TOP

«ХАЧУ Ў ТУРМУ!»

«Я часта жартам кажу: што, усіх членаў урада цераз турму правесці, каб так працавалі? Ён (гендырэктар МАЗа Аляксандр Бароўскі, які раней быў асуджаны за фінансавыя злоўжыванні. — А.Н.) прыйшоў на гэты завод і кажа: я зраблю. Нядаўна ордэнам узнагародзілі чалавека».Аляксандр ЛукашэнкаНаш прэзідэнт ці мовіў жартам,Ці штось другое меў наўме:— Цяпер ва ўладзе бачыць вартаТых, хто адбыў сваё ў турме.

Вось вам, да прыкладу, Бароўскі…
Стрымацца колісь ён не змог,
Ступіў на шлях, як кажуць, коўзкі,
Таму і трапіў у астрог.
Ну, адсядзеў… Зрабіў ён потым
Наш МАЗ як лялечку амаль.
Свой грэх ён змыў крывёй і потам…
Хоць дай ці ордэн, ці медаль!
То не сакрэт: Самога словы
Чыны хапаюць на ляту,
Настрой — і добры, і суровы —
Як кажуць, чуюць за вярсту.
Таму ўспрыняў і зараз кожны
Як след намёк правадыра.
Падумаў кожны асцярожна:
«А можа, мне ў турму пара?
Няхай за нейкую правіну
Мне і «ўсабачаць» год-другі…
Ну, адсяджу я палавіну… —
Далей падказвалі мазгі. —
Затое потым вельмі быстра,
Бадай, у першую чаргу,
У крэсла сяду я міністра,
А мо й прэм’ерам стаць змагу…»
І кожны стаў рабіць разлікі,
Што трэба сатварыць яму,
Каб хоць на тэрмін невялікі
Патрапіць у астрог-турму.
Адзін рашыў: «Я заўтра грошы
Скраду ў дзяржаўнае казне,
І пры раскладзе самым горшым
Дадуць гады чатыры мне…»
І праўда, скраў жа вельмі скора!
І нават не адзін мільён!
Але дарэмна пракурора
Чакаў у кабінеце ён.
Як і звычайна — смех дый годзе! —
Вакол пануе ціш ды гладзь.
«Што ж, заўтра мне, —
падумаў злодзей, —
Мільярд, бадай, патрэбна ўзяць…»
Кабеціна на хабар падкай
Была, ды брала спадцішка.
І ўсё ішло дагэтуль гладка,
Цякла грашовая рака!
Дык ёй таксама закарцела
За краты трапіць на гадок.
І стала «браць на лапу» смела —
Працэс пастаўлен на паток.
І нават прэйскурант на хабар
Павесіла з нядаўніх пор.
Аднак і гэтую нахабу
Не патрывожыў пракурор.
Яшчэ адзін, да «трона» блізкі,
Каб трапіць за калючы дрот,
На працы стаў рабіць прыпіскі.
Але і ён не меў турбот!
Яго Феміда не пазвала
Ні ў кабінет, ні на «дыван»,
Хоць грошай хапнуў ён нямала
За «перавыкананы» план.
У чынавенства выгляд хмуры:
Што б ні парушыў, дзе б ні скраў,
Усё адно ў пракуратуры
Чамусьці не заводзяць спраў.
Яно, прынамсі, і не дзіва:
Хапуг, зладзеяў і прайдох
Улада столькі напладзіла,
Што трэба не адзін астрог.
Калі надзенеш «бранзалеты»
На ўсю зламысніцкую раць,
Дык апусцеюць кабінеты.
Хто ж будзе потым працаваць?
У прэзідэнта, значыць, зараз
Для кадраў выбару няма:
Нікога не чакае кара,
Не плача ні па кім турма…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.