TOP

Расея без саюзьнікаў

Адно з апошніх паведамленьняў: на чарговым паседжаньні Рады Бясьпекі ААН ніводная краіна не падтрымала Расею, якая сама ж тое паседжаньне і склікала.

Масква засталася ў адзіноце. Гэтая інфармацыя вельмі дакладна ілюструе неяк не заўважаную заяву Ўладзімера Пуціна на пазачарговым пасяджэньні Рады Бясьпекі РФ 22 ліпеня: «Расея, дзякуй богу, не ўваходзіць ні ў якія альянсы. У гэтым зарука нашага сувэрэнітэту. Любая краіна, якая ў альянсы ўваходзіць, адразу частку свайго сувэрэнітэту аддае». Расейскі прэзыдэнт меў на ўвазе не эканамічныя, а ваенна-палітычныя саюзы.

Для шмат каго такая заява сталася нечаканай. Бо ўзьнікае натуральнае пытаньне: а як жа АДКБ?

Але расейскаму кіраўніцтву цяпер не да палітэсу і паліткарэктнасьці. Апынуўшыся ў складанай сытуацыі, Масква адкідае ўсе мэдыйныя ідэалягемы і называе рэчы сваімі імёнамі. Гэтая заява азначае, што такі ваенна-палітычны альянс, як АДКБ, Расея не ўспрымае ўсур’ёз. Бо занадта малая палітычная вага гэтых расейскіх саюзьнікаў. Пад сапраўднымі альянсамі Масква разумее хаўрусы з моцнымі дзяржавамі, найперш — эўрапейскімі.

Цягам усёй сваёй гісторыі Расея падчас значных ваенных канфліктаў амаль заўсёды мела саюзьнікаў. Возьмем толькі апошнія 300 гадоў, з моманту, калі была створана Расейская імпэрыя. Падчас Паўночнай вайны (1700–1721 гг.) Расея ваявала з Швэцыяй у саюзе з кааліцыяй паўночнаэўрапейскіх дзяржаў. Рэч Паспалітую яна дзяліла разам з Прусіяй і Аўстрыяй. Падчас напалеонаўскіх войнаў Расея ўваходзіла ў антыфранцускую кааліцыю. У пэрыяд Першай усясьветнай вайны існаваў блёк «Антанта», падчас Другой усясьветнай вайны дзейнічала антыгітлераўская кааліцыя. На памяць прыходзіць толькі адзін канфлікт, у якім Расея апынулася без саюзьнікаў — Крымская вайна (1853–1856 гг.). Якраз тую вайну яна і прайграла.

У другой палове ХХ стагодзьдзя, пасьля вайны, СССР быў адной зь дзьвюх звышдзяржаў. Таму яму былі не патрэбныя моцныя саюзьнікі, ён меў шмат сатэлітаў, мог дазволіць сабе быць у канфлікце адначасова і з Захадам, і з Кітаем.

І вось цяпер Расея апынулася ў вострым канфлікце з Захадам без саюзьнікаў, фактычна ў міжнароднай ізаляцыі. Што і вымушаны быў канстатаваць Пуцін. Хоць і зрабіўшы добрую міну пры дрэннай гульні. Маўляў, гэта на карысьць. Насамрэч жа Масква адчувае сябе вельмі няўтульна і дыскамфортна.

Што ж да партнэраў Расеі па АДКБ, то Масква лічыць іх, па-першае, слабымі. А па-другое, яны ненадзейныя. Ніхто зь іх не падтрымаў публічна Расею ў яе канфлікце з Украінай. Хіба толькі Армэнія неяк квола. Беларусь і Армэнія прагаласавалі ў Генэральнай Асамблеі ААН у падтрымку Расеі. На гэтым фактычна і ўсё.

Напярэдадні Дня Перамогі РФ паспрабавала правесьці ў Маскве саміт АДКБ, каб прыняць заяву ў падтрымку расейскай пазыцыі. Хадзілі чуткі, што Расея хацела правесьці рашэньне аб увядзеньні на ўсход Украіны міратворчых сілаў АДКБ. Але нічога з гэтага не атрымалася. Ніякіх заяваў там прынята не было. А прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў у Маскву ўвогуле не прыехаў.

Вось публіцысты любяць пісаць, што сябры АДКБ — гэта сатэліты Расеі. Цяжка ўявіць, каб удзельнікі Арганізацыі Варшаўскай дамовы адмовіліся падтрымаць СССР у ягоных замежных авантурах, кшталту аўганскай, ці выступалі зь нейкімі заявамі ў процівагу Маскве. Вось то былі сатэліты. А цяпер саюзьнікі Расеі такое сабе дазваляюць!

Як казаў расейскі імпэратар Аляксандар III, «у Расеі ёсьць толькі два саюзьнікі: армія і флёт». Гэта якраз пра сёньняшнюю РФ, якая робіць стаўку на голую ваенную сілу.

Для беларусаў, якія да гэтага часу былі цьвёрда ўпэўненыя, што знаходзяцца ў ваенна-палітычным альянсе з Расеяй, гэтае прызнаньне Пуціна на Радзе Бясьпекі дарагога вартае. Яно павінна было б стаць момантам ісьціны і прасьвятленьня.

То бок у цяжкі для сябе момант Масква ня лічыць сябе зьвязанай ніякімі абавязаньнямі перад іншымі краінамі і думае толькі пра ўласныя інтарэсы. Кожны выплывае ў адзіночку. Таму і Беларусі трэба ні на кога не спадзявацца, а самой клапаціцца пра ўласную бясьпеку ў эканамічнай, ваенна-палітычнай, інфармацыйнай сфэрах. І паціху адвяслоўваць ад гэтага «Тытаніка», які наткнуўся на рыф. Каб не ўцягнула ў варонку.

Валер КАРБАЛЕВІЧ, Радыё Свабода

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.