавалася б, толькі тае бяды: называй хоць гаршком… Дык у тым жа і закавыка, што пры кожным падзеле праводзіцца адпаведная адміністрацыйная мяжа, на сённяшні дзень — паміж раёнамі. Як ні круці, хочаш не хочаш, а кожны раён жыве сваім жыццём, адасоблена. Пэўны транспартны рух, гаспадарчыя сувязі, агульнае кіраўніцтва, у рэшце рэшт свая раённая газета. Таму ў Старых Дарогах я пабываў сотні разоў, ведаю райцэнтр, як сваіх пяць пальцаў, а гарадок Любань, які месціцца ад маёй вёскі не далей, чым Старыя Дарогі, наведаў толькі аднойчы, і тое ў сталым узросце.

Уся мая радня па мацярынскай лініі паходзіць з блізкай да Пасекі вёскі Асавец. Там, відавочна, пахаваныя мае самыя далёкія прашчуры. Але ў дзяцінстве я апынуўся ў Асаўцы таксама толькі аднойчы — калі заблудзіўся, шукаючы грыбы. Чаму ж для пасечукоў вёска Асавец, якая знаходзіцца за лесам, здаецца такой далёкай? Таму што гэта ўжо Любаншчына. Між тым і ў адной, і ў другой вёсцы ўсе прозвішчы заканчваюцца на «ня», што характэрна акурат для палескай Любаншчыны, а не для Старадарожчыны, і што сведчыць пра бяздумны падзел, калі рэзалася па жывому…

Штучныя межы, пракладзеныя ўладаю, пралягаюць не толькі паміж абласцямі, раёнамі, сельсаветамі, калгасамі, палямі і загонамі. У рэшце рэшт яны пакідаюць след і ў душах людзей.

 

Нябожчыкі

З дзяцінства баюся нябожчыкаў. Калі па вуліцы вяскоўцы нясуць на сваіх плячах труну, а жанкі тужліва галосяць, бягу на поплаў і ўжо адтуль, здалёк, назіраю за жалобнай працэсіяй. Нават калі паміраюць баба Арынка, баба Каця і дзед Павел, я не падыходжу да труны і не іду ўслед за сваякамі на клады. Толькі ўжо потым, калі закапаюць, асмельваюся падысці да магілы і хвіліну-другую пастаяць каля свежага бугра жоўценькага пясочку.

— Каб не баяцца нябожчыка, — раіць маці, — ты вазьміся за вялікі палец ягонай нагі, і страх пройдзе.

Спрабую. Бяруся. І ўсё адно баюся.

Калі ўжо працую ў Старых Дарогах і жыву ў трохпавярховым доме, прыходзіць суседка знізу, былая настаўніца, і просіць забраць з морга ейную памерлую сяброўку, разам з якой дажывала век у адной кватэры. Адмовіцца нельга, бо ў суседкі ніякай радні нямашака, а на той час усе мужыкі, што жывуць у пад’ездзе, некуды сышлі.

Змушаны пагадзіцца, хоць унутры ўсё пахаладзела…

Разам з кіроўцам нанятага грузавіка заходзім у морг. У ноздры адразу б’е спецыфічны, уласцівы толькі трупярні пах. «Наша» нябожчыца ляжыць на канапе ажно ў самым канцы калідора, з абодвух бакоў абстаўленага сталамі, на якіх ляжаць трупы. І міма іх мне трэба прайсці!

Стараюся не дыхаць, заплюшчваю вочы і наўздагад іду следам за кіроўцам. Ён абхоплівае плечы, я бяруся за ногі, і мы кладзём нябожчыцу на пасціланку, якую я адразу ж загортваю, каб не бачыць пажоўклае цела…

Як тады з маіх грудзей не выскачыла сэрца? Як я сам не стаў насельнікам тае самае трупярні?

Нешта загадкавае, таямнічае бачыцца мне ў пераходзе чалавека ў іншы свет. І гэтая таемнасць, як і ўвогуле ўсё непазнанае, палохае.

Пазбавіўся ад страху перад нябожчыкамі толькі тады, калі пачаў наведваць царкву. Цела — яно нішто, калавак мёртвай матэрыі. А душы, якая яшчэ не паспела адляцець у нябёсы, чаго баяцца? Яна — часцінка Бога…

 

Размінуліся…

Газета «Літаратурная Беларусь» назвала мяне «сучасным Кандратам Крапівой». Між тым з самім класікам сатырычнага жанру мне давялося сутыкнуцца толькі аднойчы. Прычым сутыкнуцца ў літаральным сэнсе.

