TOP

Умоўна свабодныя

Дзяржаўная сістэма, якая не стварае нармальных умоў для творчай працы і камфортнага жыцця грамадзян, а забяспечвае толькі ўласную захаванасць, заганяе чалавека ў паныласць, адчай. Такі стан — як турэмнае зняволенне. Свабодныя людзі ёсць і пры аўтарытарызме. Але гэта асобы, якія маюць вялікую ўнутраную сілу, мужнасць, на што здольны не кожны.

Разважаць пра свабоду, пра яе ўплыў на грамадства любяць многія «хатнія філосафы», ды мала хто з іх заглыбляецца ў сутнасць паняцця. Звычайна ўсё зводзіцца да абмежаванняў з боку палітычнай сістэмы і ўлады, да дазволу або забароны людскіх дзеянняў. Між тым, гэтае паняцце звязана ў першую чаргу з самой чалавечай асобай. Вельмі важна наколькі правільна яна карыстаецца атрыманай свабодаю ў сваіх учынках і паводзінах.

Карысліва эксплуатуюць свабоду палітыкі, якія выраслі на руінах савецкай імперыі, сталі прэзідэнтамі суверэнных краін. Яны не абцяжарваюць розум пытаннямі, што такое для іх свабода, як павінен паводзіць сябе кіраўнік. Гэтыя людзі, вынесеныя наверх хваляй агульнай эйфарыі, палітычнага хаосу, папулізму, не падрыхтаваныя да дэмакратычнага, прававога жыцця, ухапіліся намёртва за ўладу, каб яе ўзурпіраваць, высмактаць для сябе з пасады чым больш славы і даброт. Легендарны мультыплікатар, аўтар усімі любімага «Ёжика в тумане» Ю. Нарштэйн заўважае: «Такой политик, как правило, ничего, кроме раздражения, в обществе не вызывает. Мы видим и чувствуем, что он пытается казаться лучше, чем он есть, но это ему плохо удается».

Магчыма, нехта мяркуе, што правіцель і яго клан, якія ўзурпіравалі ўладу ў Беларусі, маюць бязмежную свабоду. Не, такога няма! Людзі, што ставяць сябе над законам, над маральнымі нормамі, набываюць толькі часовую ўсёдазволенасць. У чыноўнікаў ёсць магчымасць злоўжываць службовым становішчам, красці, пра што сведчаць рэгулярныя крымінальныя справы. Аднак яны знаходзяцца ў няволі пастаяннага страху, бо іх у любы момант могуць пагнаць з хлебных пасадаў, як кажуць у народзе, «паганай мятлой». Так што іхняя свабода — умоўная.

Але насельніцтва менш за ўсё клапоціць лёс «вялікіх начальнікаў». Парука, якая склалася ў верхніх эшалонах улады Беларусі і Расіі, а таксама ва ўсіх без выключэння аўтарытарных краінах, ратуе іх ад суда. Мы бачым гэта на прыкладзе былога прэзідэнта Кыргызстана К. Бакіева, які, хаваючыся ад народнага гневу, знайшоў камфортны прытулак у Мінску.

Людзей трывожыць іншае — значнае зніжэнне жыццёвага дабрабыту. Яны прыкметна рэагуюць толькі на гэты фактар. Але зноў жа гамоняць на кухнях, у чэргах, баяцца сказаць на вуліцах уголас, што ім не хапае зарплат і пенсій, каб харчавацца, аплаціць камунальныя паслугі, купіць лекі. Прыклад выніковай барацьбы за свае правы паказваюць французы, якія адстаялі 35-гадзінны працоўны тыдзень, хоць яшчэ засталіся праблемы ў адладжванні ўзаемаадносін паміж працадаўцамі і тымі, хто наймаецца. З гэтай прычыны страйкі працягваюцца. А беларусы трываюць, маўчаць, бо рабства і страх сядзяць у нас у крыві, перадаюцца з генетычным кодам.

Узяты ў вялікага рускага пісьменніка А. Чэхава выраз «Выціскай пакроплі з сябе раба!», які набыў папулярнасць у час перабудовы ў СССР, правільны і актуальны, але ён стаў банальным, зацяганым. Беларусы на яго не адгукнуліся. Пасля набыцця незалежнасці яны нічога з сябе не выціскалі, а прыстасоўваліся да новага рабства. Яно прыйшло разам з перапісваннем канстытуцыі пад аднаго чалавека, з татальным халуйствам ягонага атачэння, а далей — з імітацыяй законнасці ў краіне. За мітуснёй па ўтрыманні ўлады, якая так скандальна зацягнулася, не-не, ды раптам мільгануць цені Сталіна або Гітлера, бо сцэнар паўтараецца.

