TOP

З’ядзім баброў, затым зуброў

Начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлесгаса Сяргей Шастакоў заявіў, што неўзабаве пачнецца прамысловая вытворчасць мяса баброў. Яно нагадвае свініну, печань па якасці не саступае гусінай, а з хвастоў некалі рабілі самыя смачныя гамбургеры. Я выкажу ідэю квола,Яе, урад, сабе бяры:Нашто нам свойская жывёла,Калі і ў лесе ёсць звяры?

Навошта будаваць нам фермы,
Калі з грашыма справы швах?
Не мецьмем клопатаў цяпер мы,
Бо шаты дрэў — таксама дах.
Нашто важдацца нам з кармамі,
А потым звозіць у хлявы?
Кармы растуць у лесе самі —
Там голля многа і травы.
Нашто пастух, даглядчык дужы,
Які працуе ў дзве рукі?
Нам мець патрэбна толькі ружжы
Або хаця б драбавікі.
На паляванне ўсім калгасам
Тады выходзіцьме народ,
І ў нас праблем не будзе з мясам,
Заткнём мы мясам кожны рот.
А то нядаўна, вунь, напала
Навала —
«Свінская чума»,
І ў нас не стала
Мяса-сала
(Таму і шчасця ў нас няма).
І ёсць ужо пачатак справы:
Рашылі ўзяцца за баброў.
Згатуем з іх такія стравы
І столькі многа — будзь здароў!
Мы ежай будзем і лячыцца,
Бо, кажуць, мяса ад бабра
Не горшае, чым паляндвіца
Ад парсюка з свайго двара.
А печань грызуна, паверце,
Смачнейшая, чым у гусі.
У дзве шчакі аж будзеш жэрці,
Але за тыдзень не з’ясі!
Далікатэс жа — знае кожны —
У грызуноў-баброў хвасты.
І праглынуць язык свой можна
Ад невыказнай смакаты.
Той хвост і сам растане ў роце!
Дый што казаць: апроч бабра,
Ёсць шмат у лесе, на балоце
Жывога іншага дабра…
* * *
Баброў ядзім? І на здароўе!
Ды дачакаемся пары:
Быкоў не стане пагалоўя —
На мяса пойдуць і зубры.

Алесь НЯЎВЕСЬ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.