TOP

ДАПАМОЖА ПРАЎДА

Беларусь, насельніцтва якой ідэйна і маёмасна радыкальна размежавана, знаходзіцца ў растурзаным выглядзе, напамінае перыферыйны базар, дзе няма ўсмешак ні гандляроў, ні пакупнікоў, а пануюць паныласць, недавер, падман, варожасць. Заклінанні афіцыйнай прапаганды пра стабільнасць і парадак не яднаюць грамадства.

Пад лозунгам «Мир — хижинам, война — дворцам!» нашы продкі ішлі ў «царство свободы», а трапілі ў таталітарызм, пад прэс бязлітаснага гвалту. Палацы разбурылі, але з баракаў і хацінак многія людзі не выйшлі і па сёння. Напрыклад, у Расіі яшчэ 500 тысяч чалавек знаходзяцца ў непрыстасаваных памяшканнях, дзесяткі тысяч наогул не маюць жылля. У нас без свайго кутка мыкаюцца тысячы маладых сем’яў.

З бальшавіцкага і савецкага часу ў эпоху суверэннай Беларусі перайшлі не толькі жыллёвыя праблемы, але і шмат шкодных звычак. Найгоршыя з іх — гэта людскі страх і хлусня.

У 1943 годзе сын геніяльнага беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага, расстралянага ў 1938 годзе сталінскімі катамі, літаратурна адораны Леанід піша з фронту: «И я не пойму, почему же судьба нанесла отцу смертельный удар. За что она отмстила человеку, справедливей, честней которого я не видал. Человеку с открытой и прямой душой, лишенной всяких мелких чувств и заполненной большими чувствами любви и заботы к своей Родине и народу. Может быть, за то, что много правды и ласки говорил он, забыв, что души черствы и природный инкстинкт руководит желанием многих».

Малодшы лейтэнант Л. Гарэцкі загінуў 18 лютага 1944 года пад Ленінградам, яму быў 21 год. Не сумняваюся, што Беларусь у яго асобе страціла выдатнага сына.

Не баючыся перагрузіць роздум цытатамі, прыводжу выказванне яшчэ аднаго франтавіка Віктара Астаф’ева, які на вайне ацалеў і спраўдзіў свой магутны талент у непаўторных кнігах: «Мне дорог мой народ, мое отечество. Все, что у него болит, болит и у меня. Но у меня болит еще, кроме всего прочего, когда врут. Когда врут бесконечно. Это уже привычный климат лжи. Я думаю, что общество, которое столько прошло крови, столько страдало, оно достойно уважения правдой, оно должно жить ощущением правды, порядочности, честности. /…/ И вообще, если болезнь замалчивать и не лечить, она приобретает агрессивную, тяжелую форму».

Я шчаслівы, што сябраваў з незабыўным Віктарам Пятровічам, вучыўся ў яго. А цяпер пры святле слоў двух сапраўдных людзей глянем уважліва на беларускую рэчаіснасць. Аўтарытарная дзяржава — гэта спецыфічнае ўтварэнне, дзе, нягледзячы на «ручное кіраванне», камандную сістэму, ніякія службы не могуць нармальна дзейнічаць, бо падначаленыя баяцца браць на сябе адказнасць, працуюць строга ў «пракруставым ложы» загадаў. Акрамя таго, усё, што адбываецца тут, засакрэчваецца або фальсіфікуецца.

Для наладжвання нармальнага жыцця ў Беларусі перш за ўсё трэба мець адкрытыя, празрыстыя, сумленныя выбары. Так выяўляецца пашана да галасуючых людзей, якія з’яўляюцца галоўнымі ў выбарчым працэсе. Гэта падкрэсліваў выдатны палітык У. Чэрчыль: «У аснове той даніны павагі, якую мы плацім дэмакратыі, знаходзіцца маленькі чалавечак, які ўваходзіць у маленькую будачку, бярэ маленькі аловачак і ставіць маленькі крыжык на маленькім лісточку паперы. Ніякая рыторыка, ніякая, нават самая ажыўленая, дыскусія не здольны прыменшыць першаступенную важнасць гэтага факта».

У прававых краінах у выніку сумленных выбараў ніколі не падвісаюць у няпэўнасці прэзідэнт і парламент. А ў Беларусі даказаць легітымнасць або нелігітымнасць выканаўчай і заканадаўчай уладаў абсалютна немагчыма, бо няма праўдзівага падліку галасоў.

