TOP

ПАД ЗНАКАМ «ПРЫШПІЛЬНАСЦІ»

Напярэдадні дня народзінаў Васіля Быкава «Еўрапейскі клуб» ладзіў вандроўку ў родныя мясціны знакамітага пісьменніка…

Безумоўна, старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, які ўжо шмат год з’яўляецца нязменным вядоўцам падобных вандровак, раскажа ўсё больш прафесійна і грунтоўна, таму я нават не буду прабаваць нейкім чынам з ім канкураваць, а спыню вашу ўвагу толькi на тым, што заўсёды цікава не менш гістарычных падрабязнасцей. Пры гэтым адразу прашу прабачэння ў узгаданага вышэй Антона Астаповіча за «маленькі плагіят», бо «прышпільныя моманты» таксама належаць яго расказам.

Пачну з самалёта, які вядомы ўсім, хто праязджае праз Бягомль. У час вайны там сапраўды была партызанская зона, сапраўды недалёка быў ваенны аэрадром і «паветраны мост» з «Вялікай зямлёй», але самалёты ІЛ-14, які стаіць на пастаменце, туды не ляталі і лятаць не маглі, бо вытворчасць пачалася толькі ў 1947 годзе.

А ў час вайны актыўна выкарыстоўваліся іх «старэйшыя браты», то бок ЛІ-2, якія былі пабудаванымі на базе купленай СССР у 1936 годзе ліцэнзіі амерыканскіх «Дугласаў».

Напэўна, падобную «дробязь» можна было б лічыць не самай галоўнай у нашым жыцці, каб з іх потым не нараджаліся далёкія ад праўды міфы.

А вось тое, што афіцыйным гербам Лепеля з’яўляецца «Пагоня», зусім не міф, а самая сапраўдная рэальнасць.

 

Пасля трэцяга раздзела Рэчы Паспалітай царскія ўлады 20 ліпеня 1852 года даравалі яго гораду, які ўвайшоў у склад Расійскай імперыі, а 2 чэрвеня 2009 года сучасныя беларускія ўлады гэты факт пацвердзілі афіцыйна, зрабіўшы «Пагоню» гербам усёй Віцебскай вобласці, што для нашых часоў, мякка кажучы, нетыпова.

Расказ пра гэты горад будзе крыху няпоўным, калі не ўзгадаць знакамітага лепельскага цмока. Зраблю гэта і я. І не толькі нагадваннем пра тое, што пачвара вядомая з канца 16-га стагоддзя, калі пачалі прападаць рыбакі, а людзі потым знаходзілі быццам бы перакушаныя лодкі.

Больш спадабалася думка пра тое, што лепельскага цмока ў нейкім сэнсе можна лічыць ідэйным прашчурам прыродаахоўнай інспекцыі, бо ён таксама некалі змагаўся з браканьерамі…

Калі ж абысціся без жартаў, то ёсць сэнс нагадаць, што менавіта Лепель сёння з’яўляецца адзіным горадам Беларусі, дзе ёсць помнік знакамітаму канцлеру Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу. А тое, што стаіць ён на перакрыжаванні вуліц Дзяржынскага і Ленінскай, можна аднесці да «недарэчнасцяў» найноўшай гісторыі нашай краіны.

Як і «помнік» савецкім касманаўтам у вёсцы Бачэйкава. Якое яны маюць дачыненне да маленькай беларускай вёсачкі, можна толькі здагадвацца, але другое вядома цалкам — тут некалі месціўся маёнтак знакамітага роду Ціханавецкіх, якія былі кавалерамі Мальтыйскага ордэна. Шмат гадоў яны збіралі рарытэты, якія мелі дачыненне да гісторыі нашай зямлі. У калекцыю ўваходзілі некалькі дзясяткаў тысяч экспанатаў і паглядзець яе мог кожны жадаючы.

Будынак, які знаходзіцца за плячамі «чалавека з ракетай», некалі быў адным са службовых памяшканняў сядзібы Ціханавецкіх. Сам жа вельмі прыгожы палац да нашых дзён не захаваўся, бо быў спалены вясной 1944 года партызанамі. Такім быў загад Панцелеймона Панамарэнкі, які «ваяваў» з нямецка-фашысцкімi захопнікамі з Масквы і ажыццяўляў у акупаванай Беларусі тактыку «выжженной земли».

Паліць па начах палацы і сядзібы было значна прасцей, чым ваяваць з немцамі, таму партызаны выконвалі гэтыя загады з асаблівым імпэтам. Па ўсёй Беларусі яны спалілі дзясяткі цудоўных маёнткаў і палацаў, якія зараз былі б сапраўднымі шэдэўрамі айчыннага дойлідства.

Другі «помнік» сацрэалізму месціцца ў вёсцы Двор-Нізгалава і адразу выклікае асацыяцыю з адным з галоўных атрыбутаў савецкага дзяцінства — «октябрятским значком». Ленінскіх кепак і браневікоў асабіста мне даводзілася бачыць даволі шмат, а вось «Володь» — ніводнага. Самае «прышпільнае», што стаіць ён побач з помнікамі «старого мира», ад якога дарослы Ульянаў потым прынцыпова адмовіцца і стане Леніным.

Аднак справа не толькі ў нейкіх палітычных метамарфозах. Нават адчуванне любой «прышпільнасці» адразу знікае, калі даводзіцца бываць каля руін, падобных на тыя, што стаяць ля вёскі Селішча. Зараз можна толькі ўявіць, якія тут некалі былі прыгожыя касцёл і кляштар і што з імі «зрабілі бальшавікі», але сумна не толькі ад разумення зробленага ў мінулым. Цяжка ад таго, што сёння гэта прыгажосць нікому не патрэбна…

Называць такія падзеі «прышпільнымі» вельмі-вельмі не хочацца.

Аляксандр ТАМКОВІЧ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.