TOP

Рэфлекс сабакі Паўлава

Выдатны фізіёлаг, першы лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў Расіі І. Паўлаў (1849 —1936), праводзячы доследы на сабаках, даказаў, што паўтарэнне прасцейшых дзеянняў прыводзіць да таго, што рэакцыя на з’явы, якія часта паўтараюцца, адбываецца неабдумана. Проста ёсць сігнал і на яго ў адказ — дзеянне. Рэфлексы пераважаюць над розумам. 

Ствараючы сваё геніяльнае вучэнне пра вышэйшую нервовую дзейнасць чалавека, І. Паўлаў, відаць, не думаў, што ягоную методыку возьмуць на ўзбраенне цынічныя і бязлітасныя палітыкі, што аб’ек­тамі не навуковых, а палітычна-сацыяльных эксперыментаў будуць цэлыя народы.

Беларусы, якія ганарацца тым, што жывуць «у цэнтры Еўропы», у значнай масе далёкія ад цывілізаванага ўзроўню палітычнай і агульнай культуры. Жыццё паказвае, што яны, як сабакі Паўлава, наступаюць практычна на адны і тыя ж граблі. У душу закрадваецца падазрэнне, што замбіраваныя людзі ўжо не рэагуюць нават на холад. Пра гэта сведчыць кожны надыход восені.

«Слугі народа», якія пры аўтарытарызме амаль пагалоўна займелі катэджы з аўтаномнай сістэмай абагрэву, а таксама вялікія зарплаты, прэміі, бонусы, здольныя вытрымаць любыя бытавыя выдаткі, у тым ліку затраты на паліва, электраэнергію, з прыходам восеньскіх халадоў і не шманаюць. Ім цёпла, утульна, камфортна.

А вось іхняе «дзявочае бяспамяцтва» ў адносінах да астатніх людзей, якія з мізэрных зарплат і пенсій не могуць выдзеліць салідныя сумы грошай на ўключэнне абагравальнікаў (такіх 80%!), нічым іншым, як садызмам, назваць нельга.

Як значнае дасягненне чыноўнікі падносяць ссінеламу, скалеламу народу нібыта датэрміновае ўключэнне ацяплення ў дзіцячых установах, хоць тут заўжды павінна быць нармальная тэмпература. Ім здаецца, што ад гэтага паведамлення і ўсім жыхарам Беларусі стане цяплей. Тое, што малыя пасля заняткаў у садках або школах трапляюць у дамашнія лядоўні, даўно нікога не хвалюе, але дарма: там — цёпла, тут — холадна, якраз пры такім рэзкім перападзе тэмператур дзеці і захворваюць. А што рабіць немаўлятам, якіх толькі што прывезлі дахаты з радзільнага дома?! Хто думае пра іх?

Тэмпература на вуліцы плавае ўначы каля 0, удзень каля 3—4 градусаў, а чыноўнікі бадзёра заяўляюць: «Все идет по плану!», і мільёны людзей, замест таго каб рашуча запатрабаваць чалавечых адносін да сябе, пакорліва мерзнуць, хварэюць.

А цяпер ад ацяплення кватэр пяройдзем да не менш надзённага пытання дабрабыту — забеспячэння насельніцтва харчаваннем, таварамі першай неабходнасці і лекамі. Пра больш высокія матэрыі — наведванне тэатраў, філармоній, музеяў, мастацкіх выстаў, набыццё кніг — я памаўчу.

Сёння, калі ты маеш грошы, у Беларусі, як, дарэчы, і ўсюды ў свеце, можна купіць што захочаш. Але, на жаль, цэны ў краіне як на імпартную, так і на айчынную прадукцыю высокія, па гэтым паказчыку мы лідзіруем у СНД, а па некаторых самых неабходных прадуктах і таварах нават пераўзыходзім заходнія краіны, дзе зарплаты і пенсіі ў шмат разоў вышэйшыя. Улада даўно высунула лозунг: «Купляйце беларускае!», але праводзіць дзіўную палітыку — кошты на харчаванне і тавары мясцовай вытворчасці заўжды большыя, хоць яны, як правіла, ніжэйшай якасці. З эканамічнай прычыны, а не з-за нястачы патрыятызму, як папракае ўлада, небагатыя беларусы едуць у Польшчу і Літву на закупы, якія так не падабаюцца ўшчэнт раззлаванаму прэзідэнту. Едуць да тых людзей, над якімі некалі, якраз з падачы «рупараў» свайго гаваркога і скандальнага куміра, пасміхаліся, злараднічалі: цэны ў іх — высокія, камунальныя паслугі — непад’ёмныя, яны галадаюць і замярзаюць. А палякі і літоўцы годна перажылі цяжкасці пераходнага перыяду і пайшлі далей па шляху прагрэсу. Паляпшэнню жыцця народаў ніколькі не перашкаджае тое, што кіраўніцтва краін, як гэта і належыць рабіць у цывілізаваным свеце, рэгулярна мяняецца.

