TOP

СВАБОДА ВАЎКОЎ

Паведамленні сучасных СМІ нагадваюць звесткі з франтоў. Праводзяцца антытэрарыстычныя аперацыі, ліквідуюцца бандыцкія групоўкі, знішчаюцца або раззбройваюцца маньякі, псіхічна хворыя індывіды, якія замахнуліся на чалавечае жыццё. Не дзіўна, што для зямлян пастаянныя лакальныя стрэлы, выбухі ў розных кутках планеты зліваюцца ў гул сапраўднай вайны. 

З ХХ стагоддзя, якое названа «веком крови, смешанной с барахлом», людзі перапаўзлі ў больш цынічную і не менш забойчую эпоху. Пад прыкрыццём рэгулярных ваенных грымотаў паўсюдна ідзе яшчэ адна глабальная вайна — змаганне за ўладу, маёмасць і грошы. Тут таксама ёсць ахвяры — тысячы чыноўнікаў, дэпутатаў, прадпрымальнікаў, якія забіты, атручаны, закатаны пад асфальт або заліты цэментам у бочках.

Крыўдна, але гісторыя сёння банальна паўтараецца. У ацэнцы мінулага спашлюся на думку расійскага вучонага М. Вахціна: «Мир вокруг быстро менялся, а в СССР у власти стояли посредственности, люди неумные, плохо образованные и умелые лишь в аппаратных интригах и играх. Вместо того чтобы проводить политику, которая позволила бы стране не отстать от остального мира, они проводили политику, которая позволяла им сохранить власть».

Пасля развалу савецкай імперыі новыя ўладалюбцы, якія мелі прад сабой прыклад крамлёўскіх старцаў, заявілі: «А мы — што, горшыя?» З партыйных чыноўнікаў, з афіцэраў КДБ, з дырэктараў заводаў або саўгасаў пры дапамозе папулізму і піяру вылупіліся «месіі». Вакол кожнага з іх створана «падушка бяспекі» з верных, прыкормленых чыноўнікаў і сілавікоў, стаіць істэрычны халуйскі крык ідэолагаў і афіцыйных СМІ: «Яму няма альтэрнатывы!» Але гэта — хлусня: па асабістых якасцях, па кіраванні сучасныя «правадыры» не лепшыя за былых, а ў эгаізме, у паралічы сумлення значна пераўзышлі іх.

Помняцца бадзёрыя, «жартоўныя» словы з часу прыхватызацыі: «А ну-ка, комсомольцы! Дайте станцевать партейным!» Сталая і маладая наменклатура ўволю патапталася па лёсах мільёнаў звычайных людзей. Яна прысабечвала народнае багацце, дазваляла красці дружбанам, рыхтавала базу для сыноў і дачок. А цяпер да вялікіх грошай падцягваюцца ўнукі функцыянераў і алігархаў. Гэты працэс стаў звыклым і ў Беларусі.

А чым здзівіла ХХІ стагоддзе? Тым, што ўсё стала з ног на галаву, сёння не палітыка абслугоўвае эканоміку, а наадварот. Халяўныя расійскія нафта і газ, а таксама гандаль з Усходам і Захадам дапамагаюць тутэйшаму ўзурпатару праводзіць аўтарытарную палітыку.

У сучасным свеце матэрыяльныя даброты, грошы пераважваюць правы чалавека, прыстойнасць, сумленне, справядлівасць. Некаторыя заходнія дэмакраты на глебе эканамічных выгод амаль што цалуюцца з тыранамі.

У Беларусі, як і ўсюды, ёсць уладныя, эканамічныя, фінансавыя драпежнікі, якія збіліся ў кланы. Яны забяспечылі сабе поўную свабоду, жывуць «под собою не чуя страны», спаборнічаюць у «дэманстратыўным спажыванні».

Насельніцтва таксама нібыта займела спажывецкую свабоду. Уласнымі намаганнямі і з дапамогай іншых краін рынак запоўнены разнастайнымі прадуктамі і таварамі. Але ці можа сярэднестатыстычны жыхар Беларусі пакарыстацца якаснай прадукцыяй? Не! У яго няма грошай, даводзіцца купляць таннае, няякаснае, мець прымітыўныя паслугі. Вось і атрымліваецца, што спажывецкай свабодай карыстаюцца «гаспадары жыцця», чыноўніцкія, дэпутацкія, сілавыя і алігархічныя «ваўкі».

