TOP

Алесь Пушкін: Хаджэнне ў народ — самае важнае для мастака

Беларускі жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, перфомер Алесь Пушкін не мае патрэбы ў прадстаўленні. Вядомы сваімі смелымі перфомансамі, ён — адзін з нямногіх мастакоў, хто жыве і працуе не ў Мінску, а ў глыбінцы. 

Пра свой шлях у мастацтве, пра палітыку і выжыванне Алесь Пушкін расказаў «Свободным новостям плюс».

— Як ужываецца мастак Пушкін з глыбінкай?

— У беларускім Саюзе мастакоў 1200 сябраў, 980 з іх жыве ў Мінску. А чаму б мастаку не пакінуць сталіцу і не перабрацца ў Нароўлю, у Брагін, Крупкі? Хаджэнне ў народ — самае важнае для творцы. Гэта я і зрабіў: у 1990 годзе пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў перабраўся ў родную вёску Бобр, распісаў тамтэйшы храм, які пазней згарэў — прычыны дагэтуль невядомыя. Тут жыву, тут працую.

— Вы былі ўладальнікам адной з першых некамерцыйных галерэй сучаснага мастацтва «У Пушкіна» ў Віцебску, якая праіснавала да 1997 года, распісвалі цэрквы ў Віцебску і Бабры. Але абывацелі памятаюць вас не па сур’ёзных працах, а па перфомансе, калі ў 1999 годзе вы вывернулі вазок з «фе» перад адміністрацыяй, за што атрымалі ўмоўны тэрмін. Не крыўдна?

— Мэта кожнага мастака — мяняць свет да лепшага. Такую ж меў і я — змяніць сітуацыю ў краіне да лепшага. Магчыма, і заслуга Пушкіна ёсць у эвалюцыі першай асобы краіны: наш не стаў такім, як Януковіч, не ўзвёў беларускія Міжгор’і, не завёў краіну на шлях вайны.

Любы мастак, які ладзіць выставу, робіць вітражы ў царкве, нясе адзін пасыл — прыўкрасным, хараством перамяніць звычайнага паспалітага, каб ён стаў багацейшы душой, прыгажэйшы.

Я застаюся мастаком. Але пакажыце мне мастака, які жыве ў глыбінцы? Таму называю сябе местачковым эсквайрам ці правінцыйным мастачком.

Царкву ў Бабры, якая згарэла, я размаляваў Судным днём. Пад трубой архангела асобы, вельмі падобныя да тагачасных кіраўнікоў Беларусі. Сэнс у гэтым роспісу адзін: кім бы ты ні быў — каралём ці імператарам — пасля смерці давядзецца адказваць за свае справы. Мастак будзе адказваць за свае карціны, роспісы, вітражы, швачка — за сваё шытво, а правіцелі адкажуць за тое, што яны рабілі з краінай.

Так што я не камплексую за свае перфомансы — ёсць і мая кропелька заслугі ў тым, што Беларусь сёння такая, якая ёсць.

Сёння я кірую роспісам храма Дзевы Марыі ў Вішневе, гадую двух дзяцей 11 і 8 гадоў, якія адны са 155 вучняў размаўляюць па-беларуску ў школе.

— Як ваша актыўная грамадзянская пазіцыя ўжываецца з мастацтвам?

— Мастацтва дрэнна ўплывае на палітыку, і наадварот: лепш жыць у вежы са слановай косці і стаць «спеваком прыгажосці».

Я бываў у Швецыі, Германіі, Нарвегіі, у іншых еўрапейскіх краінах і па-шчыраму зайздрошчу заходнім цывілізацыям — як там абуладкавана жыццё, дзяржаўны лад. А ў нас усё недасканалае — пачынаючы ад палітычнага будаўніцтва і заканчваючы няпэўнасцю ў заўтрашнім дні. Я бачу, што ўсё недасканала, і таму існуе спакуса залезці ў вежу са слановай косці.

Мая палітыка шкодзіць майму мастацтву. Над маёй хатай вісіць бел-чырвона-белы сцяг, я хачу, каб Бобр упарадкавалі да 500-годдзя, больш не сябрую са старшынём сельсавета, які растаптаў маю «Пагоню». Палітыка шкодзіць майму мастацтву і дрэнна адбіваецца на дабрабыце: ніводная дзяржаўная зала, музей, ніводная бюджэтная арганізацыя не купіла ў мяне ні адной карціны з 1999 года — а з таго часу прайшло, слава Богу, 16 гадоў.

Грамадзянская пазіцыя ўскладвае вялікі цяжар адказнасці — і за сябе, і за сваю сям’ю.

Таму мы жывём вельмі сціпла: у невялічкай хаце, не маем ні машыны, ні новай мэблі. Але, з іншага боку, у нас — нуль даўгоў, нуль крэдытаў, а гэта таксама азначае свабоду.

Які яшчэ мастак асмеліцца рабіць такія палітычныя рэчы, як я? Ніводзін, што трымае сваю майстэрню, бо тады заўтра яму павысяць арэндную плату. Які мастак можа плаціць за майстэрню ў 50 квадратных метраў 2500 долараў? Ніводзін. Таму і кіраўніцтва Саюза мастакоў займае ліберальную пазіцыю, каб мастакоў не пазбавілі льготаў на арэнду.

— З чаго вы тады жывяце? Ці дапамагае прафесія зарабляць на жыццё?

— Зарабляю толькі мастацтвам. Жонка — настаўнік гісторыі ў мясцовай школе, а як зарабляюць настаўнікі — самі ведаеце. Прадаю карцінкі, пішу партрэты, малюю эскізы татуіровак, на вышыванкі — нядаўна за дзень зарабіў 2 мільёны рублёў. У мяне ёсць два заказы на абразы, а абраз ад Пушкіна каштуе тысячу долараў.

Дзеці пакуль яшчэ малыя: Міколку —11, Марылі — 8, ім многа грошай пакуль не трэба. А вось калі давядзецца выпраўляць на вялікую вучобу, тады пачнуцца большыя праблемы.

Карацей: «влачим нищенское существование», але — свабодныя!

Юрась Дубіна

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.