TOP

Дык за што Кузьму павялі ў турму?

Канстанціна С. арыштавалі, калі ён паслаў дурную эсэмэску, дзе пажартаваў, што хоча ўзарваць метро. Сталі капаць, і накапалі столькі… Яго прызналі вінаватым у «палавых зносінах насуперак волі пацярпелай з прымяненнем гвалту да жанчыны — згвалтаванні заведама непаўналетняй», у дзеяннях сексуальнага характару з асобой, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту, у дэманстрацыі фільма парнаграфічнага характару непаўналетняй… Для вёскі гэта проста драма,Бо рэдкі выпадак такі:Аднойчы ўвечары ля крамыСышліся ў бойцы мужыкі.

Даўмець, сказаць па праўдзе, цяжка,
Чаму пачаўся мардабой:
Ці слова бруднае,
Ці пляшку
Не падзялілі між сабой.
І калатнеча — да знямогі,
А не да першае крыві.
І хтосьці выгляд меў убогі,
А нехта ўвогуле крывы.
З райцэнтра праз гадзіну недзе
Прыбыў міліцыі нарад.
(Нарад зазвычай доўга едзе,
Хоць мае выклікаў няшмат.)
Міліцыянты тую хеўру
Загрэбці думалі, але ж
Няма раздолля для манеўру —
Усіх у «козлік» не запхнеш.
Ім і самім туды не ўбіцца —
Ажно чацвёра душ.
Таму,
Галоўнага «байца» як быццам,
Загрэблі аднаго Кузьму.
Тым больш што сведка гаварыла
(Сумненняў у яе няма!),
Што першым даў Панасу ў рыла
І бойку распачаў Кузьма.
Пятру зламаў ён тры рабрыны,
А ў Паўлюка — набок скула.
Таму сядзець Кузьма павінны —
Выснова гэткая была.
У райаддзел завезлі жвава
Кузьму. Цяпер яму капут.
Быў пратакол. Прышыта справа.
Наперадзе чакае суд.
Даў рэзалюцыю-адмашку
«Мянтам» начальнік-гламазда:
— Кузьму кіруйце ў каталажку.
Хай пасядзіць там да суда.
А суд у нас не надта скоры,
І без Кузьмы зашмат турбот:
Заявы, скаргі, прыгаворы —
Гурмою ў суд ідзе народ.
Пакуль Кузьма, нягоднік гэткі,
Сядзеў бязвылазна ў СІЗА,
Знайшліся і другія сведкі,
Што не «супроць» яго, а «за».
Ганулька заявіла цвёрда
(Яна ў той час была якраз):
— Чаму расквэцаныя морды?
Бо бойку распачаў Панас.
Яшчэ — прызнанне ад ахвяры.
Засведчыў следчаму Паўлюк:
— Кузьму спярша я сам ударыў.
Пры гэтым біў з абедзвюх рук.
Для міліцэйскага аддзела
Не ўсё стасуецца цяпер:
Хоць і кляпалі справу ўмела,
Ды суд не прыме напавер.
Выходзіць, што Кузьма — не злыдзень,
Зусім не хуліган Кузьма.
За кратамі каторы тыдзень
Сядзеў, выходзіць, ён дарма.
Для следакоў, як кажуць, «лажа»,
Па-прафесійнаму — пракол.
І адвакат, напэўна, скажа:
«Падтасаваны пратакол!
І парыць нары каталажкі
Не заслужыў Кузьма-бядак!»
Каб не было ў судзе прамашкі,
Палкоўнік план акрэсліў так:
— Каб не прамовіў важка слова
На тым працэсе адвакат,
Вы на злачынца тэрмінова
Знайдзiце іншы кампрамат.
Па вёсцы рыскаў участковы,
Капалі-рылі следакі:
Хай будзе пракурор гатовы
Кузьму пакрэмзаць на шматкі!
Хоць перагнём, рашылі, палку,
Ды не міне Кузьма турмы.
Прагрэблі-прашарсцілі змалку
Увесь жыццёвы шлях Кузьмы.
Што ж адкапалі?
Смех дый годзе.
Калісьці, сорак год назад,
Кузьма-хлапчук паўстаў як злодзей —
Залез ён у суседскі сад.
Ад Проссі здабылі паперку,
Набулькаўшы для пахмяла:
Кузьма аднойчы даў цукерку,
Калі яна малой была.
Наўме трымаў Кузьма спакусу,
Пускаў дзяўчынцы ў вочы пыл.
Дык даць ацэнку трэба гнюсу —
Кузьма, бясспрэчна, педафіл!
Яшчэ адзін учынак гадкі
(Ты, участковы, запішы):
Не заплаціў Кузьма падаткі,
Грыбы прадаўшы на шашы.
Ну, карацей, знайшлі багата
Злачынстваў розных у Кузьмы.
Накалупалі «кампрамату»
На тры вагомыя тамы!
А потым суд «гуманны самы».
Абвінаваўчы прыгавор.
Хаця пра бойку каля крамы
Зусім не згадваў пракурор…
* * *
Мы ўсе не адышлі ад былі,
Як бізнесовец — проста жах! —
Замысліў (так «мянты» лічылі)
На губернатара замах.
Быў вычварным парыў ягоны:
Хацеў ужыць гранатамёт!
А асудзілі за патроны…
Адзін патрон —
Адзін і год.
Як трапіш правасуддзю ў жорны
За нейкую правіну-грэх,
Дык выгляд мецьмеш толькі чорны,
Хоць белым быў, як першы снег.

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Чаму Махачкала збавення не дала

У суседа мардабой — не цікавяцца табой

Прыкінуўся Леў, што ён акалеў…

Новыя фельетоны Алеся НЯЎВЕСЯ можна пачытаць на сайце: www.alesnauwes.com

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.