TOP

НЕ ЛЕКІ, А ЗДЗЕКІ

Міністэрства аховы здароўя прапаноўвае ўнесці папраўкі ў заканадаўства, згодна з якім хворых пацыентаў будуць бясплатна лячыць самымі прымітыўнымі лекамі, а калі яны хочуць папраўляць здароўе эфектыўнымі прэпаратамі, дык няхай купляюць іх за свой кошт. І трэба ж здарыцца такому:Перад Вялікаднем якразСпярша адчуў у целе стому,А потым захварэў Тарас.

Не чуе ног, баліць пячонка,
І сэрца ные ад хады…
Аж устрывожылася жонка:
— Хаця б жа не было бяды.
Яшчэ да пенсіі не скора
(А гэта значыць, не стары),
Аднак жа ты, як дзед той, хворы…
Няхай агледзяць дактары!
Едзь у раённую бальніцу,
Там паляжы крыху, Тарас,
Каб продкі не ўзялі ў зямліцу,
Каб не сканаў, крый Бог, не ў час.
Улада ж нам даводзіць чынна,
Што рай стварыла для жывых,
Што ў нас цудоўная краіна —
Вунь, як і колісь, медыцына
Бясплатная для нас усіх.
Паслухаўся Тарас «палову»,
Паехаў ён да дактароў,
Хоць час на пасту гнаць карову
І мала ўжо ў застрэшшы дроў.
Агледзелі ўрачы вантробы,
Абмацалі Тараса спрэс…
— Запушчаныя ўсе хваробы,
Далёка ўжо зайшоў працэс, —
Такое кончае рашэнне
Суладна вынеслі ўрачы. —
Хоць мы і распачнём лячэнне,
Не факт, што зможам памагчы…
Пра што казалі эскулапы,
Тарас даўмеў ужо пасля.
Не, дактары ў яго «на лапу»
Не вымагалі ні рубля.
І не было ў іх словах здзекаў.
Хоць дзень мінуўся не адзін,
Ды ў якасці «цудоўных лекаў»
Давалі толькі аспірын.
— А ў нас няма другіх таблетак.
Такія сродкі — хоць ты плач! —
Нам выдае дзяржава, — гэтак
Тлумачыў небарака-ўрач. —
І вы на нас не рвіце глоткі,
Бо мы жадаем вам дабра.
За ўласныя купляйце сродкі
Усё, што скажа медсястра.
І што рабіць цяпер Тарасу,
Калі ў яго хваробаў кош?
Каб праўда не сканаць да часу,
Шукаць патрэбна нейкі грош.
Найперш яго хвалююць ныркі,
І трэба лекі з-за мяжы.
Рашыў ён жонку «ўзяць за шкіркі»,
Бо чалавек жа не чужы.
І загадаў ён «палавіне»:
— У банку папрасі крэдыт.
Калі ён грошай не падкіне,
Праз месяц адыду ў нябыт.
І жонка ў банк пабегла зранку,
Хоць касавурыла пагляд.
І грошы атрымала ў банку,
Аддаўшы хату
У заклад.
Лякарствы набыла для нырак,
На вынік добры ёсць спадзеў…
Але ў здароўі іншых «дзірак»
За доўгі век Тарас займеў.
Ёсць перабоі і ў «маторы»,
Крый божа, здарыцца інфаркт…
І лекі, каб пазбегнуць гора,
Таксама трэба — гэта факт.
Ну што рабіць, куды падзецца?
Пабегла жонка па радні.
Хто аж мільён аддаў «на сэрца»,
А хто не даў рублёў ані.
Так-сяк наскрэбла ўсё ж на лекі,
Перахапіла з іншых рук…
Але ў Тараса, бы ў калекі,
Хрыбетнік ные, гнецца ў крук.
Спадзеў на паратунак кволы,
Як трэска, зломіцца хрыбет…
Ды ўсё ж на тры-чатыры ўколы
Пазычыў што-нішто сусед.
Аднак Тарас зусім «няспраўны».
Ад хвалявання, ад турбот
Закралася і язва ў страўнік —
Наедак больш не лезе ў рот.
І жонка — з сумнымі вачыма:
Не можа памагчы ў бядзе,
Бо штось пазычыць немагчыма
Ужо ні ў кога і нідзе.
— Ты занясі для бабы Клавы,
Шаптухі, малака глячок.
Яна збірае-сушыць травы,
Дык, можа, дасць які пучок… —
Тарас, даведзены да краю,
Надзею не ўпускае з рук.
Дала яму траву старая.
І не пучок, а цэлы пук!
Так здабываў гаротнік лекі —
Як кажуць, з горам папалам.
Ён пачуваўся трохі лепей,
І цела ўжо — не нейкі хлам.
І вось камісія прыджгала
З галоўным самым на чале.
— Ты сіл, Тарас, прыклаў нямала,
І мы стараліся. Але
Бальніцы нашай, як і людзям,
Жывецца цяжка ў час такі.
Таму й карміць цябе не будзем —
Хай з вёскі возяць кумпякі.
* * *
Калі ў вас штосьці забалела,
Дык лепш заказвайце імшу:
Не вылечыць бальніца цела,
А толькі плюне
У душу.

Алесь НЯЎВЕСЬ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.