Што тычыцца беларускай аўтарытарнай сістэмы, то яна не дае людзям ні палітычнай, ні эканамічнай свабоды, не стварае ўмоў для выяўлення самастойнасці і ініцыятыўнасці. Аб’яў­лены лідарам «уласны шлях» стаў таптаннем на месцы, а па многіх пазіцыях — спаўзаннем у мінус. Прыводжу лічбы для параўнання: за апошнія гады ў Казахстан вярнуўся мільён былых жыхароў, каб працаваць дома, а з Беларусі прыкладна такая ж колькасць людзей пастаянна выязджае на заробкі ў суседнія і больш далёкія краіны. Многія суайчыннікі наогул пакідаюць родную зямлю.

Перад кожнымі выбарамі кіраўнік, каб захаваць за сабой упадабаны трон, кідае насельніцтву костку ў выглядзе мізэрнага павышэння зарплат і пенсій, і рэфлекс сабакі Паўлава спрацоўвае. Стары лідар становіцца новым. Гэта ўжо стала ненармальнай традыцыяй.

Мне могуць запярэчыць: у Беларусі няма адкрытых выбараў, сумленнага, дакладнага падліку галасоў. Што ж, гэта праўда. Якраз на хвалі папулізму першы выбар насельніцтва ў 1994 годзе прывёў да такой дурной сітуацыі.

Але ж прайшоў час, большасці людзей стала бачна, што аўтарытарны лад буксуе на месцы, працуе ўхаластую, што яго трэба мяняць. Калі б 80% беларусаў, якія жывуць бедна, прагаласавалі за змены, то яны адбыліся б, бо такую колькасць бюлетэняў падтасаваць цяжка. Але наша насельніцтва на гэта не здольнае, яно лепш будзе цярпліва стаяць каля амбасадаў па візы для шопінгу, каля абменнікаў валюты і «чакаць з мора пагоды».

У царскі час кіраўнік нелегальнага «Союза борьбы за освобождение рабочего класса» У. Ленін быў асуджаны на 3 гады — не турмы, не катаргі, а проста ссылкі. А цяпер успомнім, якія тэрміны зняволення прысуджаюць у Беларусі невінаватым людзям, у тым ліку… кандыдатам у прэзідэнты? Але рэакцыі насельніцтва на такое невераемнае дзікунства няма. Яно маўчыць.

Палітвязні сядзяць у турмах без перадач, а ў гэты час інертныя абарыгены прымаюць прэзідэнцкія падачкі, цалуюць уладзе рукі, ды яшчэ крычаць, што нашы начальнікі лепшыя ў свеце.

Але паслухмяныя беларусы ўсё роўна трапілі пад знішчальны агонь з двух бакоў: імі пастаянна незадаволены прэзідэнт, якому не хапае пакорлівасці, а на Захадзе іх называюць «нацыяй з няпаўнавартаснымі асобамі». Нездарма Беларусь трапіла ў зомбі-апакаліптычны фільм з Б. Пітам «Вайна сусветаў Z»…

Успамінаюцца словы пра савецкае грамадства І. Паўлава, які быў не толькі вялікім вучоным, але і выдатным публіцыстам: «Мы живем в обществе, где государство — всё, а человек — ничто, а такое общество не имеет будущего, несмотря ни на какие волховстрои и днепрогэсы». Прароцтва спраўдзілася! Актуальна гучыць яно і ў дачыненні да Беларусі з яе аўтарытарнай сістэмай, з эклектычнымі новабудоўлямі.

У цэнтры Мінска, каля плошчы Перамогі, на балкон дома, які глядзіць на пераход для пешаходаў, пастаянна выходзіць псі­хічна хворая жанчына. Яна крычыць: «Фашисты везде! Надо дать им под зад ногой. Слабаки! Вперед на красный свет! Чего боитесь? Я приказываю. Так! Молодцы, придурки!» Гараджане праходзяць або нават прабягаюць пад балконам, уціскаючы галовы ў плечы. Думаю, што прычына гэтага — не толькі асабістая бяда жанчыны…

Жыццёвыя рэаліі Беларусі амаль за два дзесяцігоддзі аўтарытарызму сталі настолькі абсурднымі, што цяжка зразумець, хто хворы: мы, нібыта адэкватныя, ці няшчасная жанчына, якая крычыць з балкона?

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.