Кепска, што вертыкаль дагэтуль не разумее важнасць адных з галоўных каштоўнасцяў нацыі — роднай мовы і культуры, не ведае, для чаго патрэбна незалежнасць, а выкарыстоўвае яе ў сваіх мэтах, каб толькі набіваць кішэні. Славуты французскі мысляр К. Сен-Сімон, нібыта аналізуючы стан сучаснай Беларусі, два стагоддзі назад напісаў: «Ибо невежество, суеверие, лень и пристрастие к дорогим удовольствиям составляет удел высших руководителей общества, а способные, экономные и трудолюбивые люди служат им лишь орудием и подчинены им. Ибо, одним словом, во всех родах занятий неспособные люди руководят способными, самые безнравственные люди призваны блюсти добродетель, а самые большие преступники поставлены карать провинности мелких». Выказванне б’е не ў брыво, а дакладна ў вока!

За апошнія дзесяцігоддзі мараль чыноўнікаў, сілавікоў рознага кшталту і суддзяў падверглася значнай дэфармацыі. Нядаўна афіцэр паліцыі ў Нью-Ёрку купіў бяздомнаму чалавеку за ўласныя грошы цёплыя чаравікі. Нашы грамадзяне не заклікаюць да такіх чалавечых подзвігаў сваіх праваахоўнікаў, хай бы толькі яны не здзекаваліся ў турмах над зняволенымі, не білі на манефістацыях жанчын і дзяўчат па галовах дубінкамі, не цягалі за валасы па асфальце, не выварочвалі кішэні ў п’яных на вуліцы, а строга выконвалі заканадаўства і абавязкі.

Грамадзяне хочуць мець дакладныя кошты камунальных паслуг, праезду на грамадскім транспарце, бо байкі пра нейкія міфічныя мізэрныя працэнты, якія імі аплачваюцца, усім надакучылі. Яны маюць права ведаць, якія ў сферы абслугоўвання зарплаты і прэміі атрымліваюць як сантэхнік або кандуктар-кантралёр, і так вышэй аж да міністраў, на якія грошы ўзводзяцца пампезныя офісы. Тады будзе ясна: хто, што і як аплачвае.

А між тым не спыняюцца атручванні ў школьных сталоўках, ёсць такія выпадкі і ў дзіцячых садках. Дажыліся да таго, што свядома губім здароўе сваіх дзяцей. Выдатны скульптар М. Шэмякін таксама асэнсоўвае паводзіны прадстаўнікоў сферы абслугоўвання: «Недавно я работал над новым балетом в Вильнюсе. Крошечный небогатый город. И когда я спрашиваю там официантов, свежая ли еда, то они даже не понимают, откуда может возникнуть такой вопрос. А в Петербурге я, интересуясь у официанта о том же, зачастую получаю в ответ: «Вот это блюдо мы вам очень не советуем». И говорят они это только потому, что узнали меня, пожалели Шемякина! Нужно иметь мировую известность, чтоб не проглотить тухлую котлету!»

Наспела патрэба мяняць адносіны людзей да свайго месца ў жыцці, да прафесійнай і асабістай годнасці. Кожны павінен асэнсавана адчуваць гарызонты ў сваім жыцці і ў жыцці краіны.

Жыць паміж людзей няпроста, кожнаму з нас трэба не баяцца праўды, быць камунікабельным, чуйным да чужой бяды, спагадлівым, міласэрным. Гэтую навуку чалавек асвойвае праз усё жыццё.

Праўду можна не прымаць, можна нават люта ненавідзець, але яна ўсё роўна прарастае і будзе прарастаць з мужных беларускіх сэрцаў, як з долу ўзнімаюцца каліны над чыстымі крыніцамі. Спыніць вечны рух нікому не дадзена…

Мы і не агледзеліся, як у клопатах прайшоў яшчэ адзін год. А наперадзе — новыя перажыванні, засмучэнні ад страт або задаволенасць дасягнутым, маленькія і вялікія радасці. Сардэчна віншую вас, шаноўныя чытачы, са светлымі святамі: Калядамі і Новым 2013 годам, жадаю моцнага здароўя, добрага настрою і ўдачы!

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.