TOP

Немаведама чаму захацелася ў турму

Дэлегацыя Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пабывала ў Даніі, дзе пазнаёмілася з тамтэйшымі турмамі, так бы мовіць, набралася вопыту. Варта заўважыць, што ў дацкіх турмах лепшы дабрабыт, чым у нашых санаторыях. Вопыт поспех прынясе,Ён у працы зброя.Вопыт хочуць мець усе Гэтаю парою.

Бізнесовец, паштальён,
Швачка, прадаўшчыца —
Нашай чэлядзі мільён
Хоча трапіць за кардон,
Трошкі падвучыцца.
Толькі шчыра вам скажу:
Даць не мог я веры,
Што імкнуцца за мяжу
Міліцыянеры.
Здэцца ж, у любога з іх
Вопыт ёсць і навык.
Даць у карак ці пад дых,
Абкрывавіць нават,
Калі ёсць загад, «мянты»
Могуць без замінкі.
Не ў навіну ім шчыты,
А тым больш — дубінкі.
Браць за шкіркі з даўніх пор
І дубасіць — звыкла.
Тут інакшы каленкор…
Раптам нэндза ўзнікла,
Каб пашырыць досвед свой
(Мець і вопыт важкі),
Як працуюць за мяжой
Турмы-каталажкі.
Ці ж, калі такі імпэт,
Будуць заступоркі?
І, пачысціўшы як след
На пагонах зоркі,
Міліцэйскі генерал
(Ён службовец хвацкі!)
За мяжу павёз кагал,
У куточак дацкі.
Даляцела без прыгод
Світа генерала.
І адразу ж, найпярод
Просьба прагучала:
— Паглядзець хацелі б мы
Вашыя астрогі.
Дык вядзіце да турмы,
Дзе парадак строгі,
Бо сумневу ў нас няма,
Чулі мы, нібыта
Ваша кожная турма —
Пекла для бандыта.
Капенгагенскі маёр
Разважаў-кумекаў:
«Што ён плешча? Як узор
Тут жытло для зэкаў.
Ну дык пакажу яму
Як тут зэкам пекна…»
І павёў маёр гурму
У турму,
У «пекла».
Быў і капітан Каваль
Экскурсантам нашым.
Ён усё жыццё амаль
Прысвяціў «парашам»:
Кантралёрам у турме
Быў ён год каторы,
І адно было наўме —
Выбіцца ў маёры.
Меў сямейку капітан,
Сціплую кватэру.
Словам, ён не жыў, як пан,
Выпіваў у меру,
Як і ўсе, блудзіў падчас
З жонкаю чужою,
І, прызнацца, першы раз
Быў ён за мяжою.
Як зайшлі ў турэмны двор
Нашы дэлегаты,
Дык спыталі:
— Дзе ж, маёр,
Дрот калючы, краты?
І Каваль разявіў рот,
Бо дапетрыць цяжка:
Як адсутнічае дрот,
Што ж за каталажка?
А датчанін — не нямы:
— Тайну вам не выдам:
Заклапочаныя мы
Эстэтычным відам.
Збэсцім псіхіку людзей
Кратамі і дротам,
І, магчыма, быць бядзе,
Калі выйдуць потым.
Паступова, спакваля
Пабывалі ўсюды.
Там былі для Каваля
І другія цуды.
Кормяць быццам на забой,
Люд на «зоне» спраўны:
Можа ежаю любой
Свой пацешыць страўнік.
Хочаш болей «глык» і «гам»?
Выбірай таксама:
Ёсць на «зоне» ўніверсам,
А не проста крама.
Так што ў тым няма бяды,
Калі рот — як зеўра:
Выдаюцца для яды
І адзежы еўра.
Пазайздросціўшы, Каваль
Аж змяніўся ў твары:
Рацыён такі, на жаль,
Ён не меў і ў мары.
Даканаў датчанін-гад
Аж да паняверкі:
— Зэкі любяць шакалад,
Хрумстаюць цукеркі,
Дык праблем з зубамі шмат,
Проста жах, дый годзе.
Да дантыста на агляд
Зэкі цугам ходзяць.
Дый увогуле, лічы,
«Пасвяцца» ў медцэнтры:
За ўрачоў, як за харчы,
Не бяром ні цэнта.
А затым маёр гасцям
Паказаў спартзалу.
І не ўздзіў, што млосна там
Стала генералу.
Як гарбуз, жывот падпёр
Генералу грудзі.
«Мне б вось гэткі трэнажор…
Эх, жывуць жа людзі…»
Са спартзалай побач — пляж
І басейн глыбокі.
Хочаш — плавай, хочаш — ляж
І глядзі ў аблокі.
Мае дацкая турма
І бібліятэку.
Дастаеўскі, Чэйз, Дзюма —
Во раздолле зэку!
І каб стаў духоўны свет
Багацейшым крышку,
Можна ўлезці ў Інтэрнэт,
Зазірнуць у кніжку.
Калі ж лексіку ў разы
Папаўняць гатовы,
Можна вывучыць азы
Іншаземнай мовы.
Адукуюць зэка тут.
Пасля кожнай ходкі
У найлепшы інстытут
Шлях зусім кароткі.
І пакутна ўсім было
(Твары — быццам хмары),
Як убачылі жытло
Тых, хто «парыць нары».
Тут, у дацкай «Калыме»,
Светлыя пакоі!
Ці ж яны ў сваёй турме
Бачылі такое?
Калі б кожны з іх, гасцей,
Меў такую ж «шконку»,
Дык з ахвотаю б, часцей
Абслугоўваў жонку…
Проста шок у Каваля
Ад такое явы!
Будзе цэлы дзень пасля,
Як ануча, млявы,
Ноч не спацьме навылёт:
Хоць жыве на волі,
Але гэтакіх даброт
Ён не меў ніколі.
Ад адчаю ледзь не роў,
На душы — пагана.
…Як вярталіся дамоў,
Дык у капітана
Мільгацелі ў галаве
Думкі пра Радзіму,
Дзе на волі люд жыве
Строгага рэжыму.
* * *
Каб не мець душэўных ран,
Пачувацца слынна,
Трэба ездзіць ці ў Іран,
Ці да Кім Чэн Ына.

Алесь НЯЎВЕСЬ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.