TOP

Былы наркагандляр пра свае даходы, сістэму распаўсюду і бяздзейнасць міліцыі

Чаму міліцыя бяссільная перад прадаўцамі спайсу, колькі ў Баранавічах яго спажыўцоў і з-за чаго гэта праблема ў бліжэйшы час не вырашыцца — Intex-press распавёў былы наркагандляр.

— Чаму ты вырашыў адказаць на мае пытанні?

— Пра так званыя «лёгкія наркотыкі» мала ведаюць нават тыя, хто іх ужывае штодзённа. Не кажучы аб астатніх. Я лічу, што гэта вельмі важная тэма і аб ёй трэба болей пісаць.

— Як ты стаў збываць наркотыкі?

— Першае, з чым я пазнаёміўся, — гэта спайс. Пару год таму. Завёў нейкія стасункі з тымі, хто распаўсюджваў. Дарэчы, не ведаю, як там выглядаюць у фантазіі чытачоў такія людзі, але насамрэч — гэта звычайныя хлопцы, бывае, што і дзяўчаты. Магчыма, вашы дзеці, якія прадаюць усю гэтую дрэнь такім жа дзецям.

Дык вось, вернемся. Я пазнаёміўся з гандлярамі, пару разоў за іх перадаў «вес» — атрымаў грошы. Потым вырашыў займацца самастойна.

— Адкуль ты даведаўся пра тэхніку вырабу?

— Як і ўсе — прачытаў у інтэрнэце. Ёсць цэлыя сайты, прысвечаныя гэтай тэме. Яны не зачынены дагэтуль. Там і інструкцыі, і неабходныя інгрыдыенты, і прававыя парады. Карацей — усё, што трэба ведаць. Адтуль браў «веды» і замаўляў усё складнікі.

— Дастаць іх цяжка?

— Для вырабу «дуркі» патрэбны дзве рэчы — рэагент і аснова так званая. Рэагент — белы парашок, гэта непасрэдна тое, што дае ў галаву. На тых сайтах, аб якіх я казаў, ёсць цэлыя «крамы». Яны прапаноўваюць браць у іх рэагент оптам.

— Можна вось так заехаць і купіць ці што?

— Не, вядома ж, не. З такім «прадаванам» асабістага кантакту няма — усё праз інтэрнэт. Спісваешся з ім у скайпе, ён дае табе нумар электроннага гуманца. Туды кладзецца неабходная сума, замест гэтага «прадаван» у скайпе адпісвае табе адрас, дзе схаваны твой «скарб». Звычайна ён хаваецца ў пад’ездах дамоў спальных раёнаў буйных гарадоў — за смеццевай трубой прылеплены ці пад паштовымі скрынямі. У малых гарадах набыць складана ці немагчыма — трэба ехаць у абласныя цэнтры ці сталіцу. Галоўнае, хутка забраць — ёсць рызыка, што на закладку выпадкова трапіць мінак. Але звычайна хаваюць добра.

Бывае яшчэ такое, што кідаюць — грошы паклаў, а закладкі няма.

— А ты як прадаваў?

— Ха-ха. У мяне была такая сістэма, што я як бы і не прадаваў — за мяне гэта рабілі іншыя. Іх было чалавекі 3-4, як калі. Яны атрымлівалі «вес» і самі яго збывалі. За такія паслугі, вядома, налічваўся добры працэнт. Я толькі вырабляў, і праз 10 хвілін спайсу ў мяне ўжо не было — усё аддаваў «на рэліз». Рэкламы ніякай не было — усё разносіла малва. Можаш сам спытаць у любога падлетка. Усе ведаюць, хто дзе прадае і каму тэлефанаваць!

— Колькі ты зарабляў?

— Гэта залежыла ад дня. Звычайна — па 1-3 мільёны ў дзень. За «полку» (паўграма. — Аўт.) прасілі па 100 тысяч. Таксама быў опт, пачынаўся з 10 грам.

— Гэта атрымліваецца, што ў сярэднім 15 чалавек набывалі ў цябе штодзённа. Няўжо ў нас так шмат любіцеляў?

— Ды ты проста не ўяўляеш сабе, колькі іх! Зараз амаль кожны школьнік, калі не ўжывае рэгулярна, то хаця б каштаваў. Я табе дакладна кажу, што гэта хвароба. Тут на вуліцу выходзіш, хоць каго з чырвонымі вачамі ды сустрэнеш. На дадзеныя наркалогіі нават не глядзі. Там звычайна ўжо згубленыя нарыкі. «Міксавікоў» сярод іх не шмат, бо аб іх проста не ведаюць. Я б сказаў, што прыблізная колькасць такіх любіцеляў у нашым горадзе — тысяч дзесяць. Дакладна ніхто не ведае.

