TOP

Восем бульбін

У беларускага класіка З. Бядулі (1886 — 1941), які ўзнімаў тэму цяжкага сялянскага жыцця, ёсць апавяданне «Пяць лыжак заціркі». У хату да галоднай шматдзетнай сямейкі, што сёрбае чаканае гарачае варыва, завітала суседка і не адмовілася сесці да стала. З’едзеныя ёю і падлічаныя гаспадаром пяць лыжак заціркі сталі арыфметычнай і філасофскай мерай тагачаснай нястачы.

Не ведаю, ці чыталі хрэстаматыйнае апавяданне чыноўнікі з Гомеля, але іх дзеянні амаль паўтараюць сюжэт. Адрозненне толькі ў тым, што ў творы гаворка ідзе пра «Северо-Западный край Российской империи», што «гэта было вясной, якраз у тую пару, калі галадуха пануе па вёсках, калі няма чым і муху накарміць». А мой роздум тычыцца падзей, якія адбываюцца ў суверэннай, «стабільнай і квітнеючай» Беларусі ў час «Дажынак», калі падводзяцца вынікі чарговай «бітвы за ўраджай».

Інфармацыя, якая ўразіла жыхароў краіны, выглядае так: «Учителя средней школы № 38 г. Гомеля сказали детям принести по 8 — 10 сырых картофелин «для помощи пенсионерам». На возмущение родителей, педагоги лишь горько разводили руками: «Это приказ «сверху». Нам сказали, а мы выполняем».

Сутнасць сітуацыі заключаецца не ў васьмі бульбінах, бо яны не пусцяць пад адхон любы, нават самы бедны сямейны бюджэт. Надта здзіўляе падыход улады да створанай ёй жа самой праблемы. Яна паводзіць сябе так, нібыта звяртаецца да заможных фермераў, у якіх засекі ломяцца ад клубняў. Але ж у дадзеным выпадку нехта з гарадской сям’і павінен пайсці ў краму або на рынак і купіць гэтыя няшчасныя восем бульбін. Як быццам у людзей мала ўласных праблем!

Улада, як галодная суседка Сцёпчыха — гераіня апавядання Бядулі, «падсаджваецца» да стала грамадзян і забірае частку сямейнага дабрабыту. Але, заўважце, кабета з’ела пяць лыжак заціркі не нахабна, яе запрасіла ветлівая гаспадыня Агата. А сённяшні рэжым дзейнічае ў адукаваным ХХІ стагоддзі ў духу палітыкі ваеннага камунізму — праз настаўнікаў загадвае кожнаму вучню прынесці па восем бульбін. Згодна грандыёзных планаў, яны складуцца ў гару клубняў, а затым чыноўнікі яе падзеляць — і такім чынам «ашчаслівяць» пенсіянераў.

Адкуль растуць ногі ў такой «геніяльнай» прыдумкі, здагадацца няцяжка. Раней восенню ўлада падкідала старым людзям невялікую суму грошай для закупкі гародніны на зіму. Цяпер у дзяржаве, паводле шлягера вядомага прадстаўніка расійскай папсы А. Буйнова, «финансы поют романсы». Вось і нараджаюцца ў галовах чыноўнікаў «бліскучыя» ідэі: абкласці аброкам гэтак званых «беспрацоўных», садраць з выязджаючых за мяжу па 100 еўра або накарміць збяднелы народ бульбай за кошт… самога народа.

Улада заўжды заганяе беларускае настаўніцтва ў дурнаватае становішча. Пачалося гэта з савецкага часу, адразу пасля 1917 года. Акрамя асноўнай працы, чым толькі па камандзе зверху не займаліся педагогі: ліквідацыяй непісьменнасці, перапісам насельніцтва, падпіскай на дзяржаўныя пазыкі, улікам зямлі і маёмасці ў прысядзібных гаспадарках і г.д. У мінулым яны былі вернымі падручнымі партыі і ўраду, а ў наш час сталі паслухмянымі рабамі аўтарытарнага рэжыму, што яскрава выяўляецца пры правядзенні выбарчых кампаній і рэферэндумаў.

Безумоўна, мы ведаем выпадкі, калі мужныя педагогі адмаўляюцца збіраць подпісы за дзеючага кіраўніка або ў выбарчых камісіях супраціўляюцца фальсіфікацыям і падтасоўкам пры падліку галасоў. Але іх няшмат, і пратэст заканчваецца немінучым звальненнем з працы. Вось і дайшло настаўніцтва да збору васьмі бульбін з вучня.

