TOP

Сумніўныя знаходкі

Беларусы да такой ступені знясілены, затурзаны крывавымі войнамі, якія каціліся ў ХХ стагоддзі па нашай зямлі на ўсход і ў адваротным кірунку, цяжкай, безвыніковай працай, невыводнай беднасцю, што сучаснае сціплае існаванне пад мірным небам здаецца біблейскім раем. 

Пасля правалу савецкага эксперыменту з пабудовай камунізму ў СССР, які грунтаваўся не на матэрыяльнай зацікаўленасці, а ў асноўным на закліках, думалася, што вяртання да выпрацоўкі ўтапічных грандыёзных планаў, да інтэнсіўнай накачкі людзей «палітычным і сацыяльным аптымізмам» больш не будзе. Але рэчаіснасць паказвае на памылковасць такіх спадзяванняў.

Выкарыстоўваючы абсалютна нізкі ўзровень матэрыяльных і культурных запатрабаванняў вялікай часткі беларускіх грамадзян, прапаганда спрабуе ляпіць з аўтарытарнай краіны вобраз раю на зямлі, а яе жыхароў заносіць у шэрагі самых шчаслівых насельнікаў планеты. Прафесійным «казачнікам» дапамагаюць не толькі самі замбіраваныя людзі, але і многія заангажаваныя даследчыцкія сацыялагічныя цэнтры (прытым як мясцовыя, так і замежныя).

Маё здзіўленне выклікала тое, што ў каманду міфатворцаў запісалася такая салідная арганізацыя як Сусветны банк, чые супрацоўнікі нядаўна адшукалі ў Беларусі магутны… сярэдні клас. Згодна іх меркавання, да яго адносіцца 80% насельніцтва, 18% грамадзян — сацыяльна неабароненыя і толькі 2% — бедныя.

На працягу 20 гадоў у нас у цяжкіх пакутах нараджаецца і ніяк не можа нарадзіцца гэты патрэбны клас — галоўная апора эканомікі і ў цэлым дзяржавы, а тут на табе! Раз, два — і ў дамках, уся краіна раптоўна стала сярэднім класам. Тэлебачанне аж захліпаецца ад захаплення, а за ім пляскае ў ладкі самому сабе электарат. Калі б навіна адпавядала сапраўднасці, то, можа б, і я горача заапладзіраваў. Але, на жаль, знаходка Сусветнага банка падаецца сумніўнай.

Сярэднім класам, згодна афіцыйнага вызначэння, з’яўляецца сацыяльная група людзей, якая мае ўстойлівыя прыбыткі, дастатковыя для задавальнення шырокага кола матэрыяльных і сацыяльных запатрабаванняў. Рэсурсы, якімі ён валодае, забяспечваюць годную якасць жыцця. З гэтай прычыны сярэдні клас вылучаецца больш высокай сацыяльнай устойлівасцю.

У развітых краінах (ЗША, Англія, Германія, Японія, Швецыя, Фінляндыя) да сярэдняга класа адносяць людзей, якія маюць зарплату не ніжэй 2000 долараў, а даход на кожнага члена сям’і ад 1000 долараў і вышэй. Калі лічба ніжэй 500 долараў, то гэта — беднасць.

Сусветны банк залічыў у беларускі сярэдні клас людзей, у якіх душавое спажыванне не меней 10 долараў у дзень. Такі ў яго дзіўны крытэрый. Што ж, возьмем за кропку адліку гэтую лічбу. У маі 2015 года сярэдняя зарплата ў Беларусі паводле афіцыйных дадзеных склала 6 687 600 рублёў, што па курсу Нацбанка роўна прыблізна 400 доларам. Калі раскінуць на месяц, то па 13 долараў у дзень выпадае. Але ёсць іншая лічба, якую нельга ігнараваць. 45% беларусаў на сацыялагічным апытанні заявілі, што атрымліваюць зарплату значна ніжэй сярэдняй. Як быць з гэтым фактам?

Акрамя таго, сярэдняя зарплата — гэта не даход на кожнага члена сям’і. А таму, калі муж і жонка маюць двое дзетак, то нават абодва, атрымліваючы стандартную палучку, могуць забяспечыць толькі 6 долараў на чалавека ў дзень. Адкуль жа тады ўзяліся 80% сярэдняга класа згодна класіфікацыі Сусветнага банка?

Але галоўная сутнасць праблемы ў іншым. Сярэдні дастатак (у Беларусі ён сціплы!) нельга расцэньваць, як сапраўдную прыналежнасць да сярэдняга класа. Не толькі грошы вызначаюць гэтую сацыяльную групу. Ёсць шмат іншых паказчыкаў: выкананне звычаяў і традыцый краіны, лад жыцця, духоўныя каштоўнасці, адукацыя, свабода — асабістая і спажывецкая, уласнасць на сродкі вытворчасці (акцыі), велічыня і структура выдаткаў. З гэтага набору і павінна вымалёўвацца асоба прадстаўніка сярэдняга класа.