Зусім яшчэ маладзён, я шыбую ў Дом літаратара. Ён пакуль што належыць Саюзу пісьменнікаў, і ўвайсці ў будынак можна не з тарца, а праз галоўныя дзверы — манументальныя і масіўныя.

Я імпэтна хапаюся за ручку і рву дзверы на сябе. Адчуваю, што яны паддаюцца надзвычай лёгка, мусіць, нехта штурхае іх з другога боку. І праўда, калі з разгону імкнуся ў праём, раптам тыцкаюся носам у грудзі высокаму хударляваму дзеду.

— Прабачце… — машынальна вымаўляю я і мімаходзь скіроўваю позірк на твар чалавека, якога толькі што ледзь не збіў з ног. І… слупянею. На мяне глядзіць партрэт з хрэстаматыі па беларускай літаратуры.

— Якія ж вы, маладыя, жвавыя… — незадаволена буркае сабе пад нос Кандрат Крапіва, ступае на тратуар і, дзюбаючы кульбакай, няспешна клыпае ў бок праспекта.

Я нейкі час заварожана гляджу яму ўслед, затым, пераскокваючы цераз тры прыступкі, бягу па лесвіцы ўверх…

 

Крыжык

Калі будаўніцтва царквы, якое я фінансую, блізіцца да фінішу, айцец Ігар, вельмі паважаны мною святар, дастае сярэбраны крыжык, замацаваны да ланцужка з гэткага ж металу, і з непрыхаванай узнёсласцю чапляе на маю шыю.

На адным баку крыжыка выява распнутага Хрыста, а на другім — словы «Спаси и сохрани».

Дагэтуль ніякіх ланцужкоў, амулетаў, а тым болей крыжыкаў я не насіў. Таму спачатку прысутнасць металічнага прадмета на сваіх грудзях адчуваю нават фізічна. З часам крыжык становіцца нібы часцінкаю майго цела, і я не здымаю яго ніколі, нават у лазні.

Калі наведваю Ерусалім, асвячаю крыжык самым доказным чынам, паклаўшы яго на пліту, дзе некалі пасля распяцця паклалі Хрыста…

Аднаго разу прачынаюся, праводжу рукою па сваіх грудзях і раптам адчуваю, што на іх няма крыжыка. Жах, які мяне захлынае, пераказаць немагчыма. Некалі ўбіў сабе ў галаву: калі страчу гэты крыжык, дык адразу сканаю. Па гэтай прычыне папрасіў жонку замяніць сярэбраны ланцужок на вяровачку, бо ён, ланцужок, часта рваўся, і мне даводзілася поўзаць па падлозе ці абмацвацца за пазухай, каб знайсці крыжык.

Звыклае поўзанне па падлозе, ператрэсванне пасцельнай бялізны плёну не прыносяць. Нават пылясос, які добрасумленна прашураваў па ўсіх пакоях, нічым мяне парадаваць не можа. Крыжыка няма. І я нават не магу ўцяміць, дзе і калі ён быў «пасеяны».

Жыццё маё траціць сэнс. З-за крыжыка я стаўлю на сабе крыж, бо лічу, што неўзабаве сыду ў іншы свет. Кідаюся ў запой. У душы адчайна прашу Бога, каб ён вярнуў мне крыжык, забраўшы ўзамен усе матэрыяльныя даброты, якія маю. Не хочацца ні чытаць, ні пісаць, ні ўвогуле што-небудзь рабіць…

Калі ўжо зусім трачу душэўныя сілы, мне сніцца сон. Голас, які належыць немаведама каму, паведамляе:

— Сёння ты знойдзеш свой крыжык.

Дзіўна, але я веру гэтаму голасу і ўскокваю з ложка бадзёрым і ўзрушаным. Сваёй радасцю пра «голас» дзялюся з жонкаю, хоць яна ставіцца да гэтага скептычна…

Чамусьці ў мяне ўзнікае жадоба абкасіць перастаялую траву вакол дома. Калі ў чарговы раз узмахваю касою, раптам заўважаю на свежай пожні сярэбраны бляск…

Чаму ж Бог на нейкі час забраў у мяне крыжык? Мусіць, даваў знаць, што не так жыву, не тое раблю…

І хто цяпер пераканае мяне, што Бога няма? 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.