TOP

Марыя Сахарчук: Ніколі не пытайцеся ў пані пра гады…

У гэта цяжка паверыць… Яшчэ зсім нядаўна мы гутарылі з Марыяй Пракопаўнай Сахарчук (Лукашук) пра надзённае, як раптам навіна — яе не стала... Вось апошняе інтэрв’ю нашай газеце гэтай цудоўнай 88-гадовай жанчыны з Брэста. 

Яна нібыта прадчувала, што будзе наперадзе, сказала: «Я хачу памерці ў Беларусі. Але хацелася б сканаць у іншай Беларусі…»

— Як жывецца ў Беларусі сярэднестатыстычнаму пенсіянеру?

— Жывецца складана,беднавата. Я хварэю, таму хаджу на кропельніцы. Мне асабіста даводзіцца купляць не толькі лекі, але й прыстасаванні — для кропельніцы. Фактычна ўсе грошы ідуць на лячэнне, без дапамогі дзяцей дазволіць сабе асаблівых прысмакаў не магу. Але ж я атрымліваю три мільёны трыста тысяч! А што казаць пра людзей, якім дзяржава плоціць два мільёны, мільён восемсот?

— Ваш сын працуе дырэктарам беларускай службы Радыё Свабода і стала жыве ў Празе. Не ўзнікала спакусы з’ехаць у спакойную еўрапейскую краіну?

— Не. Я аб’ездзіла ўсю Еўропу, пабывала ў многіх краінах. Але з’язджаць не збіраюся: тут нарадзілася, тут магілы маіх бацькоў, маіх брацікаў і сястрычак… Тут мой дом, я хачу памерці ў Беларусі. Але хацелася б сканаць у іншай Беларусі…

— Спадзеяцеся, што ў краіне хутка надыйдуць перамены?

— Я не дачакаюся, бо сталага веку. Але ж «ничто не вечно под луной»…

— Кажуць, вы ўвесь час карыстаецеся беларускай мовай, у тым ліку і ў побыце. Вашы суседзі, землякі, не касавурацца, не называюць нацыяналісткай — у вочы ці за вочы?

— Не, беларусы — не. Але ёсць некаторыя асобы, з якімі сябрую з малых год. Напрыклад, з камуністкай, якая колісь прыехала з Расіі. Летась пыталася ў мяне: «А почему твой сын не живет в Беларуси?» — «А чаму твая дачка выйшла замуж за кітайца і жыве ў Кітаі»? Ёсць некаторыя, хто не вельмі прыязна ўспрымаюць маю мову. Вельмі шкада…

Аднак увогуле мяне паважаюць за беларускасць — нават у пракуратуры, куды я час ад часу пішу скаргі ў абарону матчынай мовы.

— Дык вы яшчэ даяце прыкурыць і чынавенству?

— А як жа! Я такая ж, як і бацька мой быў. Ваюю за нацыянальнае, роднае. Нядаўна звярталася ў абласны аддзел па ідэалогіі, толькі паспела назваць свой адрас, як жанчына ўзвілася: «Говорите по-русски!». Дык я запатрабавала ад пракуратуры, каб беларускую мову ўжывалі ва ўсіх дзяржаўных установах.

Тады ж на беларускае тэлебачанне напісала пяцістаронкавы ліст, дзе выклала кароткую сапраўдную гісторыю Беларусі: бо не ведаюць! Запатрабавала, каб сабралі агульны сход і пры мне зачыталі.

Нядаўна ішла на цэнтральную пошту Брэста, несла 12 паштовак — палітзняволеных віншаваць. З «Інтурыста» выходзіць малады прыгожы мужчына і пытаецца, як яму прайсці на вуліцу Гогаля. Кажу: «Малады чалавек, вы стаіце на вуліцы Савецкай, пройдзеце чатыры кварталы наперад і ўбачыце высокія статуі — гэта і ёсць вуліца Гогаля».

Я пайшла ў бок цэнтральнай пошты, а ён — ва ўказаным накірунку. Метраў праз колькі чую ў спіну: «Как приятно было с вами поговорить».

Здараецца, жанчыны ў фуфайках, як я іх называю, абураюцца беларускай мовай, напрыклад, словам «гэта». Але не звяртаю ўвагі.

Я жыву на чацвёртым паверсе, дык вывесіла з кватэры бел-чырвона-белы сцяг. Гадоў 15 ужо вывешваю. Нядаўна хадзіў начальнік міліцэйскі з двума салдацікамі, пытаўся — як пажываю.

— Не патрабавалі зняць сцяг?

— З мяне — не. А суседзі на другім паверсе таксама вывешваюць час ад часу бел-чырвона-белы, дык у іх павісіць хвілін дзесяць — прыходзіць міліцыя, складае пратакол і здымаюць сцяг.

Але мой невялікі — метр-паўтара. І зараз вісіць, не ведаю, калі збяруся яго зняць.

— Зямля поўніцца чуткамі, што вы ўдзельнічаеце ў шматлікіх конкурсах, якія ладзіць, да прыкладу, Радыё Свабода?

— Напрыклад, зацікавілася спаборніцтвам калядных песень. Кіраўніком журы быў сам Скарабагатаў! Я запісала «Во Вифлиеме». І вось неяк слухаю «Калядкі» ды чую: другое месца заняла Марыя Сахарчук… Я нашу дзявочае прозвішча, а сын — бацькава, Лукашук. Ён быў супраць маёй перамогі, аднак Скарабагатаў не адступіўся. Аднак і Саша «не здаўся»: выйграны мною прымач аддаў некаму са слухачоў — вось як «пакрыўдзіў»! (Смяецца). А мне сын купіў за ўласныя грошы.

— Марыя Пракопаўна, даруйце за нясціплае пытанне: а колькі вам гадоў?

— Адкажу вам словамі Барадуліна:

У пані не пытаюць пра гады,
Бо пані маладыя назаўжды.

Вы чалавек малады, мая вам парада: ніколі не пытайцеся ў пані пра гады…

— Дзякуй Вам, пані Марыя, за ўрок мудрасці. Будзем памятаць і яго, і вас…

Юрась Дубіна

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.