TOP

За што Пуцін даў Лукашэнку 2 мільярды даляраў

Па выніках маскоўскіх перамоваў Аляксандар Лукашэнка не хаваў сваёй радасьці. 

«Сёньня можна з упэўненасьцю сказаць, што не засталося ніводнага пытаньня, якое б мы маглі паставіць перад нашымі расіянамі, або просьбаў, зь якімі мы маглі б зьвярнуцца да вас. Мы сёньня вырашылі ўсе пытаньні напярэдадні Новага году», — казаў ён на выніковай прэсавай канфэрэнцыі. Крэдыт у 2 млрд. даляраў, пра які беларускі кіраўнік апавядаў яшчэ год таму, нарэшце будзе атрыманы.

Гэтае пытаньне абмяркоўвалася паміж прэзыдэнтамі Беларусі і Расеі цэлы год. І затрымка з прыняцьцем беларускага бюджэту на 2014 г. была зьвязаная з адсутнасьцю яснасьці, якую дапамогу акажа РФ. Бо бяз вонкавага фінансаваньня ўтрымаць беларускую эканоміку ад абвалу немагчыма. А пасьля таго, як Расея прыняла рашэньне выдзеліць Украіне 15 млрд. даляраў, пытаньне пра крэдыт Беларусі ўвогуле падвісла. Афіцыйнаму Менску трэба было арганізоўваць нейкія тэрміновыя захады, рабіць прынцыповыя саступкі. І яны пасыпаліся адна за адной.

Быў вызвалены Ўладзіслаў Баўмгертнэр. У Беларусі зьявіліся расейскія самалёты, Менск чарговым разам паабяцаў разьмясьціць пад Лідай вайсковую авіябазу РФ.

17 сьнежня прэзыдыюм ураду Беларусі тэрмінова праводзіць адмысловае паседжаньне, прысьвечанае рэалізацыі пяці беларуска-расейскіх інтэграцыйных праектаў. БЕЛТА са спасылкай на першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашку інфармуе, што справа з аб’яднаньнем актываў дзьвюх краін разьвіваецца вельмі пасьпяхова. Холдынг МАЗ-КамАЗ можа быць створаны ўжо ў першай палове 2014 г. Беларускі ўрад гатовы прадаць расейскаму партнэру акцыі Менскага заводу колавых цягачоў. (А яшчэ 6 сьнежня Лукашэнка быў выступіў супраць продажу МЗКТ). Зь іншымі праектамі, паводле афіцыйнай інфармацыі, таксама ўсё ідзе даволі пазытыўна.

20 сьнежня ўрад паведаміў, што расейскай нафтавай кампаніі «Роснефть» прапанавана купіць пакет акцыяў Мазырскага НПЗ.

Нарэшце, 25 сьнежня ў першай палове дня сынод Рускай праваслаўнай царквы прызначыў новым мітрапалітам Менскім і Слуцкім мітрапаліта Разанскага і Міхайлаўскага Паўла. То бок іншаземец, расеец стаў кіраўніком праваслаўнай царквы ў Беларусі.

Прычым гэта было зроблена дэманстратыўна прыніжальна для беларускага кіраўніцтва і грамадзтва. Прызначэньне адбылося 25 сьнежня, у дзень каталіцкага Раства Хрыстовага. Мітрапаліт Павал вядомы як зацяты расейскі імпэрыяліст, агрэсіўны антызаходнік, які заяўляе пра магчымасьць ужываньня атамнай ці бактэрыялягічнай зброі, пра гатоўнасьць Расеі «адкрыць чарнобыльскі кранік», каб пакараць сваіх праціўнікаў. У зьвязку з пачаткам будоўлі Расеяй у Беларусі АЭС гэта выглядае злавесным сымбалем. Няма сумненьня, што без прынцыповага паразуменьня з Лукашэнкам гэтае прызначэньне не магло адбыцца.

То бок спачатку Лукашэнка, даўшы згоду на разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай вайсковай авіябазы, пагадзіўся на абмежаваньне вайсковага сувэрэнітэту. Дарэчы, у сераду ў Маскве падпісана пагадненьне аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Расеяй і Беларусьсю. Зьмест яго невядомы. А цяпер Лукашэнка здае і рэлігійны сувэрэнітэт. І ўсяго толькі за 2 млрд. даляраў! Вось як моцна прыпякло. Цікава, што ў сераду ні міністар фінансаў, ні міністар эканамічнага разьвіцьця РФ ня ведалі ні ўмоваў, ні крыніцаў выдзяленьня гэтага крэдыту. Толькі ў чацьвер кіраўнік Мінфіну РФ Антон Сілуанаў паведаміў, што 450 млн даляраў Расея дае з свайго бюджэту. Крыніцы астатніх абяцаных паўтара мільёна даляраў пакуль невядомыя. Гэта сьведчыць пра тое, што Ўладзімер Пуцін прыняў палітычнае рашэньне аб крэдытаваньні саюзьніка, што яно не было падрыхтаванае загадзя. 2 млрд даляраў дазволяць Беларусі працягнуць 2014 год без абвалу. А з 1 студзеня 2015 году, паводле плянаў, павінен запрацаваць Эўразійскі эканамічны саюз. Можна меркаваць, Лукашэнка падпіша адпаведныя пагадненьні толькі пры ўмове, што мыта за нафтапрадукты застанецца ў беларускім бюджэце (сёньня яно пералічваецца ў бюджэт РФ). Цана пытаньня — 4 млрд. даляраў. Гэтых грошай павінна хапіць, каб у 2015 годзе падвысіць заробкі і пасьпяхова правесьці прэзыдэнцкую выбарчую кампанію. За гарызонт выбараў ніхто не зазірае.

Валер КАРБАЛЕВІЧ, Радыё Свабода

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.