Міжнародная супольнасць рэагуе толькі на зняволенні, скандальны гвалт аўтарытарнай улады супраць грамадзян, якія не згодныя з яе палітыкай, маюць сваё ўяўленне пабудовы прававой, цывілізаванай Беларусі. Але гэта паверхня таго, што адбываецца ў краіне. У глыбіні жыцця пануе пастаянны руцінны ўціск іншадумцаў праз адміністратыўны рэсурс. Кіраваць людской воляй можна без расстрэлаў і пасадак у турмы, без іншых парушэнняў правоў чалавека. Слабасць беларускай грамадзянскай супольнасці тлумачыцца якраз курсам на адзінадумства, атмасферай запалохвання, якую нагнятаюць рэжым і яго прапаганда. Старанная праца цяпер часта зводзіцца да выседжвання вызначаных гадзін, засведчанасці лаяльнасці да ўлады. Выяўляць максімум творчасці і энергіі немагчыма, бо ініцыятыва не толькі не вітаецца, але і караецца.

Нядаўна ў аўтобусе стаў сведкам паказальнай размовы. Мужчына, якому прыкладна 50 гадоў, расказваў сівагаловаму пенсі­янеру, як яму працуецца:

«Раней спрабаваў нешта сваё прапанаваць, удасканаліць працэс, але атрымаў некалькі разоў па карку і заціх. Я зараз «чалавек інструкцый», выконваю, як у арміі, каманды».

Яшчэ больш залежным ад сучаснай бюракратыі стала новае «пакаленне пастаноў і інструкцый», якое вырасла пры аўтарытарызме. У Партызанскім раёне г. Мінска на сходзе домаўладальнікаў прысутнічалі прадстаўніца адміністрацыі, супрацоўнік жыллёва-камунальных службаў і юрыст. Усе яны былі маладымі, але выказваліся на дзіва заскарузла, прымітыўна. Стварэнне грамадскага савета домаўладальнікаў, які мяркуе паспрыяць лепшай эксплуатацыі жылля, яны не ўхваляюць: «Дастаткова таго, што ёсць у пастанове Савета міністраў. У нас усё распісана, як мае быць. Трэба толькі выконваць».

Чалавек нараджаецца свабодным. Але, калі гаварыць гранічна шчыра, то многім жыхарам Беларусі свабода не патрэбна, бо яна звязана з асабістай адказнасцю. Ім выгадней быць «пасіўнымі і паслухмянымі» ў палітыцы, аддаваць перавагу гарантаванай працы пад крылом «прабіўнога» кіраўніка, імкнуцца атрымаць матэрыяльныя даброты адразу і па максімуму.

Увогуле, у народзе ёсць выдатныя якасці — талент, розум, жыццёвы вопыт, але аўтарытарызму яны не патрэбны. Ён заняты ўласнай бяспекай, а таму даваць прастор людской ініцыятыве не збіраецца.

З гэтай прычыны ўсім нам, маладым і старым, неабходна выхоўваць у сабе пачуццё годнасці, самапавагі, без чаго немагчымы рашучы прарыў да вольнага жыцця, да будаўніцтва дэмакратычнага грамадства і краіны.

Я шчаслівы, што бачыў на роднай зямлі шмат свабодных людзей. Мне так падабаліся светлыя, прыгожыя абліччы, усмешкі. Было гэта ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя па ўсёй Беларусі. Людзі розных поглядаў шчыра спадзяваліся, што нарэшце прыйшоў час, калі ўсё будзе залежаць не ад «партыі і ўраду», а ад іх саміх. Сімвалічна, што ліст беларускіх фермераў першаму сакратару ЦК КПБ Я. Сакалову, надрукаваны ў газеце «Известия» (2 лютага 1990 года), меў загаловак «Не пугайте крестьян свободой»…

У адказ на словы геніяльнага Уладзіміра Караткевіча: «Калі мы не ўстанем самі — не падыме нас ніхто» некалі напісаўся верш «Устаньце!»:

Само жыццё — свабодзе радня,
Нельга ісці, згінаючы выю.
Мёртвых нам не ўдасца падняць…
Устаньце, жывыя!

Магчыма, у Беларусі ў будучым народзяцца сапраўды свабодныя людзі. Хочацца спадзявацца, стараюся з усіх сіл верыць у гэта, нягледзячы ні на што. А пакуль мы — толькі ўмоўна свабодныя…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Дурылаўка

Перабор

Вынішчэнне альтэрнатывы

Закон справядлівасці

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.