TOP

Кішэнная ўлада

Кожны ўзурпатар любіць паўтараць, што ўлада ляжала ў брудзе нічыйная, нікому не патрэбная, а ён зрабіў гераічны ўчынак, падабраў яе і выкарыстаў на службу народу. Гэта цынічная хлусня. Адыёзным асобам бунтуе кроў нацэленасць на крэсла высокага начальніка, і яна рана ці позна скандальна выяўляецца.

Нават у цяжкіх умовах развалу савецкай імперыі і ўтварэння незалежных краін была магчымасць вырашаць праблему ўлады цывілізавана, законна. Але такі шлях «харызматыкаў» не задавальняў, бо мог не прывесці да жаданага выніку. Для дасягнення мэты яны прымянілі іншыя спосабы, у тым ліку і злачынныя. Каб пераканацца ў гэтым, варта ўспомніць змрочныя дэталі прыходу да ўлады ўсіх узурпатараў на тэрыторыі былога СССР, палічыць колькі іх рэальных супернікаў знікла бясследна.

Некалі я напісаў верш «Улада»:

Слабых людзей псуе дашчэнту ўлада —
Спакуслівы, але цяжкі вянец.
Быў проста мужычок, а ўпіўся звадай,
Яшчэ каўтнуў ялею і — канец…

Судзіць і кіраваць заўжды складана,
Пра гэта сведчаць боль і кроў вякоў.
Як добра, што ў мяне няма падданых!
Я толькі цар і раб сваіх радкоў.

Сапраўды, чалавеку лепш займацца тым, да чаго ў яго ёсць здольнасці, у чым найбольш поўна ён можа выявіцца. А той, хто ідзе ў палітыку, павінен быць гатовым не толькі да ўзлёту і славы, але і да немінучага сыходу, нават да падзення ў прорву людской нянавісці…

Роздум чалавецтва над праблемай улады ніколі не спыняецца. У канцы ХХ стагоддзя ў многіх краінах яна трапіла ў распараджэнне малаадукаваных, амаральных людзей, стала для іх інструментам узвялічвання, здабывання вялікіх грошай, камфортнага дабрабыту, забаў, атрымання незаслужаных узнагарод.

Хто вінаваты ў тым, што ўлада ў Беларусі была не проста прыватызавана, а надоўга апынулася ў кішэні аднаго чалавека? Тое, што адбывалася ў тутэйшым палітычным жыцці ў 1993 — 1994 гадах, любому больш-менш дасведчанаму чалавеку бачылася выразна. Хто хацеў, мог разабрацца ў сітуацыі. Пра гэта я пісаў тады ў друку, расказваў на сходах, заклікаў беларусаў да абачлівасці і сур’ёзнасці ў выбары прэзідэнта, а таму маю права на жорсткую крытыку. Адзін прэтэндэнт рваўся да высокай улады, саманадзейна спадзеючыся на адміністратыўны рэсурс, другі займаўся скандальным піярам, уключаючы стрэлы па аўтамабілю, і абяцаў залатыя горы, а нехта наіўна разлічваў на розум народа.

Але адкуль возьмецца мудрасць у людзей, якія ніколі не жылі свабодна, не ўяўлялі, што можна абыходзіцца без правадырскай апекі Леніна, Сталіна або ЦК КПСС? Акрамя таго, на палітычным гарызонце з’явілася зграя «маладых ваўкоў», якія зрабілі стаўку на «парня из народа» і актыўна апрацоўвалі ў такім кірунку насельніцтва. Яны спрабавалі пераканаць у сваёй праваце і мяне, але атрымалі адпор.

Сёння я з грэблівасцю назіраю за былымі служкамі «прабіўнога кадра», які ўяўляўся ім таранам у змаганні за ўладу, на плячах якога хацелася вылезці на самы верх і самім. Размеценыя ўзурпатарам па глухіх закутках, яны цяпер сочаць за кожным яго крокам, бязлітасна чыхвосцяць налева і направа, ніколі не ўспамінаючы ўласныя «заслугі» ў мярзотнай справе загону Беларусі ў аўтарытарнае цемрашальства.

Але ж менавіта «разумныя, прадбачлівыя маладыя ваўкі», некаторыя з якіх адышлі ўжо ў лепшы свет, а астатнія ссівелі і прытупаліся, з меркантыльнымі мэтамі ўзвалаклі на вяршыню ўлады самага непадрыхтаванага чалавека з тых, хто на яе прэтэндаваў. Нехта скажа: яны зразумелі свой пракол, навошта варушыць мінулае? Не, шаноўныя чытачы, трэба помніць усё, бо памылка была катастрафічнай, і яна можа яшчэ раз паўтарыцца, калі нарэшце прыйдзе час перамен.

