TOP

Р. КАСТУСЁЎ: «АД НІЗКІХ ЦЭН НА «КАМУНАЛКУ» ВЫЙГРАЮЦЬ ТОЛЬКІ БАГАТЫЯ»

Ці пойдуць улады бліжэйшыя гады на пэўныя рэформы ў сферы камунальнай гаспадаркі хаця б дзеля эканоміі бюджэтных сродкаў?

Былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў — бадай, менавіта той чалавек, якому ёсць што сказаць пра рэформы ў сферы камунальнай гаспадаркі. У 1995 — 2001 гадах Кастусёў працаваў дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а зараз з’яўляецца экспертам па ЖКГ праграмы «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі для Беларусі». З ім мы размаўляем пра тое, якія рэформы трэба правесці ў камунальнай сферы.

Віталь Асіповіч: Якія, на вашу думку, сёння асноўныя праблемы ў беларускай камунальнай гаспадарцы, што патрабуюць неадкладнага вырашэння?

Кастусёў: У камунальнай гаспадарцы рэформы наспелі даўно. На жаль, нават тыя этапы рэфармавання, якія былі запланаваныя беларускімі ўладамі, не ажыццявіліся. Яшчэ ў 2003 годзе была зацверджана дзяржаўная Канцэпцыя рэфармавання і развіцця ЖКГ. Далей пад яе прыняты шэраг праграмаў. Апошняя зацверджана на 2011 — 2015 гады. Існуюць і «паралельныя» праграмы «Чыстая вада», па энергазберажэнню, выкарыстанню мясцовых паліўных рэсурсаў.

Але можна смела сказаць: усё гэта правалена. Хаця парадокс у тым, што накіраваныя на іх сродкі «засвоеныя»! І галоўная прычына гэтага правалу банальная: дзяржава ніколі не можа быць настолькі паваротлівай, як прыватны бізнес. А яго акурат у гэтай сферы і няма. Хаця ў канцэпцыі сказана: да 2015 года ўсе аб’екты жыллёва-камунальнай гаспадаркі будзе абслугоўваць прыватны бізнес на ўмовах канкурэнцыі.

Асіповіч: Такім чынам, сама дзяржава паставіла даволі радыкальныя рынкавыя задачы, але сама іх і не выканала. Чым вы гэта патлумачыце? Не хапіла сродкаў, жадання альбо проста быў узяты іншы курс?

Кастусёў: Сродкаў якраз хапала. Аднак не было жадання, бо любыя рэформы патрабуюць ад чыноўнікаў вялікіх намаганняў. Да таго ж рэформы прыводзяць да скарачэнняў, і чыноўнікі разумелі: яны пазбавяцца цёплых наседжаных месц.

Наступная праблема — падрыхтоўка кадраў. Для ЖКГ кадры ў Беларусі фактычна не рыхтуюцца. Тры навучальныя цэнтры пры абласных упраўленнях — гэтага яўна не дастаткова.

Неабходна забяспечыць канкурэнцыю ў прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг. Менавіта канкурэнцыя дасць штуршок і для павышэння якасці, і паніжэння сабекошту.

Гэта галоўнае. Аднак ёсць яшчэ шмат пунктаў, якія трэба выканаць. Тут і асобая ўвага аб’ектам на сяле. Гэта і праблема перапрацоўкi смецця. Калі гэтую праблему не вырашыць у бліжэйшыя часы, то мы проста завалім краіну гарамі смецця, якія ўжо ёсць пад Мінскам.

Асіповіч: Усё ж, напэўна, большасць найперш цікавяць лічбы ў «жыроўках» за камунальныя паслугі. Беларусы ведаюць: у суседніх краінах людзі плацяць за двухпакаёвую кватэру звыш ста долараў, у два-тры разы больш, чым у Беларусі. І вось нашы людзі думаюць, калі ў нас адбудуцца тыя самыя рэформы, то і мы пачнем плаціць утрая больш? Што на гэта можна адказаць?

Кастусёў: Так, наша дзяржаўная прапаганда вельмі ўмела выкарыстоўвае гэтыя факты і вешае людзям локшыну на вушы. Я заўсёды задаю пытанне — а дзе дзяржава бярэ грошы, каб пакрыць тыя расходы, якія ідуць на камунальныя паслугі? Яна бярэ іх з бюджэту, з нашай кішэні! Таму ў рэформу жыллёва-камунальнай гаспадаркі неабходна ўнесці і такі пункт, каб тыя грошы, якія дзяржава забірае ў насельніцтва, вярнуць людзям праз фонды заработнай платы, пенсійныя фонды. І ўжо сам чалавек будзе распараджацца гэтымі грашыма.

Бо сітуацыя, калі дзяржава аплачвае за насельніцтва да 80 працэнтаў жыллёва-камунальных паслуг, больш выгадна багатым людзям, вялікім чыноўнікам, якія маюць у выкарыстанні жыллё з вялікімі плошчамі. А ў самым невыгодным становішчы аказваюцца малазабяспечаныя ў невялікіх кватэрах альбо сельскія жыхары, якія жывуць без вадаправода і каналізацыі. Таму менавіта чыноўнікі, якія жывуць у вялікіх кватэрах і больш за іншых спажываюць жыллёва-камунальныя паслугі — яны і імкнуцца гэтую сітуацыю замарозіць.

Асіповіч: Але ўлада мусіць разумець — бюджэт надалей не можа аплачваць за насельніцтва тыя самыя 70 працэнтаў камунальных паслуг. Ваш прагноз: ці пойдуць улады бліжэйшыя гады на пэўныя рэформы ў гэтай галіне хаця б дзеля эканоміі бюджэтных сродкаў?

Кастусёў: Тое, што адбываецца зараз на заканадаўчым узроўні, часам немагчыма зразумець. Правая рука не ведае, што робіць левая. 2 красавіка ўступіў у сілу новы Жыллёвы кодэкс. Збольшага яму можна даць станоўчую адзнаку, ёсць пазітыўныя зрухі. Але незаўважанай засталася адна падзея — літаральна за месяц да гэтага Саўмінам прынята «Праграма рэфармавання і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі на 2011—2015 гады». І многія пункты праграмы супярэчаць новаму жыллёваму кодэксу!

Зараз улады рыхтуюць новы ўказ аб наданні камерцыйнага статусу жыллю, якое яшчэ не з’яўляецца прыватызаваным. Людзей падштурхоўваюць прыватызаваць кватэры, але цяпер ужо за значна большыя сумы. Першасны прыватызацыйны разавы ўнёсак на працягу года пасля афармлення дакументаў на прыватызацыю павінен адпавядаць 10% ад кошту кватэры. Што для грамадзян, якія пражываюць у дамах, пабудаваных у 1980—1990 гадах, будзе раўняцца каля паўтары тысячы долараў. І калі людзі не прыватызуюць кватэры, то праз год ім давядзецца плаціць арэндную плату па рынкавым камерцыйным кошце.

Для чаго гэта робіцца? Проста ўлады спрабуюць выправіць свае хібы за кошт кішэняў беларускіх грамадзян.

Віталь АСІПОВІЧ

Читайте на эту тему: КИЛОВАТТЫ И ДЕНЬГИ

                                   ОТ ИМЕНИ ЖИЛЬЦОВ НАШЕГО ДОМА…


Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.