Да чаго рэжым давёў адукацыю ў краіне, выдатна бачна. Катастрафічна знізіўся ўзровень падрыхтоўкі педагагічных кадраў у ВНУ. Як вынік гэтага — слабыя веды ў выпускнікоў агульнаадукацыйнай школы. Такім чынам, узнікла замкнутае кола паўзучай дэградацыі ўсіх спецыялістаў, якіх рыхтуе сфера вышэйшай адукацыі. Раней дыплом нельга было атрымаць за грошы, патрабаваліся добрыя веды. А зараз яго можа займець любы лайдак і невук, які затым прыходзіць у кіруючыя органы, на вытворчасць, у навуку.

Знікла павага да абранай прафесіі, адчуванне гонару за яе. Напрыклад, многія настаўнікі роднай мовы па-за межамі ўрокаў нават у сваёй школе не гавораць па-беларуску.

Няхватка сапраўдных, таленавітых выкладчыкаў ВНУ, настаўнікаў, урачоў наўпрост звязана з нізкай аплатай іх працы. У бюджэце знаходзяцца грошы на павышэнне зарплат чыноўнікам, на раскошныя офісы, на спартыўныя збудаванні і правядзенне чэмпіянатаў, а на адукацыю і медыцыну іх няма.

Бягучы «Год беражлівасці» выглядае абсурдам. Аб’яўлены рэжым эканоміі тычыцца не ўсяго і не ўсіх. У друку прайшло шмат паведамленняў пра тое, як раённыя чыноўнікі купляюць такія дарагія лімузіны, на якіх не ездзяць службоўцы і ў самых багатых краінах свету. Што тут ужо казаць пра верхні эшалон улады, чый апетыт нашмат большы.

У той жа час згодна версіі швейцарскіх аналітыкаў з Credit Suisse беларусы разам з малдаванамі і ўкраінцамі ўвайшлі ў тройку самых бедных народаў Еўропы. Іх сярэдні гадавы прыбытак складае каля 5 тысяч долараў, што ў 10 разоў менш, чым сярэднесусветны.

Рэжым усюды стараецца нешта адабраць у людзей. Як турэмнае начальства і звычайныя наглядчыкі не толькі здзекуюцца з вязняў, але і абкрадаюць іх, расказаў ветэран афганскай кампаніі, прадпрымальнік і грамадскі актывіст з Ваўкавыска М. Аўтуховіч у жудасным ад будзённых дэталяў турэмнага існавання «Письме из ада» («Народная Воля», № 80). У канцы аповеду прызнаны міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі палітзняволены задае пытанні: «Как долго власть будет маскировать за шильдой «законности, справедливости и демократичности» анклавы рабовладельческого строя, созданные за заборами колоний? Как долго общество будет молчать об этой проблеме или делать вид, что она его не касается? Как долго мы будем закрывать глаза на абсолютный произвол?»

Пытанні ёсць, а канкрэтных адказаў на іх няма. Ад горкай праўды раптоўна аднімае мову як ва ўлады, што нацэлена на «жесточайшее подавление всех протестов», так і ў запалоханага насельніцтва, якое кіраўнік пад гарачую руку «любоўна» называе — «народец».

З. Бядуля, пішучы апавяданне «Пяць лыжак заціркі», спачуваў абяздоленым людзям, перажываў за іх пакуты. Аўтарытарная ўлада таксама ведае, што большасць сучаснага насельніцтва займаецца элементарным выжываннем, але корміць уласных грамадзян і ўвесь свет хлуслівым піярам: «Наши белорусы избалованы государством». Праблему паляпшэння народнага дабрабыту яна рашае не ўздымам эканомікі, а своеасабліва: нешта забірае ў адных, каб аддаць іншым — такім жа гаротнікам, як гэта атрымалася з васьмю бульбінамі.

Гледзячы на нашу рэчаіснасць, пераконваешся, што дурноце аўтарытарнай улады няма ні мяжы,ні супыну. Акрамя таго, марнуюцца і раскрадаюцца ў велізарных аб’ёмах народныя грошы. Сёння ніводзін прадстаўнік кіруючых кланаў, сілавых структур або прыўладнага бізнесу не можа, як герой вышэй упомненага шлягера пра фінансы, ганарыста сказаць: «Не на чужие я гуляю, на свои!»

…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72).

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.