TOP

ПАБУДУЕМ ЗАЎТРА ГМАХ — БУДЗЕМ МЫ «ПРЫ МЕДАЛЯХ»

На ўзвядзенне новага будынка Нацыянальнага алімпійскага камітэта запатрабавана сума, якая амаль удвая перавышае рэспубліканскі бюджэт на гэты год, прадугледжаны на фізкультуру і спорт.Нам не дала Алімпіяда,Як планавалі, медалёў.Улада,Ведама ж, не радаАд гэткіх сціплых «заваёў».

У выкананні план-праграмы
Не памаглі ні Бог, ні чорт…
Таму сабраў галоўны самы
Тых, хто адказвае за спорт.
Прыйшлі чынушы-бюракраты,
Кагалам — трэнерскі састаў…
Галоўны
Злосна і зацята
Рабіць «разбор палётаў» стаў.
— Ні ў чым цяпер няма ў нас толку,
Клянуць уладу людзі ўсе.
Дык быў спадзеў адзіны толькі:
Хоць спорт нам радасць прынясе.
Ды ўсім нам радасна ці стала?
Які мы маем рэзультат?
Амаль паўсюль — адны правалы,
Хоць абяцанкаў чулі шмат.
Вось футбалісты… Ледзьве ногі
Цягалі — бераглі сябе,
Не «рвалі жылы» да знямогі,
Не аддаліся барацьбе.
Касцьмі лажыліся няхай бы…
Чаму яны ў адказны час
«Зубамі не лавілі шайбы»,
Як хакеістам быў наказ?
Ды што ўжо «пляцкаць» аб футболе —
Там не свяцілі медалі…
А крыўдна вось чаму найболей:
Свайго, як кажуць, не ўзялі.
Ну вось барцы… Усе з Каўказа.
Ад іх няма ні медаля!
Туды маглі б мы для паразы
Паслаць і хлопцаў з Капыля.
Узнагароднага багацця
Там не «дабралі» й весляры.
(Я не грашу на Карстэн Кацю,
Бо збан жа служыць да пары…)
А што чыноўнікі рабілі —
У МАКу тым прадстаўнікі?
Ці ж вы, прабачце мне, дэбілы?
Карысць якая, толк які?
Маўчалі (гэта ж проста сорам!),
Не адстаялі Беларусь,
Калі засуджвалі баксёра,
Штангістку зблоцілі чамусь.
Чаму прымоўклі, як раптоўна
Медаль забралі ў Астапчук?
Ды проста ўвесь «дэсант чыноўны»
Там быў пусты, як кажуць, гук.
Дый склаў бы хтось пратэст талковы
Хіба,
Калі канфлікт узнік?
Не ведаў нават іншай мовы
Каманды нашай кіраўнік.
Хачу, каб кожны мне паведаў,
Хай выкажацца ўвесь актыў,
У чым прычыны нашых бедаў
І што рабіць, каб поспех быў.
Спачатку трэнеры кагалам
Загаманілі наўзахлёб.
— Чаму турнір не стаў удалым?
Я адкажу вам проста ў лоб,
Хоць папсую камусьці нервы, —
Сказаў футбольны педагог. —
Бо не рыхтуем мы рэзервы
Для алімпійскіх перамог.
Вось вы мне адкажыце самі:
Ці многа ў нас футбольных школ,
Дзе станавіліся б майстрамі
Падлеткі з гарадоў і сёл?
Тут нехта «ўставіў тры капейкі»,
Узняўшы вочы ад папер:
— Што дасць нам
Cпорт дзіцячы нейкі?
Нам трэба медалі цяпер!
— А я дык са спяцом футбола,
Прызнацца, згодны на ўсе сто.
І сёння вынік невясёлы,
І заўтра мецьмем мы «нішто», —
Сказаў з гаркотай шчырай словы
Ссівелы педагог-вясляр. —
Яшчэ дадам: якія ўмовы?
Дзе наш спартыўны інвентар?
Ідуць на што заўгодна сродкі —
Даляры, еўра і рублі,
А мы купіць не можам лодкі,
І вёслы ледзь не пагнілі.
А потым выказаўся смела
І трэнер-педагог барцоў:
— Душа ў мяне заўжды балела,