Большасць беларусаў (каля 76%) кажа: «Мы ні багатыя, ні бедныя. Мы жывем сярэдне». Але такая ацэнка заснавана на эмоцыях і нічога агульнага з дакладнай статыстыкай не мае. Прытым, каб жыць сярэдне, то ў дзень на чалавека трэба выдаткоўваць не 10 долараў, як лічыць Сусветны банк, а значна больш.

Кіраўнік краіны заяўляе, што «разница в доходах между самыми богатыми и самыми бедными у нас, как в Европе», што паміж імі няма «кричащей пропасти», як і «собственности, украденной у народа». Але грамадзяне не вераць яму і пішуць у інтэрнэце: «Настоящая реальность в том, что 5 – 10% относительно богатых, прикормленных властью людей создают иллюзию красивой жизни… Остальные являются зрителями, утопая в нищете».

У Беларусі не існуе вялікай розніцы паміж людзьмі з сярэднімі даходамі і беднымі. Гэта несумненная праўда! Па мерках развітых краін абсалютная большасць беларусаў не дацягвае да нармальнага заможнага жыцця. А самыя багатыя адарваліся ад бедных у астранамічную колькасць разоў, параўнайце прыбыткі любога прыўладнага доларавага мільянера з зарплатай бібліятэкара — і ўсё стане ясна.

За 2014 год у карумпіраванай Расіі з’явілася 30 тысяч новых доларавых мільянераў. Не хоча адставаць і Беларусь, з 2010 года колькасць такіх асобаў вырасла ў два разы і складае цяпер 20 тысяч, але гэта мільянеры-невідзімкі. У нашай краіне ўсё засакрэчана.

Расія афіцыйна паказвае, што да сярэдняга класа адносяцца толькі 30% жыхароў, а за рысай беднасці (месячны прыбытак не вышэй 140 еўра) жыве больш чым 23 мільёны (16 працэнтаў ад колькасці насельніцтва) чалавек. Беларусь на такую рэальную ацэнку сітуацыі і інфармацыйную адкрытасць не здольная, у чым і выяўляецца тутэйшая «спецыфіка».

У імкненні да сумніўных знаходак кіраўнікі Беларусі могуць спаборнічаць з Сусветным банкам. Напрыклад, прэм’ер-міністр зрабіў раптам «адкрыццё»: «Главный итог — мы живём по средствам». А як яшчэ павінны жыць людзі? Безумоўна, па сродках. Іншая справа, колькі тых сродкаў маецца і адкуль яны ўзяліся? Скажам, нават не бібліятэкарка, а выкладчык ВНУ, прафесар сёння ашчадна размяркоўвае сямейны бюджэт, бо яго катастрафічна не хапае на ўсе патрэбы. А ў гэты час не толькі прыўладныя бізнесоўцы, але і чыноўнікі , адасобіўшыся ад народа, па сваіх сродках, спакойна будуюць прэстыжныя, шыкоўныя катэджы паблізу рэзідэнцыі прэзідэнта і ўтрымліваюць іх. Няўжо дазваляе зарплата (якая яна тады?), або грошы яны робяць з паветра?

За апошні час «знаходкі» ў Беларусі пачасціліся. Дваццаць гадоў улада ва ўпор не бачыла пасрэднікаў, перакупшчыкаў, махлярства якіх шалёна павышае цэны на тавары, лекі і аплату паслуг, зніжае народны дабрабыт. Нарэшце заўважыла, але які вынік? Апетыт жулікаў не зменшыўся, а наадварот — вырас.

Нядаўна чыноўнікі прызналіся, што ў пенсійнай сістэме пануе ўраўнілаўка. У выніку «ручнога кіравання» сотні тысяч пенсіянераў не атрымліваюць сумленна заробленае. Прыкормлены толькі тыя, якія служылі аўтарытарызму. Але хто такую сістэму стварыў?

Пад ідэалагічнай страхой «сацыяльнай дзяржавы» фактычна адбываецца падтрымка асацыяльных тыпаў, лайдакоў, а з працавітых людзей улада здзірае тры скуры. Усё зводзіцца да агульна арыфметычнага паказчыка, да «сярэдняй тэмпературы па бальніцы».

У такіх умовах сярэдні клас у Беларусі будзе нараджацца яшчэ вельмі доўга.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Розны падыход

Кошт маўчання

Зацяжныя манеўры

Эпідэмія страху

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.