TOP

Хоць конь, як кажуць, залаты, але адкінуў капыты

Нягледзячы на тое, што беларусы заваявалі алімпійскую ліцэнзію па конным спорце, нашых вершнікаў у Рыа мы не ўбачылі. Проста адзіны конь па мянушцы Пасат састарэў, а добры скакун каштуе да мільёна долараў… О, колькі спрыту, колькі сілы Меў элітарны конь Пасат! Як ногі скакуна насілі Калісьці, дваццаць год назад!

Зайздросцілі аўтамабілі
Ягонай хуткасці тады,
Юрліва зыркалі кабылы:
Такі імпэтны, малады…
Пасат з-за хуткасці і спрыту
Быў, так бы мовіць, у цане.
Сам элітарны,
Ён эліту
Вазіў заўсёды на спіне.
Спартсменам аддалі Пасата
Урэшце ўладныя тузы:
Хай ездзіць на чэмпіянаты
І заваёўвае прызы.
Былі давольнымі спартсмены:
— Жарэбчык жвавы, як агонь!
Хоць дарагі, але бясцэнны
Для нас на скачках гэты конь!
Пасат і рупіўся заўзята,
Не шкадаваў ні сіл, ні ног,
Таму не дзіва, што ў Пасата
Было нямала перамог.
Бяда, што на спартыўнай стайні
І для жанчын, і для мужчын
Быў выбар вельмі аднастайны:
Такі харошы конь — адзін.
І ўсе казалі пра Пасата:
— Наш конь, канешне, залаты.
Але якой жа будзе страта,
Калі адкіне капыты…
І конь скапыціўся нарэшце,
Бо ўжо нямоглы і стары.
«Хоць біце, — думаў ён, —
Хоць рэжце —
Ляжацьму брухам дагары,
Бо мышцы драхлыя, старыя,
І цела ўсё баліць ад ран…»
— Пасат, цябе чакае Рыа!
Паедзем, конь, за акіян! —
Яго ўгаворваў палка трэнер
Дый на калені стаў амаль. —
Там поспех зноў цябе сустрэне,
Пачэпяць, можа быць, медаль!
А конь ляжаў, як нецвярозы
Дзяцюк, што бухнуўся пад плот.
— Ты адмаўляешся?! — пагрозы
Спецыяліст пусціў у ход. —
Не буду няньчыцца з табою
І бізуном агрэць магу!
Наогул завязу на бойню —
На фарш пракруцяць, на рагу!
Але й пагрозай не ўдалося
Падняць. Ляжаў, як бервяно,
Нямоглы, састарэлы кося,
І ў галаве было адно:
«Я больш ні блізка, ні далёка
Нікога з вас не павязу…»
І конь з заплюшчанага вока
Пусціў гаротную слязу…
* * *
Хто медалі амаль нязменна
Дае падчас Алімпіяд?
Каго ні ўзяць — таго спартсмена
Узгадаваў савецкі лад.
Яны прыносяць радасць людзям,
Ды ўзрост спартсменаў — на мяжы.
Перамагаць нядоўга будзем
На тым, савецкім, багажы.
А новых «зорак» — небагата
(Шукаюць іх на старане),
Таму наш спорт
Каня Пасата
Нагадвае чамусьці мне…

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Скарыстаем мудра лес, дык не трэба і АЭС

Дэфіцыт на медалі, бо Расіі аддалі

Паявіўся ў каровы гаспадар адмысловы

Абраўшы цётку за нявесту, хлапец не дапусціў інцэсту

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.