— Якіх кліентаў большасць? Ці ёсць сярод іх дарослыя людзі?

— Гледзячы якія дарослыя яшчэ. Калі да 30 гадоў, то такіх працэнтаў 50. Астатняя палова — да 20 гадоў. Старэйшыя не разумеюць «кайфу» ад спайсаў. А моладзі падабаецца. Адкуль бяруць грошы, я не ведаю. Бывала, што ў пазыку пыталі, тэлефоны пакідалі, планшэты, каб разлічыцца.

— А як з заканадаўствам? Трапляў ты ці твае «супрацоўнікі» ў міліцыю?

— Мае «спрацоўнікі», як ты кажаш, траплялі не раз. Я сам — не. Бо займаўся «лігай» — гэта спайс з такіх рэагентаў, якія не забаронены законам. Калі цябе «прымаюць» з весам у кішэні, то вязуць ва ўчастак, забіраюць траву на экспертызу. Сядзіш там тры гадзіны, чакаеш. Потым выходзіць афіцэр і са словамі «Пайшоў адсюль» выганяе, бо па сутнасці — прад’явіць няма чаго.

— А чаму нельга пасадзіць?

— У нас ёсць спіс забароненых рэчываў, якія прыраўнялі да псіхатропаў. Ён амаль кожны тыдзень дапаўняецца. Але факт у тым, што дастаткова дадаць да формулы адзін, а там вугляроду ці не ведаю чаго яшчэ, і вуаля — атрымліваецца незабаронены рэагент! Дададуць яго ў спіс забароненых толькі тады, калі з ім хто-небудзь пападзецца.

Усё гэта надрукавана на афіцыйным сайце ў сетцы, таму барыгі пачынаюць свой дзень з маніторынгу спіса — ці не трапіла туды тое рэчыва, якім яны гандлююць.

— Ці магчыма як-небудзь спыніць распаўсюджванне? Павінны быць рычагі — у Еўропе ж няма такой праблемы…

— Пакуль мы маем адчыненую мяжу з Расеяй, нічога не атрымаецца — усё ідзе адтуль, у нас сваіх лабараторый па вырабе рэагента няма. Яго робяць недзе ў Кітаі, магчыма, што і ў самой Расеі. На ўнос рэчыва ў спіс забароненых рэагуюць аператыўна — праз некалькі дзён на рынку новая формула — «ліга». Таму я бачу прычыну ў прававых прабелах і ў адсутнасці кантролю на мяжы.

У Еўропу хімія і не трапляе, бо на мяжы адшукаюць, — там паляць марыхуану. Ад яе хоць не памрэш.

— Я чуў, быццам бы за гэта не садзяць яшчэ і таму, што барыгі плоцяць працэнт асабістым людзям сярод сілавікоў, а тыя са свайго боку лабіруюць іх інтарэсы.

— Мо такое і існуе. Не буду казаць, што гэта немагчыма. Але ў Баранавічах я не плаціў нікому і нават не чуў, каб міліцыянеры прапаноўвалі такія варыянты. Можна падумаць, што тое, аб чым ты кажаш, у нейкім выглядзе існуе ў Мінску — самая буйная ў Беларусі інтэрнэт-крама псіхатропаў ужо колькі часу існуе і ніхто не прычыняе! У іх абароты велізарныя!

— Чаму ў моладзі так папулярны лёгкія наркотыкі? Здаецца, раней такога не было.

— А раней я і не жыў, не ведаю, як там было. А зараз у людзей ідэалы ўзнікаюць пад уплывам моды. Чуў расейскі рэп? Там кожны радок — заклік «папаліць». Выканаўцы самі кажуць, што яны наркаманы. Гэта мэйнстрым (мэйнстрым — нешта надзвычайна папулярнае. — Аўт.)!

Звычайна ад дуркі адыходзяць самі, калі разумнеюць. Але не ўсё паспяваюць да з’яўлення прывыкання.

— Прывыкання? Кажуць, быццам бы спайсы не выклікаюць ніякага прывыкання.

