TOP

У Купалаўскім адбылася прэм`ера спектакля, прасякнутага патрыятызмам

У Купалаўскім тэатры адбыўся прэм’ерны паказ «Пана Тадэвуша» ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Геніяльная паэма Адама Міцкевіча ўпершыню ўвасоблена на беларускай сцэне.

«Забранзавелы» Паэт (Павел Харланчук), да якога завітвае Дзяўчына-эмігрантка (Валянціна Гарцуева), літаральна на вачах нараджаецца наноў і думкамі пераносіцца ў любую Літву.

Сцэнаграфія выбітная. Адчыняецца заслона, і на сцэне паўстае велічная белая брама (мастак Зіновій Марголін). Яна нагадвае трыумфальную арку, на фоне якой амаль згубілася самотная постаць аўтара паэмы, са спасылкай на Радые Свабода пiша «Наша Ніва».

Цягам усяго спектакля гэтая брама не пакідае сцэны, але ў кожнай новай дзеі яна набывае іншае пазнавальнае аблічча, ператвараючыся то ў парадныя вароты шляхецкай сядзібы, то ў вастрабрамскія муры Вільні, то ў паўразбураныя вежы Мірскага замка.

У нейкі момант, калі героі пачынаюць марыць пра адраджэнне былой велічы Вялікага Княства Літоўскага, прасвет белай брамы афарбоўваецца чырванню. (Дакладней, афарбоўваўся, бо пасля прагону спектакля перад міністрам культуры Святловым чырвоны колер замянілі на аранжавы.)

Дзеянне спектакля, як і паэмы Міцкевіча, пераносіць гледача ў 1811—1812 гады — час, калі шляхта захопленых Расеяй земляў Рэчы Паспалітай звязвала вялікія надзеі на вяртанне незалежнасці з перамогай Напалеона. Дзеля чаго яна адкінула спрадвечныя спрэчкі і звады ды гуртавалася ў шыхтах французскага імператара пад харугвамі са сваімі нацыянальнымі сімваламі — польскага Арла, жмудскага Мядзведзя, ліцвінскай Пагоні. Пасля прагону з міністрам культуры Пагоні не стала.

Прыгожая сцэна ёсць і ў пачатку, у якой студэнтка, захопленая лекцыямі Міцкевіча ў Калеж дэ Франс, паўтарае ягоныя словы: «На беларускай мове, якую называюць русінскай, альбо літоўска-русінскай… гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек. Гэта самая багатая і чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі».

А вось іншая сцэна — з наборам беларускіх хлопцаў у рэкруты расейскага войска, якіх афіцэр адразу ж выпраўляе на той свет…

Зрэшты, каб ацаніць спектакль, трэба яго пабачыць. Прэм’ерныя спэктаклі «Пана Тадэвуша» запланаваныя на 15, 16 і 17 студзеня.

Gazetaby.com

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.