TOP

ХРАП НА ХАЛЯЎНАЙ ДЗЯРУЖЦЫ

Некалі ў беларускай хаце меркаю заможнага жыцця была пярына, на якой у ложку звычайна спаў гаспадар з жонкаю. Дзеці туліліся на палках, а старыя дажывалі свой век на печы. Калі прыбіваўся на начлег нейкі бадзяга, то яму ля парога слалі дзяружку. У такой сітуацыі знаходзіцца сёння наш народ.

Кіраўніцтва Беларусі не хоча прызнаваць, што за васемнаццаць гадоў яму не ўдалося дасягнуць мадэрнізацыі вытворчасці, эфектыўнага гаспадарання як асновы дзяржаўнай незалежнасці і нармальнага дабрабыту людзей, і што без расійскай «дзяружкі» з газу і нафты, падсцеленай з меркантыльнымі мэтамі, мясцовая няўстойлівая эканоміка можа імгненна рухнуць.

Аўтарытарны рэжым загуляўся ў інтэграцыю, краіна поўнасцю залежыць ад «старэйшага брата» як эканамічна, так і палітычна. Акрамя таго, рэаліі такія, што вярхі працуюць толькі на ўтрыманне руля, жывуць без перспектывы на будучыню, адным днём і прывучылі да такіх паводзін электарат. Аналагічная сітуацыя склалася ў Расіі, пра што выдатны эканаміст, акадэмік А. Аганбегян справядліва кажа: «Нулевые годы я оцениваю как потерянное десятилетие. Да, макропоказатели росли, но за счет импорта сырья. Мы практически прекратили все реформы: структурные, институциональные и другие. Богатела прежде всего 20-процентная верхушка общества, а вся страна плыла по течению прибывающего независимо от наших усилий денежного потока. И жила себе без стратегии, без четких целевых установок, без самоанализа и оценки рисков, без взгляда в будущее. От такого беззаботного существования пора отказываться».

Прытым двум народам не трэба забывацца, што расійскія энергарэсурсы згодна падліку спецыялістаў праз 30 гадоў заканчваюцца.

Але аўтакраты ў Беларусі і ў Расіі, якія даўно дарваліся да ўлады, нічога не хочуць мяняць. Ім падабаецца кіраваць і займацца ўласным абагачэннем. А таму яны забяспечваюць сваю захаванасць на нагрэтых «адным месцам» тронах цынічнымі палітычнымі махінацыямі і шантажом, несумленнымі, непразрыстымі выбарамі, татальным замбіраваннем і запалохваннем насельніцтва, высмоктваючы з пальца «вялікія поспехі», апантана шукаючы ўнутры і за межамі «ворагаў», грозячы направа і налева кулакамі.

Узурпатарам вельмі пашанцавала. На фоне беднага мінулага, калі ў сем’ях часам не было кавалка хлеба, сённяшняе больш-менш сытае існаванне здаецца не такім і кепскім. Людзі, якія некалі прайшлі праз жахлівы голад, холад, жыллёвую неўладкаванасць, задаволены. А моладзь наогул не бачыла пустыя прылаўкі і бясконцыя чэргі, яна нават не можа ўявіць былое бедства.

Але, па-першае, наш даволі абмежаваны дабрабыт, калі грошай хапае на сціплы харч і аплату камунальных паслуг, — гэта заслуга не кіраўнікоў Беларусі і Расіі, а багатых радовішчаў нафты і газа, па-другое, чалавек жыве не для таго, каб толькі наесціся. На жаль, у нас людзі не хочуць думаць пра грамадзянскі абавязак перад будучыняй сваіх нашчадкаў, нацыі, суверэннай краіны! Расійскі публіцыст Д. Травін падкрэслівае: «Товарное изобилие помогает элите самой жить припеваючи, а кроме того, держит в повиновении народ, опасающийся, что при смутах и нестабильности могут вернуться времена очередей, талонов на продукты и прочих бедствий советской эпохи».

