TOP

Стваральнае слова

Пра стваральную сілу беларускага мастацкага слова, яго выключны патэнцыял у справе яднання нацыі яшчэ раз нагадвае слаўная дата. 28 жніўня 2016 года мы з пашанай і ўдзячнасцю будзем адзначаць 80-годдзе з дня нараджэння выдатнага паэта, публіцыста, дзяржаўнага дзеяча, дыпламата Генадзя Бураўкіна.

Да нядаўняга часу ён быў побач з намі — прызнаны народам творца, дзейсны, добразычлівы, чуйны да чужога гора, дасціпны, усмешлівы чалавек. Мне, як, напэўна, многім беларусам, яшчэ дагэтуль не верыцца, што любімы паэт адышоў у вечнасць, бо яго прысутнасць была надзвычай адчувальнай і патрэбнай грамадству.

Сярод абывацеляў здаўна бытуе меркаванне, што творцы, у прыватнасці паэты, — гэта людзі бездапаможныя ў зямных, практычных справах, што яны жывуць недзе там — у аблоках фантазій, летуценняў, мрояў. Гэта няпраўда.

Генадзь Бураўкін сваім жыццём і творчасцю абверг застарэлы міф. Ён меў не толькі вялікі літаратурны талент, які даволі поўна выкарыстаў, але стаў яшчэ арганізатарам як лакальных стваральных пачынанняў, так і маштабных дзяржаўных праектаў, што асабліва выразна выявілася на пасадзе старшыні Камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні БССР. Слова Генадзя заўсёды пацвярджалася справамі.

Калі на тое пайшло, то хачу сказаць, што практычна ўсе паэты мелі і маюць іншую прафесію, якая іх корміць, апранае і абувае, працуюць выкладчыкамі, настаўнікамі, журналістамі, урачамі, інжынерамі, дыпламатамі, рэдактарамі часопісаў, супрацоўнікамі выдавецтваў, бібліятэкарамі, грузчыкамі, вартаўнікамі.

У тым-то і соль, што паэтычнае рамяство — гэта сапраўды абсалютнейшае прызванне, пакліканне Вышэйшай Волі, якое часта не толькі не аплачваецца, але яшчэ і караецца. Ды ад такога жорсткага стаўлення рэакцыйнай улады да паэтаў нічога не мяняецца. Яны выконвалі і будуць выконваць высокую місію захавальнікаў як роднай мовы, так і нацыі.

Якраз літаратары, і ў першую чаргу паэты, не далі Беларусі ператварыцца ў безаблічнае, сцёртае месца на карце Еўропы. Дзякуючы ім сёння мы маем суверэнную дзяржаву. Пра гэта трэба гаварыць адкрыта, не баючыся, што нехта захоча абвінаваціць сучасных майстроў мастацкага слова ў нясціпласці.

Пачынаючы ад вяршынных дасягненняў класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, беларуская паэзія другое стагоддзе не зніжае свайго эстэтычнага, інтэлектуальнага і эмацыянальнага накалу, выходзячы на чарговы якасны ўзровень. У ёй маюцца ўсе тыя класічныя, мадэрновыя і постмадэрновыя аспекты асэнсавання часу і разнастайных цывілізацыйных з’яў, якія ўласцівы іншым высокаразвітым паэзіям свету.

Генадзь Бураўкін займае ў айчыннай паэзіі асаблівае месца. У яго творчасці сплаў высокай, недэкларатыўнай, душэўнай грамадзянскасці і ўнікальнай, тонкай лірычнасці даў выдатны вынік. Чытаючы радкі Генадзя, я пагаджаюся з думкай, што «паэзія вяртае сэнс існавання чалавецтва»:

Калі жыццё нялёгкае пражыта,
Ці варта ўспамінаць пра драбязу?
Калі і згадваць што —
Дык лес і жыта,
Каханай смех і матчыну слязу.
І ранішнюю травеньскую знічку,
І жураўліны крык у сіняве,
І тую булькатлівую крынічку,
Што сто разоў цябе перажыве…

Ёсць шмат азначэнняў паэзіі. Дадам яшчэ адно ад сябе — гэта размова з уласным сумленнем. У ёй Генадзь быў гранічна шчырым, самакрытычным, што заўжды выклікае ўзаемны давер чытача:

Кожны дзень гняце тупая стома,
Глушыць парыванняў гамана
І сціскае сэрца пакрыёма
Горкая апошняя віна.