Што ў нас няма сваіх хлапцоў.
А скуль, прынамсі, ім узяцца?
Як узгадуюцца яны?
Паўсюль — лядовыя палацы.
А дзе, скажыце, дываны?
Калі б у кожненькім з раёнаў
Спартзалы гэткія былі,
Мы б алімпійскіх чэмпіёнаў
Вырошчвалі і ў Капылі.
І на такой крытычнай хвалі
Хтось выгукнуў:
— А я скажу,
Што й трэнеры ўсе паўцякалі
Адсюль на працу за мяжу.
Якія ў трэнераў зарплаты?
Ці многа ў іх выгод-даброт?
Ды ўсім вядома — кот наплакаў.
Хоць зашывай галодны рот…
Там прапаноў было без меры,
І ўсе адна другой мудрэй.
Пасля спяцоў функцыянеры
На сходцы сталі весці рэй.
— Вы добра ведаеце самі, —
Сказаў адзін функцыянер, —
Што перад Гульнямі спісалі
Мы сотні, тысячы папер.
Нястомна мы складалі планы,
Паслалі «метадычак» стос,
Каб трэнер самы занядбаны
Да ўзроўню вартага дарос.
Была ў нас вельмі цяжкай праца —
Аб’ездзілі ўвесь белы свет,
Каб дзесьці вопыту набрацца
І расказаць пра ўсё як след.
Калі б не нашыя парады, —
Працягваў ён, як памяло, —
Дык медалёў Алімпіяды
Наогул, можа б, не было.
Натхнялі мы
Узнёслым словам,
Парой не спалі да відна…
Што вынік стаў не медалёвым,
Дык то не нашая віна…
— Мартынаў не папаў бы ў цэлі, —
Сказаў функцыянер другі, —
Зусім бы ўзнагарод не мелі,
Калі б не нашыя мазгі.
А што датычыць перспектывы,
Дык тут я выкажуся так:
На залу, інвентар паршывы
Спаслацца кожны ў нас мастак.
Нам пасмяяцца толькі ўпору,
Тут адгаворачкі адны,
Бо, кажуць, дрэннаму танцору
Перашкаджаюць… так, яны.
Хачу, каб кожны трэнер ведаў:
Калі я быў яшчэ малым,
Апроч трыко ды рваных кедаў,
Не меў нічога я зусім.
Не сходзіў я са стадыёна…
Хоць «інвентар» я меў такі,
Быў першым спрынтэрам раёна
І лепш за ўсіх рабіў скачкі.
Я вызначаўся і ў футболе —
Магу сказаць без пахвалы:
Газон — як бульбяное поле,
Ды забіваў я ўсё ж галы!
А што сказаць хачу я гэтым?
Каб мець на Гульнях добры зрух,
Патрэбна мець усім атлетам
Не інвентар, а моцны дух!
Даб’юцца перамог і славы,
Але, выходзячы на старт,
Ідэалогію дзяржавы
У сэрцах ім захоўваць варт.
А хто належныя ідэі
Ім у галовы закладзе?
На нас, чыноў, уся надзея,
Такіх, як мы, няма нідзе!
Для нас
Ствараць патрэбна ўмовы!
Таму зрабіць выснову след:
Павінен мець будынак новы
Наш алімпійскі камітэт!
Усе, хто быў сказаць ахвочы,
Пачуўшы важкі «спіч» такі,
Прыціхлі, апусцілі вочы —
Як прыкусілі языкі.
І нават ён, галоўны самы,
Чыноўніку глядзеў у рот…
— А мне ўспадоб — скажу я прама! —
Такі да спорту падыход, —
Адзначыў ён. —
Ва ўсякім разе,
Патрэбны новыя хады.
Ты ўсіх пераканаў і ўразіў.
Хай будзе гэтак сапраўды!
Я ў думках той будынак бачу,
Ягоны велічны абрыс…
Ну, словам, стаўлю вам задачу:
Рыхтуйце заўтра ж каштарыс!
Каб трэнер жа не рваў тут глотку,
Каб болей, як бугай, не роў,
Купіце ў дзеда човен-лодку
Для ўсіх ягоных весляроў.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.