Гляджу на выбарчую мітусню, якая без толку паглыне шмат народных грошай, і думаю: ну ладна, аўтарытарным «цыркачам» і іхнім памагатым дзецца некуды, трэба наладжваць фальшывае дзейства, каб ратаваць пасады, камфортны дабрабыт, тут — усё зразумела. А якую ролю выконваюць простыя грамадзяне? Яны ж не выбіраюць, толькі «праштампоўваюць», бо ўсе дэпутаты даўно «выбраны», а астатняе — справа тэхнікі, якой выдатна валодае Цэнтрвыбаркам на чале з Л. Ярмошынай і яго падраздзяленні. Пра гатоўнасць гэтага «войска» расказвала сяброўцы па мабільніку ў сталічным аўтобусе № 18 працаўніца нейкай участковай камісіі: «А что выборы? Процесс идет. Есть работа. Это лучше, чем когда ее нет. Как надо, так и сделаем».

Для чаго тады грамадзянам цягнуцца на выбарчыя ўчасткі? Каб, як кажуць у народзе, «сябе паказаць, на людзей паглядзець»? Дык для гэтага ёсць лепшы занятак — пакуль дазваляе надвор’е, выйдзі ў двор, сустрэнься з суседзямі, знаёмымі, на лавачцы пасядзі, пагамані, хоць карысць ад лагоднага сонейка, ад свежага паветра для здароўя будзе.

А можа, тут прычына больш сур’ёзная — нізкі інтэлект у вялікай масы людзей? Ну, нельга ж кожны раз наступаць на старыя граблі і хадзіць з чарговым гузаком на лобе!

Назіраючы за тым, што адбываецца, я ўспамінаю адну мудрую жанчыну. Заможная купчыха Куўшыннікава Алімпіяда Антонаўна, якую бальшавікі загналі ў гардэроб Бранскага тэатра падаваць «особо доверенным лицам» іхнія «польты», не прэтэндавала на ролю прарока, але, нібыта прадчуваючы наш дзень, гаварыла: «Добра не будет, коммунистов, конечно, свергнут, но вместо них придут хулиганы и вспорют последнюю перину».

Як у ваду глядзела Алімпіяда Антонаўна! «Хуліганы» прыйшлі, успаролі і павыкідалі ўсе нашы палітычныя, грамадзянскія і прававыя «пярыны».

Часта дзіву даешся, наколькі кароткая і выбіральная памяць у беларусаў! Праўда з незалежных крыніц прапускаецца імі міма вушэй. А казённую хлусню з задавальненнем пераказваюць, смакуюць. Але мана, хто б яе ні распаўсюджваў — п’яныя бамжы, бабулькі на лавачках, СМІ або кіраўнікі — усё роўна застаецца амаральным учынкам.

Расійскі пісьменнік і філосаф А. Герцэн справядліва казаў: «Нельзя людей освободить в наружной жизни больше, чем они освобождены внутри». Пра гэта мною даўно напісаны верш «Недзе грыміць…»:

 

Недзе грыміць…

А ў знаёмых ваколіцах ціха.

Толькі варушацца цені

Адвагі выяў.

Воляй цяжарная

Столькі вякоў парадзіхай

Курчыцца ў схватках бясплодных

Айчына мая.

 

Я скептычна стаўлюся да сацыялагічных даследаванняў, бо беларусы знаходзяцца ў палоне хітрыкаў: думаюць — адно, выказваюць на публіку — другое, а робяць — трэцяе. Апошнім часам нашы людзі часта паказваюць неадэкватнасць: то перастраляюць сям’ю і самі пакончаць самагубствам, то ў сектанцкім дурмане залезуць у падземныя пячоры, то за мяжою пачнуць рабаваць банкі, займацца разбоем на дарогах, то пададуцца ў хакеры, то наогул стануць кілерамі.

Псіхічны стан запалоханых, затоеных па кутках беларусаў выяўляецца і пры правядзенні парламенцкіх выбараў. Кожны раз адміністратыўны гвалт вымятае іх з кватэрнага зацішку і гоніць на галасаванне за невядома каго.

Замежны друк піша, што аўдыторыя беларусаў у інтэрнэце складае больш за чатыры мільёны чалавек, і робіць з гэтага факта аптымістычныя высновы. Але ў многіх грамадзян якраз смеласці хапае толькі на тое, каб «паваяваць» за свае правы віртуальна.

Па ўсім свеце людзі смела і мужна змагаюцца за свабоду, за лепшае жыццё. У Мадрыдзе, Лісабоне, Рыме, Парыжы, Берліне на вуліцы выходзяць сотні тысяч і нават мільёны людзей, а ў нас «падаўляючая бальшыня» працягвае спаць на халяўнай дзяружцы. Над абсягамі Беларусі чуецца магутны храп.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.