У дадатак да невясёлых згадак пра прыход у родны край аўтарытарызму даводзіцца са здзіўленнем глядзець на чыноўнікаў Еўразвязу, якія столькі гадоў выхоўвалі беларускі рэжым у дэмакратычным духу, ды самі на яго «падселі», сталі рэгулярна прыязджаць у Мінск, садзіцца за сталы перамоў і запісваць «мудрыя думкі» аўтакрата. Іхняе адрозненне ад тутэйшых службоўцаў толькі ў тым, што яны не ўгінаюць галовы ў плечы, не дрыжаць ад усведамлення таго, што на іх могуць раптам надзець кайданкі, а задаволена ўсміхаюцца. Але, як кажуць, яшчэ не вечар…

У аўтарытарных краінах улада заўсёды блытае сябе з законам. Каб абысці абмежаванні, правіцель пачынае пячы, нібы аладкі, указы і дэкрэты, якія яшчэ абрастаюць інструкцыямі. Паступова жыццё грамадства аддаляецца ад магістральнага кірунку, які пазначаны Канстытуцыяй і заканадаўствам. Расце прорва паміж уладай і народам, паміж багатым і бедным людам. Эканоміка спаўзае ў мінус, не змяншаюцца татальная карупцыя, крадзяжы, самадурства чыноўнікаў, адбываецца імклівая дэградацыя праваахоўных органаў, судоў, афіцыйных СМІ.

Спісаць, як раней, бяздарныя правалы на апазіцыю або на варожы Захад не выпадае. 22 гады ўлада знаходзіцца ў кішэні аднаго чалавека. Іншадумцы прыціснуты магутным прэсам адміністратыўнага рэсурсу, драконаўскімі штрафамі, дубінкамі і кулакамі сілавікоў. З Еўропай і ЗША ідзе інтэнсіўны гандаль, яны нават часта падкідаюць Беларусі бязвыплатную дапамогу, а міжнародныя фінансавыя арганізацыі рэгулярна выдзяляюць ратавальныя пазыкі. Крыць няма чым, выдумкі не праходзяць.

А тут яшчэ намалявалася непрыемная няўвязка. Рэаліі Узбекістана, Туркменіі, Казахстана, Таджыкістана і нават Азербайджана засведчылі, што ўзурпатары ўлады пішчом лезуць у культ асобы. Яны не задавальняюцца жорсткім казарменным падпарадкаваннем і страхам падданых, прысваеннем сваіх імёнаў школам, універсітэтам, палацам культуры, вуліцам, гарадам, усталяваннем сабе пазалочаных скульптур, ім патрэбна вялікая народная любоў.

У Азіі начальства традыцыйна абагаўляецца. Ведаю гэта не з кніг, не з тэлебачання, бо самому даводзілася быць у тых прыгожых, слаўных, але ў сацыяльным плане нестабільных і часта бедных краях, гутарыць з таджыкамі, казахамі, узбекамі. Толькі на месцы бачыш, што тут стасункі насельніцтва з «правадырамі» атрымліваюцца мазахісцкімі. Любіць патрабуецца тых, хто пастаянна здзекуецца над правамі і свабодамі, над годнасцю чалавека.

Цень сучасных азіяцкіх «ханаў», хочуць яны гэтага ці не, але падае на Беларусь і Расію. Рэчаіснасць паказвае, што галоўны лозунг у адыёзных правіцеляў: «Улада дзеля ўлады!»

Але хто яны такія? Ды па вялікім рахунку — ніхто! Ніякімі ўласнымі прафесійнымі дасягненнямі не вызначаюцца, краіны пад іх кіраўніцтвам таксама выдатных перамог не маюць. А ім пад ногі чамусьці пасцелены вялікія перыяды жыцця народаў. Ці справядліва гэта? Безумоўна, не!

Не ведаю, як каму, а мне кідаецца ў вочы, што кіраўнік нашай краіны не ўмее весці дыялог, звычайна гаворыць адзін, слухае і чуе толькі сябе. Пры ўладзе, якая знаходзіцца ў яго кішэні, у Беларусі няма нармальных палітычных падзей, а нацыянальнае і культурнае жыццё згубіла натуральныя фарбы, стала штучным, бляклым або лубковым, патанула ў чыноўніцкай казёншчыне.

Я магу згадзіцца з тым, што кожны народ заслугоўвае такога кіраўніка, які ён сам. Але ўлада ў любой краіне павінна выбірацца адкрыта, сумленна, без фальсіфікацый і падтасовак, быць заўсёды законнай, лігітымнай. Інакш павагі да яе не будзе.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Язда без тармазоў

Тры лічбы

Забівакі

Чаму трывожна сэрцу?

 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.