TOP

ЛДП ХОЧА ПРЫМУСІЦЬ ЧЫНОЎНІКАЎ ВЫВУЧЫЦЬ БЕЛАРУСКУЮ МОВУ

Ліберальна-дэмакратычная партыя прапанавала прыняць закон аб абавязковым валоданні дзяржаўнымі служачымі беларускай мовай. Адпаведная заява прынята Вышэйшым саветам і Цэнтральным камітэтам ЛДП. 

Лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч не адмаўляе, што актывізацыя ЛДП у апошнія некалькі месяцаў звязана яў тым ліку з яго намерам балатавацца на пасаду прэзідэнта на выбарах 2015 года.

Каментуючы БелаПАН сённяшнюю заяву партыі, у якой сказана пра неабходнасць прыняць закон, які абавязвае кожнага чыноўніка валодаць беларускай мовай, Гайдукевіч заявіў: «Цяпер ідуць спрэчкі пра суверэнітэт, улада спрабуе штосьці прыдумаць у гэтым кірунку, што трэба ўмацоўваць эканоміку. Але пра які суверэнітэт можна гаварыць, калі дзяржаўныя чыноўнікі не размаўляюць на роднай мове? Як так магчыма, што беларускі чыноўнік, які прыехаў, напрыклад, ва Украіну, размаўляе не на мове тытульнай нацыі? Ва Украіне ўсе размаўляюць на ўкраінскай мове, вакол яе аб’ядноўваецца нацыя».

На словах кожны выступае за суверэнітэт, гаворыць старшыня ЛДП. «Але для пацвярджэння гэтага кожны чыноўнік падчас візітаў у замежныя краіны павінен пачаць размаўляць на роднай беларускай мове. Іншага выхаду няма. Не ведаючы мовы, беларус не павінен мець права паступаць на дзяржслужбу. Я не кажу, што ўсе павінны адразу загаварыць на беларускай мове, але чыноўнікі гэта зрабіць абавязаны», — перакананы лідар ЛДП.

Паводле яго меркавання, іншага шляху ўмацавання суверэнітэту няма. «Могуць быць ідэалагічныя рознагалоссі, але без мовы руху наперад не будзе», — падкрэсліў Гайдукевіч.

Ён паведаміў, што ЛДП мае намер часцей выкарыстоўваць беларускую мову ў партыйных справах, напрыклад, выступаючы з рознымі заявамі. Акрамя таго, свой даклад на чарговым партыйным з’ездзе Гайдукевіч мае намер зрабіць на беларускай мове.

«Мы рэалістычна ацэньваем падзеі ў краіне. Падрыхтоўка да выбараў павінна пачацца ў 2013 годзе, інакш усё будзе дарэмна. Трэба пачынаць павялічваць лік сваіх прыхільнікаў, рухацца наперад, ад слоў пераходзіць да спраў, біцца за людзей, займацца рэальнай палітыкай», — падкрэсліў лідэр ліберал-дэмакратаў.

У заяве ЛДП адзначаецца, што на працягу ўсёй сваёй дзейнасці ЛДП «усімі даступнымі сродкамі садзейнічала ўмацаванню суверэнітэту» Беларусі, «суверэнітэт — гэта святое для кожнага грамадзяніна… Прыйшоў час звярнуцца да ўсіх і сказаць: галоўная складаючая суверэнітэту любой дзяржавы і адзіная для ўсіх дзяржаўная ідэалогія толькі адна — гэта развіццё і ўмацаванне роднай мовы».

«Мы адзіная дзяржава ў свеце, дзе дзяржаўныя служачыя дрэнна альбо зусім не ведаюць родную мову, — канстатуе партыя. — Неабходна тэрмінова прыняць закон, у якім выразна і ясна пастанавіць — калі ты служачы дзяржаўных органаў (Савет міністраў, Адміністрацыя прэзідэнта, аблвыканкама, гарвыканкама, адміністрацыя раёна і іншыя), ты павінен ведаць і ўмець карыстацца беларускай мовай». Такім чынам «мы замацуем суверэнітэт нашай дзяржавы на стагоддзі»; «вось падмурак, без якога не можа быць сапраўднага суверэнітэту».

Пры гэтым падкрэсліваецца, што ЛДП «падтрымлівала і будзе падтрымліваць дзве існуючыя дзяржаўныя мовы: беларускую і рускую». «Кожны грамадзянін мае права размаўляць на той мове, на якой хоча, і ніякіх абмежаванняў у гэтым быць не павінна. Але настаў час падтрымаць мову нашых бацькоў».

Дакумент, прыняты на беларускай мове, заканчваецца словамі «Жыве Беларусь!».

Сяргей ПУЛЬША, Сяргей КАРАЛЕВІЧ, БелаПАН

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.