TOP

Дурылаўка

Часта ў чэргах магазінаў і аптэк можна пачуць такое: «Дураць нашага брата. Ой, дураць!» А ў адказ гучыць: «Дураць, дураць! Ды яшчэ як!» Адсюль і ўзнікла простае, грубаватае, але ёмкае размоўнае слова «дурылаўка», якое не трапіла ў слоўнікі, ды дакладна характарызуе аўтарытарную Беларусь.

Нашы рэаліі нагадваюць сітуацыю, якая склалася ў рэвалюцыйнай Расіі пасля прыходу да ўлады бальшавікоў. Тады, з аднаго боку, былі наладжаны татальны нагляд і кантроль, узмоцненая прапаганда камуністычных ідэй, а з другога — пачаўся застой у развіцці краіны, масавае парушэнне грамадзянамі (як у вярхах, так і ў нізах!) маральных нормаў. У 1921 годзе ў лісце У. Леніну інструктар школьна-курсавога аддзялення Петраградскай ваенна-палітычнай управы С. Саўчанка піша: «В обществе создалось полное непонимание друг друга, извратились понятия о морали. Все поведение исходит из желудочной мотивации, которой стараются оправдать все свои вольные и невольные антинравственные поступки. Нужен свет научных истин, нужна нравственная проповедь. Нужно выявить в людях человеческую их природу — разум, совесть и волю…»

Два дзесяцігоддзі ў суверэннай Беларусі пануе аўтарытарны рэжым. Як жа ён уплывае на людзей, ці выяўляе іх розум, сумленне і волю? Ні ў якім разе! Намаганні ўлады скіраваны на іншае — зрабіць грамадзян робатамі. Яна манапалізавала СМІ, стварыла прымітыўную, але ўсеахопную сістэму прапаганды. Дайшло да таго, што за насельніцтва ўжо не толькі думаюць, але і… адчуваюць. Людзі машынальна заглытваюць гатовыя ацэнкі і вобразы, якія ім прапануюцца. Сакрэт пэўнага поспеху татальнага абалваньвання заключаецца ў тым, што, ведаючы пра сваю беспакаранасць, трыбунныя і тэлевізійныя «вешчуны» без аглядкі ідуць напралом, хлусяць нахабна. З гэтай прычыны частка насельніцтва верыць сказанаму, хоць праўдай там і не пахне.

Дзяржаўная дурылаўка найперш б’е па розуму людзей. Яна так аблытвае іх хлуснёй, што дарэшты забываюцца ўрокі гісторыі. Возьмем, напрыклад, галоўную беларускую праблему — выбары. Як можа нармальны, мыслячы чалавек сур’ёзна ўспрымаць дэмагагічную балбатню пра перспектыву паляпшэння выбарчага працэсу пры цяперашняй уладзе? Абяцанне свабодных выбараў нагадвае бясконцы паход савецкіх людзей да камунізму. Мэта — абсалютна недасягальная!

Узурпатар улады і яго клан стварылі амаль паўночнакарэйскі варыянт народнага волевыяўлення, а вы — грамадзяне — пераадольвайце бар’еры, ідзіце пад кулакі і дубінкі сілавікоў, дамагаючыся цывілізаваных выбараў. Колькі разоў мы чулі абяцанкі: «Вось гэтыя выбары правядзем, а пасля іх будзем пераглядаць некаторыя параграфы»! Цягамоціна надакучыла ўсім, але яна не спыняецца.

Чарговыя парламенцкія выбары, якія пройдуць неўзабаве, выклікалі цэлы каскад смешных фармулёвак. Старшыня ЦВК Л. Ярмошына паабяцала пасля правядзення выбарчай кампаніі пазмагацца за «повышение прозрачности при подсчете голосов». А чаму ж не ў час яе? Увогуле, што такое — «повышение прозрачности»? Цэнтральная выбарчая камісія абавязана забяспечваць сумленны падлік галасоў і належны кантроль назіральнікаў за працэсам. Яе супрацоўнікі атрымліваюць за гэта немалую зарплату. Акрамя таго, усе ведаюць, што фальсіфікацыі пры падліку згодна заканадаўства падвяргаюцца крымінальнаму пераследу.

Дык чаму кожныя выбары ў Беларусі выклікаюць масіраваную крытыку як яе грамадзян, так і міжнароднай супольнасці? Прытым ЦВК адказнасць за многія «драконовские решения» спіхвае на мясцовую ўладу, як быццам нехта з дробных вертыкальшчыкаў можа дзейнічаць самастойна. Для ўзурпацыі адным чалавекам вярхоўнай улады, а затым яе бясконцага захавання патрабуюцца маніпуляцыі ў маштабах краіны. Гэта зразумела нават школьніку малодшых класаў. Нездарма заява Л. Ярмошынай у адным з інтэрв’ю — «Никогда не играю ни в какие игры» — выклікала ў інтэрнэт-публікі вялікі рогат.