— Хлусня і лухта. Яшчэ як выклікаюць! Ты проста прыпальваешся, табе становіцца мала стандартнай дозы. Арганізм сам патрабуе яшчэ і яшчэ. А потым з’яўляецца талерантнасць. У пошуку першапачатковых пачуццяў шмат хто пераходзяць на цяжкія наркотыкі. Шляху назад няма. Мозг адмаўляецца працаваць і пагоршваецца памяць. Я гэта ведаю па сабе. Я стаў часцей чуць, што ў хлопцаў маладых спынілася сэрца. У моргу скажуць, што парок, а я адразу разумею — перадоз міксу. Ад гэтага загінаюць.

— Чаму ты вырашыў завязаць?

— Фактараў з’явілася вельмі многа. Я пачаў сам паліць у вялікіх дозах — кожны дзень робіш жа, трэба і пакаштаваць — праверыць. І так па дзесяць разоў за дзень. Я заўважыў, што губляюся ў днях тыдня, не памятаю імён сваіх сяброў. Не магу думаць аб нечым сур’ёзным — мозг проста не функцыянуе, як раней. За некалькі месяцаў скінуў больш за дзесяць кілаграм. Пад дуркай зрывае башку! Яна на кожнага ўплывае па-рознаму. Можна злавіць нейкі загон і не адысці — некаторыя літаральна трапляюць у псіхушку. А потым яшчэ адзін мой знаёмы з Мінска, які ўжываў, пад міксам выпаў з акна. Гэта было кропкай. Я вырашыў болей ніколі не дакранацца да наркотыкаў.

Слоўнік

Спайс — палільная сумесь — трава з нанесеным хімічным рэчывам, якое валодае псіхаактыўным дзеяннем.

Вес — абагульняючая назва дозы спайсу.

Барыга — жаргонная назва гандляра наркотыкамі.

Прадаван — гандляр рэагентам.

Загон — асаблівы стан пры ўжыванні наркотыкаў, калі чалавек бачыць галюцынацыі ці не можа змяніць ход сваіх думак.

Мікс — сінонім слова спайс.

Дарэчы

10 хвілін спатрэбілася карэспандэнту «ІР», каб адшукаць барыгу і дамовіцца аб продажы спайсу.

Каб не парушыць антынаркатычнае заканадаўства, рэдакцыя апублікавала толькі частку размовы з наркагандляром. Але трэба ўсё ж падкрэсліць, што набыць спайс сёння — непрыстойна, непрабачальна лёгка!

Я вырашыў праверыць на сабе, ці сапраўды так проста набыць мікс і іншыя рэчывы. У пошуку інтэрнэта першы ж запыт вывеў на сайт с прапановамі пакаштаваць новай траўкі. Бачны скайп гандляра — дадаемся. Пасля кароценькай гутаркі «толькі па сутнасці» я атрымліваю прайс коштаў і адрас электроннага кашэля. Тавар гарантуюць якасны і «ядзерны». Гандляр прапаноўвае набыць 10 грам спайса за 500 тысяч. Такою колькасцю могуць «убіцца» 15 чалавек.

Далей трапляем на сайт, які цалкам прысвечаны псіхатропам, — тут можна набыць усё! Побач з парадамі да хатняга вырошчвання канаплі бачны прапановы набыць даведку аб хваробе на працу ці вучобу. Раздзел прававой дапамогі — яе абяцаюць выпускнікі юрфака БДУ. Спіс гандляроў, рейтынг іх крам. Зарэгістраваных карыстальнікаў на форуме перавальвае за дзясяткі тысяч. Большасць — кліенты.

Чаму сайты не заблакаваныя?

Чаму сайты не заблакаваныя і псіхатропы можна лёгка набыць у інтэрнэце, журналіст «ІР» адправіўся высвятляць у сталічнае аддзяленне наркакантролю. Там замест тлумачэнняў падарылі карэспандэнту фільм, зняты самімі міліцыянерамі, які павінен быў адказаць на ўсе пытанні.

Высновы наступныя: у органах добра ведаюць аб існаванні такога кшталту сайтаў — шмат з іх ужо зачынены, усе існуючыя — пад пільным кантролем. Інтэрнэт не гарантуе гандлярам 100% ананімнасці — амаль кожны тыдзень затрымліваюцца віртуальныя Эскабары, прычым метады іх ідэнтыфікацыі вельмі дасканальныя.

Але ўсё ж, кітайскія лабаранты на крок уперадзе нашай міліцыі — прабелы ў заканадаўстве дазваляюць толькі забараняць трапляючыя на рынак формулы псіхатропаў. Закона, які мог бы забараніць іх усе, у тым ліку яшчэ не існуючыя, пакуль што няма.

Арцём ГАРБАЦЭВІЧ, intex-press

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.