Тое ж самае адбываецца і ў маштабах чалавецтва. 147 транснацыянальных кампаній (пераважна фінансавых) цяпер валодаюць 40% сусветнага багацця. Шалёная пагоня за ўладай, за вялікімі грашыма прыводзіць многіх амбітных дзялкоў да чалавечай дэградацыі. Але чамусьці зямляне не хочуць заўважаць прамой сувязі паміж захопам любымі спосабамі кіруючых крэслаў, вялікага багацця і катастрафічным падзеннем маралі.

Асабліва выразна бачыцца маральны развал у аўтарытарнай дзяржаве, дзе створана закончаная сілавая, антыдэмакратычная, карупцыйная сістэма. Выблытацца з яе звычайнымі спосабамі немагчыма. На мой погляд , думка заходніх палітыкаў пра тое, што беларуская бюракратыя сама, уласнымі сіламі здольная рэфармавацца і некалі зможа гэта зрабіць, невераемна абсурдная.

Для таго каб не было народных рэвалюцый, якіх аўтакраты баяцца як чорт ладана, трэба клапаціцца пра разумную эвалюцыю грамадства. Яна патрабуе не ідэалагічнай балбатні, а канкрэтных дзяржаўных праграм у палітыцы і ў эканоміцы, пастаяннай падтрымкі. Насельніцтву самому паслядоўна супрацьстаяць пануючай у краіне антызаконнасці — гэта вышэй чалавечых сіл.

У Беларусі эвалюцыя спынілася, даўно адсутнічае рэальная палітычная і эканамічная канкурэнцыя. Кланы змагаюцца за права пілаваць дзяржаўны бюджэт, перахопліваць рэсурсы.

Галоўная наша бяда ў тым, што ў народа няма свабодных, адкрытых выбараў. Але і ва ўсіх тутэйшых «абранцаў» выбар таксама невялікі: або заставацца на чыноўніцкай пасадзе, у парламенце, у бізнесе, або ісці ў турэмную камеру.

Ф. Дастаеўскі пісаў: «Без связующей, общей, нравственной и гражданской идеи нельзя взрастить поколение». Дзяржаўныя служачыя замест таго, каб паказваць народу прыклад арганічнага спалучэння свабоды і адказнасці, індывідуалізму і калектывізму, канчаткова зацыкліліся на ўседазволенасці, на грабежніцтве. Кланы ва ўладзе і ў бізнесе нагадваюць зграі ваўкоў, якія рыскаюць па Айчыне і крадуць, цягнуць у свае безгустоўныя, гламурныя «логавы» без разбору любое дабро. Нармальным грамадзянам вельмі цяжка ў такіх жудасных умовах выхоўваць дзяцей і моладзь. Слушна кажа ў сваёй кнізе «Школа и ее окрестности» дырэктар адной з лепшых маскоўскіх гімназій, доктар педагагічных навук Я. Ямбург: « Свобода, дарованная волкам, оборачивается смертью для овец».

Тым не менш, «авечкі» так проста на закланне, на смерць не пойдуць, пра што сведчаць пратэстныя народныя хваляванні ў свеце. Гэта толькі ў адной Беларусі рабства, пакора і абыякавасць насельніцтва зашкальваюць. Тут як аўтарытарнай уладзе, так і людзям напляваць на тое, што будзе з роднай краінай. А ў Партугаліі, Іспаніі, Францыі, Італіі на маніфістацыі выходзяць сотні тысяч грамадзян, бо ведаюць, што сагнуцца, затуліцца, адсядзецца не выйдзе. Дробненькія, мізэрныя, тактычныя выйгрышы асобнага маленькага чалавечка ў маштабах краіны і народа немінуча канчаюцца стратэгічнай катастрофай.

Людзі стаміліся ад уладалюбных маньякаў, ад узурпатараў-садыстаў, ад злодзеяў ва ўладзе, якія лічаць сябе вышэйшай кастай, «небажыхарамі». Звычайныя працаўнікі больш не могуць фізічна, за кошт свайго здароўя і нават самога жыцця, трымаць на ўзмыленых шыях гіганцкія карпарацыі, манаполіі, банкі. Усяму ёсць мяжа.

Ненажэрныя «ваўкі» ва ўладзе і ў бізнесе спачатку даводзяць рахманых, ціхіх «авечак» да жыццёвага тупіка, а потым здзіўляюцца: чаму і адкуль выбухаюць каляровыя рэвалюцыі?

Любое жывое стварэнне, загнанае ў кут, здольнае на адчайны ўчынак. Падзеі ў свеце развіваюцца такім чынам, што ў хуткім часе ўсё можа скончыцца глабальнымі сацыяльнымі ўзрушэннямі, якія заслоняць нават бурлівыя «арабскія вёсны». 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.