Пакрокавы шлях удасканалення выбарчага працэсу, які рэжым падсунуў сваім грамадзянам і міжнароднай супольнасці, бачыцца не проста дурнотаю, а пасткай. Такім чынам беларусы будуць цэлае стагоддзе, як чарапаха, караскацца да дэмакратычнага галасавання, ды так і не дапаўзуць.

Між тым арганізацыя і правядзенне свабодных, справядлівых выбараў — гэта ж не мадэрнізацыя вытворчасці, дзе патрабуюцца нейкі час, значныя сродкі, дапамога інвестараў. Тут ніякія дадатковыя выдаткі не патрэбны, неабходна толькі мець сумленне. Яно павінна быць як у тых, хто праводзіць выбары, так і ў тых, хто ўдзельнічае ў якасці кандыдатаў на выбарчыя пасады і ў выбаршчыкаў. Здаецца, што складанага? Аднак беларуская практыка паказвае, што ўсім тром групам сумлення якраз і не хапае. А яшчэ бракуе розуму і волі, пра якія гаварылася вышэй.

Аўтарытарная ўлада лічыць сябе хітрэйшай за народ, якім кіруе. Але яна глыбока памыляецца. Людзі бачаць усё. Якую сферу ні вазьмі (адукацыя, медыцына, жыллёва-камунальная гаспадарка, экалагічны стан пасля Чарнобыльскай катастрофы і г.д.), усюды прысутнічае абрыдлая дурылаўка, скрозь жывуць патрэбныя толькі ўладзе зашыфраванасць, недамоўленасць, сакрэтнасць.

Родная мова з маўклівага патурання беларусаў таксама трапіла пад прэс. Але ж моўнае пытанне для яднання грамадства мае першаснае значэнне. Ніхто не прымушае цябе пад аўтаматам гаварыць па-беларуску, але, калі ласка, не знішчай нацыянальны дух, не перашкаджай засвойваць родную мову новым пакаленням, не пазбаўляй іх сувязі з айчыннай гісторыяй, з продкамі.

Ёсць горкая праўда і ў тым, што нас дураць, а мы спакойна дазваляем гэта рабіць. У людской масе памнажаюцца скаргі на бытавыя праблемы, расце крыўда на ўладу, але толькі не грамадзянская адказнасць, не ўсведамленне таго, што гэта мы, а не хтосьці іншы, павінны мяняць жыццё да лепшага. Паўстае справядлівае пытанне: калі людзі разумеюць, што іх штодзённа ў малым і вялікім падманваюць, то чаму трываюць здзек?

Аўтарытарызм якраз і ратуе тое, што значная частка людзей палітычна інертная, непатрабавальная, што жыццёвая прагматычнасць не сягае далей сямейных клопатаў, абмеркавання нізкага ўзроўню зарплат і пенсій, пастаяннага росту тарыфаў на паслугі, коштаў на харч, тавары і лекі. Мала хто хоча думаць пра будучыню свайго роду і народа, шукаць ісціну, ад якой «больно и светло».

Схематычна стан, у якім знаходзіцца наша грамадства, можна пазначыць радкамі:

Каму — на,а каму — не,
Зноў апынуліся ў камуне.

Гаворка ідзе не толькі пра матэрыяльныя даброты і іх размеркаванне. Сёння кожны выжывае як умее, самастойна. Маецца на ўвазе цалкам дзяржаўная сістэма, у якой мы існуем. Але ж нядаўняе мінулае пераканаўча паказала, што адміністратыўна-сілавым метадам пабудаваць годнае жыццё немагчыма.

Асабіста мяне абурае бяздумны, кволенькі аптымізм многіх людзей: «Неяк жа будзе!» Не, не будзе! Любой уладзе, і асабліва такой, што акапалася цяпер у нас, патрэбны моцныя процівагі, якімі з’яўляюцца крытычная грамадская думка і працаздольная апазіцыя.

Падзеі ў свеце сведчаць, што кожнаму народу ўтрымацца на плыву можна толькі тады, калі ён выяўляе жыццёвую стойкасць — прадпрымальніцтва, ініцыятыўнасць,палітычную і сацыяльную актыўнасць.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Перабор

Вынішчэнне альтэрнатывы

Закон справядлівасці

Прарыў да супольнасці

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.