TOP

Бесталкоўшчына

У Беларусі ўсё адбываецца знянацку. Жылі-былі людзі, слухалі з трыбун і па тэлебачанні казкі пра стабільную, сацыяльна арыентаваную краіну, пра свой высокі дабрабыт, самі хваліліся суседзям, як выдатна жывуць, і раптам на табе — адкрылася, што прыгожыя словы не адпавядаюць рэчаіснасці. 

За апошні час з вуснаў начальства на галовы беларусаў абрынулася столькі супярэчлівай, несумяшчальнай інфармацыі, што многія з іх заблыталіся і разгубіліся канчаткова. З аднаго боку, сцвярджаецца, што мы ідзем уласным, асобным ад іншых народаў, але правільным шляхам, што аўтарытарная сістэма жыццяздольная і эфектыўная, што яе ў свеце нават капіруюць, а з другога — высвятляецца, што ў нас куды ні кінь — усюды клін, і там — не тое робіцца, і тут — не так. Дык што ж тады адбываецца?

Недасведчаны абываталь, пастаянна заняты цяжкім уласным выжываннем, заслонены шчытом прапагандысцкай дэмагогіі ад важных дзяржаўных праблем, не звяртае ўвагі на хранічныя хібы ў развіцці айчыннай эканомікі. Для яго галоўнае — своечасова атрымаць сваю зарплату або пенсію, якімі б мізэрнымі яны ні былі. А прасунутыя жыхары краіны даўно зразумелі, што сядзяць на міне замаруджанага дзеяння, якая можа выбухнуць у любы «цудоўны» момант. Такую сітуацыю прызнае і кіраўнік Беларусі: «Для нас самая большая опасность — это экономика».

Лаканічна, дакладна абмаляваў негатыўны эканамічны стан краіны і шлях выхаду з яго выдатны спецыяліст у галіне фінансаў, экс-старшыня Нацбанка Беларусі, прафесар С. Багданкевіч: «В мире нет такой инфляции, как у нас. Мы ее не можем победить 20 лет. /…/ Страна нуждается в новой модели развития, основанной не на администрировании, а на демократии и рыночных принципах». Толькі як гэта ажыццявіць пры аўтарытарызме?

Калі глянуць праўдзе ў вочы, то наша грамадства не рашае стратэгічныя праблемы развіцця краіны, не праводзіць патрэбныя рэформы, а займаецца абслугоўваннем захавання ўлады адным чалавекам, выкарыстаннем мінулых ідэй і старой матэрыяльнай базы, бясконцым падмарафечваннем і латаннем дзірак.

Слова «рэформы» ў нас не любяць нават больш, чым у Расіі, яно вельмі не падабаецца як чыноўнікам, так і пасіўнаму насельніцтву. Людзі пакуль яшчэ не ўсведамляюць таго, што яны не толькі спажыўцы, але і грамадзяне сваёй краіны. Асабліва гэта тычыцца тых, хто круціцца ва ўладзе і каля прыўладнай кармушкі. Ім прысвяціў малавядомыя, але трапныя радкі расійскі паэт М. Шатроў:

И горд, и наг пришел Разврат,
И перед ним сердца застыли,
За власть — Отечество забыли,
За злато продал брата брат.

 Для Беларусі важным пытаннем стала мадэрнізацыя вытворчасці. Але як яна вядзецца? Раптам высвятляецца, што закупленая лінія, якая мае кошт 5 мільярдаў рублёў, не падыходзіць. Гаспадарнікі спакойна гавораць: «Трэба шукаць іншую». А што рабіць з гэтай? Як быццам прадаць, а дакладней камусьці ўцюхаць лінію па вытворчасці цэменту або камбікорму можна левай нагой! Гэта ж не модныя боцікі, якія па памеру не падышлі нейкай прыгажуні, дык другая — з рукамі іх выхапіць. Нядаўна афіцыйныя СМІ паведамілі, што новае абсталяванне ляжыць без выкарыстання ў Полацку, Крычаве, Касцюковічах. Ды ці толькі там! А называецца гэта ёмкім словам — бесталкоўшчына.

У краіне ініцыятыва знізу ледзь тлее, жыццё стаіць на адміністратыўных падпорках, а гэта азначае — на мыліцах. Такія і вынікі! Цікава, што не начальнікі, а звычайныя людзі хутчэй дакопваюцца да ісціны, высвятляюць, чаму няма толку ў той ці іншай галіне гаспадарання. Адзін з карыстальнікаў інтэрнэту піша: « Никогда не видели, как ремонтируют дорогу? Один копает, два курят, два ждут, когда поднести чего, один в кабине трактора скучает, начальник в машине сидит и в компьютерную игру ляпает, да проверяющий крутится, чтоб кто чего налил. Вот и стоимость рабочих рук … одних!»