Скончыцца жыццёвая дарога,
Згасне боль
І выветрыцца сум.
Каб вы толькі ведалі,
Як многа
Я туды з сабою панясу.

Колькі нерастрачанай пяшчоты
За пустымі жартамі хаваў,
Колькі песень адкладаў на потым
І сваёй зямлі не праспяваў!

Але вінаваціцца паэт дарма. Нам бачны вольны, шырокі абсяг зробленага ім: вершы, паэмы, публіцыстыка, эсэ, літаратурная крытыка. А чароўныя песні Генадзя, як манкурты ні стараюцца іх сплавіць у нябыт, спявае ўся (без перабольшвання!) Беларусь.

Маё сяброўства з Генадзем доўжылася паўстагоддзя. Яно было сапраўды шчаслівым, хоць мы траплялі ў складаныя, а часам і драматычныя сітуацыі. Але землякам і без аніякай прагматычнай выгоды сябрам заўсёды лягчэй паразумецца і выстаяць у выпрабаваннях. Мы падтрымлівалі адзін другога, на якой бы працы ні знаходзіліся. Яднала нас родная мова, а больш канкрэтна — паэтычнае слова. Без яго ніколі не абыходзілася ў нашых любімых пастаянных грыбных вандроўках і нават у не менш шануемай лазні пад духмяным венічкам. Перапыніла добрыя гаворкі, смакаванне паэтычных знаходак толькі службовая камандзіроўка Генадзя ў Амерыку ў якасці дыпламата. 30 жніўня 1990 года ён лістуе з Нью-Ёрка: «Вельмі хачу, каб табе добра працавалася (і ў рэдактарскім, і ў паэтычным плане), каб не псавалі табе нерваў дурні і не заміналі таварышы. Галоўнае, Сяргей, — заставацца сумленным чалавекам і пісаць. Як мне напісаў Пімен Емяльянавіч (народны паэт Беларусі Пімен Панчанка. — С. З.): «Як гэта здорава — жыць і пісаць!»

У ХХ стагоддзі беларусы апынуліся на галоўным напрамку ўдарнай сілы савецкай таталітарнай дзяржавы, камуністычнага суперінтэрнацыяналізму, якія бязлітасна дэфармавалі нацыянальную свядомасць, шляхам настойлівай русіфікацыі выцеснілі ў рэзервацыю родную мову.

Уціск працягваецца і цяпер. Але надзею свядомых людзей на адраджэнне, на лепшае жыццё не могуць забіць ні выкшталцоныя прайдзісветы, ні тупыя дэспаты. Што б ні было, а народ працягвае жыць. У яго гістарычным быцці заўсёды маюцца магчымасці для пераадолення памылак, якімі б трагічнымі яны ні здаваліся.

Наш старэйшы сябра Васіль Быкаў, аглядаючы абсяг сучаснай беларускай літаратуры, ахарактарызаваў яе як «сьведчанне духоўнай патэнцыі народа, які марудна, праз боль і памылкі, нарэшце ўсьведамляе сябе і сваё наканаваньне ў сьвеце». Будзем спадзявацца, што аптымістычная ацэнка мастацкага слова і народнага руху ў будучыню пісьменнікам, якога яшчэ пры жыцці назвалі сумленнем нацыі, шчасліва спраўдзіцца.

У наш час балбатаць, нешта крэмзаць на паперы і ў інтэрнэце навучыліся многія. Але гэта не тыя словы, якія дапамагаюць жыць, выклікаюць добрыя чалавечыя пачуцці, а калі спатрэбіцца — могуць павесці ў бой за праўду, за гуманістычныя, справядлівыя мэты.

Сваім роздумам яшчэ раз падкрэсліваю, што наша ўвага павінна быць засяроджана не на палітычных пустазвонах, не на прафесійных хлусах ад інфармацыі, не на эстрадных крыўляках, а на знакавых асобах, якія стваральным словам ратуюць, яднаюць і натхняюць нацыю на разумнае, годнае і доўгае жыццё.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Дуэль «тэлека» з «пузікам»

Раздвоенасць

Свежы асфальт

Забойства чалавечнасці

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.