TOP

Дык ці праўда сяло быльнягом зарасло?

У Светлагорскім раёне работніца сельсавета выпісвала штрафы пенсіянерам за адміністратыўныя парушэнні, якіх насамрэч не было. Для чаго? Каб павысіць паказчыкі сваёй працы. Штрафы жанчына выплочвала з уласнай кішэні. Сваёй не ўтойвалі трывогіРаённыя кіраўнікі,Бо збіўся з правільнай дарогіНарод у вёсцы Гнілякі.

Зусім знахабіліся людзі,
Дайшлі да ручкі жыхары:
Жывуць у брудзе,
Хламе-хлудзе,
І асабліва люд стары.
Ад кіраўніцтва сельсавета
Ёсць пратаколаў цэлы стос.
Яны і ўказваюць на гэта:
Што кожны двор быллём зарос,
Перад варотамі — ламачча,
Не ўбачыш ацалелы плот.
Таму акрэслена задача:
Правесці там агульны сход.
Давесці трэба ўсім на сходзе,
Што гэтак толькі скот жыве,
А ім, культурным людзям, годзе
Туляцца свіннямі ў хляве.
Не варта ім трываць штодзённа
І акунацца ў гной такі.
Упаўнаважаны з раёна
Прымчаўся ў вёску Гнілякі.
Не так даўно, нібыта вулей,
Было шматлюднае сяло.
Штодзень у клубе танцы-гулі —
Аж за ваколіцай гуло.
Цяпер жа толькі дрэваў шаты
Гудуць, як колісь людзі, тут.
Цераз адну — пустыя хаты,
Ці ў іх жыве старэчы люд.
Таму не ўздзіў, што ў клуб вясковы
Людзей сабралася няшмат,
Хоць паступіў загад суровы
Сагнаць сюды і дашкалят.
Бліжэй да сцэны ўсе паселі
І не маглі даўмець, чаму
Сабралі ў гэты дзень асенні
Усю вясковую гурму.
Упаўнаважаны з раёна
Прадмову не рабіў амаль,
А ментарскім асклелым тонам
Вяскоўцам стаў чытаць мараль.
Маўляў, асадак надта горкі,
Калі наведваеш сяло,
Бо занядбаныя падворкі,
Усё сатлела і згніло.
Глядзець на гэта вельмі прыкра,
Пейзаж быў колісь — будзь здароў!
Упаўнаважаны, як прыклад,
Стаў называць гаспадароў.
Згадаў раённы чын спачатку,
Як неахайніка, Кузьму.
— Няма ў тваім двары парадку , —
Дакорліва сказаў яму. —
Паўсюль дзядоўнік і крапіва,
А на гародзе — і быльнёг.
Агідна гэта і жахліва,
Калі травой зарос парог.
Затым звярнуўся да Агаты
(Ёй сто гадоў ужо даўно):
— Каля тваёй, бабуля, хаты
Як барыкада ўсё адно.
Там непарэзаныя дровы
Ляжаць, напэўна, тры гады.
А твой жа ўнук — бугай здаровы,
Неўтаймаваны, малады.
Дык хай бы пастаяў з пілою,
Паварушыў касьцмі крыху.
Бярвенне ўжо амаль гнілое
І заўтра пойдзе на труху.
Наступная кандыдатура
На ганьбаванне — дзед Хвядот:
— Твой агарод
Пагрэблі куры,
Бо паваліўся чэзлы плот.
Не трэба ў гэтай справе ўнукі.
Хіба ж ты зломак сам які,
Каб малаток узяць у рукі
Пазаганяць туды цвікі?
Чыноўнік прачытаў з паперы
Нямала і другіх імён.
Тым бальшыня — пенсіянеры,
І іх таксама збэсціў ён.
Сядзеў у клубе люд пануры,
Дапетрыць аніхто не мог:
Што ён сказаў? Якія куры?
Якія дровы і быльнёг?
І, ачуняўшы, атакуе
Ім абпляваны дзед Кузьма:
— Аблуда! За хлусню такую
Папругі на цябе няма!
Калі дзядоўнік і крапіву
Ты бачыў у маім двары? —
Чыноўніка
У хвост і ў грыву
Чыхвосціў голасна стары. —
Нямашака ў маім гародзе
Ні лебяды, ні быльнягу.
Дык абы-што плявузгаць годзе,
Бо я і ў суд падаць магу!
Раўнюткія, як струны, грады,
Дагледжаны, як лялька, сад…
Навошта ж ты наводзіш звады,
Манюка, злыдзень, тарбахват?!
Затым устала і Агата:
— Напрыканцы мой шлях зямны…
Ды хоць і пражыла багата,
Не чула я такой маны.
Ой, цяжка мне стаяць… прысяду…
І праўда паміраць пара…
Ну дзе ты бачыў «барыкаду»,
Як кажаш, ля майго двара?
Прывезці дровы ў сельсавеце
Прашу я, дзеткі, цэлы год.
А то палю ўжо трэскі-смецце,
Хаця і іх — наплакаў кот.
І ўнучака ў мяне нямашка,
Каб быў, як кажаш, малады.
Таму і жыць мне, беднай, цяжка,
Бо ўжо і праўнукі — дзяды…
А следам ва ўнісон бабулі
І дзед Хвядот «разявіў рот»:
— Ты тут нашвэркаў нам, ці чулі,
Нібы ў мяне пахілы плот.
І сораму няма ні трошкі,
Не чырванее нават твар…
Хіба прыбіць не мог бы дошкі
Я, лепшы на сяле цясляр?
Дык і навошта, чалавеча,
Ты на мяне навёў ману?
А сілы ўдостатку, дарэчы, —
Яшчэ й табе зраблю труну.
Дый іншыя «абарыгены»
Чынушы заявілі ў лоб:
— Чаму ты хлусіш тут са сцэны?
Чаму на нас узвёў паклёп?
Малюнак дужа невясёлы…
Аднак жа чын не звесіў нос.
— Перада мною — пратаколы.
Во, паглядзіце, цэлы стос.
— Хто ж напісаў, — спыталі, — гэта?
Чыя ў паперах тых хлусня?
— Усе паперы — з сельсавета,
А напісала — старшыня.
Па зале,
Як па моры хвалі,
Прабег адразу гул людскі.
Прызнацца, людзі не чакалі,
Не верылі ў зыход такі.
Яна, кіроўца сельсавета,
Была на сцэне, насупроць.
Адводзіла пагляд кабета,
Бо ёй жа праваліся хоць…
Упаўнаважаны паверыў,
Што ўсё нагамі дагары.
— Чаму ж за «ліпу» на паперы
Плацілі штрафы, жыхары? —
Чынок здзіўлення не хавае. —
Не дзвесце там рублёў, не сто…
Агата мовіла старая:
— А з нас і не плаціў ніхто…
І ўсе пагляды — на кабету,
Якой «належыць» сельсавет:
Адкуль прыбытак для бюджэту,
Хто грошы ўносіў у бюджэт?
— З сваёй зарплаты аддавала
На штрафы грошы пакрысе…
З насмешкай хтосьці крыкнуў з залы:
— А лепш бы аддавала ўсе!
* * *
А што мы ў рэшце рэшт хацелі?
І што такое сельсавет?
Апендыкс у дзяржаўным целе,
Які даўно адрэзаць след…

Алесь НЯЎВЕСЬ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.