Ручное кіраванне, адсутнасць сапраўдных рынкавых узаемаадносінаў і канкурэнцыі вядуць да абсурду і хаосу. Пакупнікі гэты працэс каменціруюць так: «Цены выше, чем в России. Белорусские товары, отчего-то, дешевле купить в Рязани».

Новы прэм’ер-міністр А. Кабякоў зацікавіўся, чаму мясцовая садавіна і гародніна даражэйшая за імпартную. Прэс-служба ўраду перадала, што «поручено принять меры по повышению конкурентной способности отечественной плодоовощной продукции на внутреннем рынке по ценовому фактору». Але ж такія даручэнні былі і раней, а зруху няма. Разгадка не ў даручэннях, трэба капаць глыбей, дасканала аналізаваць структуру выдаткаў!

Бесталкоўшчына высвечваецца і ў працы з замежнымі інвестарамі. Шмат праектаў адмяняецца, не даюць запланаванай аддачы дамовы з жулікаватымі партнёрамі, пра што сведчаць афіцыйныя крыніцы.

Арыгінальна выглядае рашэнне праблемы турызму. Спачатку аўтарытарны рэжым настройвае ўвесь свет супраць сябе, а затым у краіне будуюцца дзесяткі гатэляў, каб прымаць гасцей. Вось і стаяць яны амаль пустымі.Такі ж лёс напаткаў многія новабудоўлі, асабліва элітныя. Але гэта крыху іншая гісторыя, у якой таксама ёсць адна загадка — хто аплачвае ўтрыманне і ацяпленне гэтых жылых і офісных масіваў?

Пасля таго як з высокай трыбуны была ўспомнена гаротніца беларуская мова, чыноўнікі заварушыліся. Напрыклад, супрацоўнікі Канстытуцыйнага суда нарэшце прыйшлі да вываду, што іхнія дакументы «стоило бы издавать на двух языках». Як быццам яны да гэтага часу не чыталі Канстытуцыю і не ведалі пра артыкул аб дзвюх дзяржаўных мовах. Новаўвядзенне падаецца каштоўнай ініцыятывай, да якой пасля доўгіх роздумаў прыйшлі чыноўнікі. Канцылярскі падыход да найважнейшай нацыянальнай праблемы сведчыць, што нічога добрага родную мову ў будучым не чакае, яна застанецца на перыферыі народнага жыцця.

Бесталкоўшчына пануе і ў знешняй палітыцы. Беларусь прывязана да Расіі эканамічным інтарэсам, рознымі дамовамі, а таму вымушана падтрымліваць яе ва ўсім. Але знешнепалітычная «падушка бяспекі» суседкі здзьмулася. Цяпер ёй даводзіцца весці цынічную і хлуслівую інфармацыйную вайну з Украінай і Захадам, апраўдвацца за парушэнне Будапешцкіх пагадненняў пры анексіі Крыма, за ўварванне сваіх вайскоўцаў на тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласцей. Што ў такой сітуацыі робіць Беларусь? Часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША П. Шыдлоўскі на канферэнцыі Атлантычнай рады выступіў з наступнай заявай: «Да, у нас есть проблемы с правами человека, проблемы с демократией. /…/ Но в сегодняшней ситуации важно, что на кону сам наш суверенитет, наша независимость». Кажучы, што Беларусь апынулася «между молотом и наковальней», ён заклікаў «протянуть ей руку помощи в той экономической ситуации, в которой она оказалась в связи с экономическими проблемами в России». Правы чалавека могуць пачакаць, а дапамога ад Захаду, які мясцовая прапаганда бэсціць штодзённа, патрабуецца тэрмінова.

Праблем у нашай краіне шмат, але яны публічна не абмяркоўваюцца, не прагаворваюцца, не вырашаюцца ўсенародна. Пануюць страх і жаданне дагадзіць начальству. Але як ні круці, а ў лакействе, калі ўсіх «нахіляюць», прымушаюць лісліва дзьмуць у адну дудку: «Как скажете!..», — ісціна не народзіцца.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Віток мілітарызацыі

Стваральная талерантнасць

Кантрастны душ

Ізаляцыйная пастка

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.