TOP

Пярэваратняў звольнім раць — другіх не трэба набіраць

Міністэрства ўнутраных спраў на працягу месяца праверыла на паліграфе (дэтэктары хлусні) 700 сваіх супрацоўнікаў. Кожны трэці з іх аказаўся недастойным службы ў органах правапарадку. — Грамадзяне і пісакі Аб’явілі нам вайну За разгоны, аўтазакі, За карупцыю, ману.

Кажуць, водзяцца наогул
За міліцыяй грахі
(Ды скрозь пальцы, дзякуй Богу,
На грахі глядзяць «вярхі»), —
Нечакана, быццам выстрал,
Прагучаў публічны «спіч»
Міліцэйскага міністра.
Ён калегам кінуў кліч:
— Каб спыніць усе размовы
Канчаткова, назаўжды,
Мы павінны (і гатовы!)
Прашарсціць свае рады.
Знешне, мовіць так, у глянцы
Некаторыя, але ж
Насамрэч прыстасаванцы,
Калі іх глыбей капнеш.
Хтосьці палкай паласатай
У кішэнь рублі грабе
І з даішнаю зарплатай
Асабняк узвёў сабе;
Нехта справу закрывае,
Каб «вісяк» над ім не віс
І паказчыкаў крывая
Не пайшла, крый Божа, ўніз;
Хтось і сам ужо злачынца,
Бо цішком забіў лася.
Але здолеў так злаўчыцца,
Што спагнанне — кара ўся.
Так бывае, скажам шчыра,
Парушаецца закон…
Захаваем чэсць мундзіра
І пярэваратняў — вон!
Нашым міліцыянерам
Трэба быць у чысціні.
І таму мы ўсіх праверым
На дэтэктары хлусні.
Хто адмовіцца — пагоны
Мы сарвём з яго плячэй.
Разгружае хай вагоны
Ці шукае, дзе лягчэй.
…Два сяржанты, два грамілы,
Неслі службу з даўніх пор:
У амапаўца Данілы
Быў напарнікам Рыгор.
І яны — як дзве паловы,
Нібы ў іх адны бацькі,
Хоць Рыгор дзяцюк вясковы,
А Даніла — гарадскі.
Варыянт тыповы: колісь
І Даніла, і Рыгор,
Як навуку грызлі ў школе,
Не хапалі з неба зор.
Шлях які чакаў Данілу?
Праліваць у спорце пот,
Прымяняць да іншых сілу
Ці падацца на завод.
А Рыгор, само сабою,
Мог «круціць быкам хвасты».
Ды падумалі абое:
Лепш за ўсё пайсці ў «мянты».
Там харошыя заробкі,
Прывілей таксама шмат,
І тлуміць не трэба клёпкі —
Шпацыруй туды-назад.
Без турбот яны служылі:
Лынды білі дзень пры дні
І зусім не рвалі жылы…
Ды дэтэктарам хлусні
Іх начальнік агарошыў.
Закруціўся думак рой,
І спачатку нехарошы
У службоўцаў быў настрой,
Бо яны, байцы АМАПа,
Мелі розныя грашкі:
Разяўлялі часта зяпы,
Шылі людзям мацюкі,
Без разбору, без замінкі,
Як «сапраўдныя мянты»,
Скарыстоўвалі дубінкі,
Хоць ужыць маглі шчыты.
А бывала, выпіваку
Да аддзела валаклі.
Не ўшчувалі небараку,
А выцягвалі рублі
Непрыкметна з партманэта.
То ж халяўнае бабло!
Дык дэтэктар той на гэта
Можа ўсё ж праліць святло?
— Ні фіга! — сказаў Даніла. —
Выкрыць ён не зможа нас.
Мы ж з табою не дэбілы.
Хоць падманваў я не раз,
Ды ўдавалася нярэдка
Выйсці мне сухім з вады.
Вось, да прыкладу, як сведка,
Я наведваю суды.
Сведчу там, што брыдкасловы
Распускалі языкі,
Што дзядуля стогадовы
Здолеў мне намяць бакі.
Суддзі вераць і ніколі
Не сказалі, што хлушу.
І дэтэктар не «расколе»,
Не залезе мне ў душу!
— Дык і я не лыкам шыты! —
Падтрымаў яго Рыгор. —
Не «расколюць» ні бандыты,
Ні праныра-пракурор.
Дый не можа жонка Люся.
Як сабака след бярэ
І здалёк пазнае хлуса,
Быццам Холмс або Мегрэ.
Толькі нават і па п’яні
Не разгледзіць уваччу,
Што хаджу к суседцы Мані
І тайком яе «тапчу».
Дык хіба і жалязяку
Не змагу я ўвесці ў зман?
Пацалуе хай у ср…ку
Аператар-капітан.
І патупалі без страху
На іспыт праз дзень-другі.
— Мы задурым паліграфу
Электронныя мазгі!
Паліграф — нібыта следчы,
А пытанне — як укус.
І адказ іх кожны сведчыў,
Што сядзіць насупраць хлус.
Іх іспыт — раўня прызнанню…
Чашу выпілі да дна:
Нават пра суседку Маню
З клёку вылезла мана.
Не адну пытаў гадзіну
Капітан, праверыць каб.
— Як маглі — даюся дзіву —
Вы патрапіць у АМАП?
Хто даверыў вам пагоны?
Вы ж злачынцы! І таму, —
Кончы быў прысуд ягоны, —
Вас адправіў бы ў турму!
* * *
Прапанова неблагая —
«Прашарсціць свае рады»:
На міліцыю звягае
І стары, і малады.
Калі справяцца з задачай —
Поскудзь выпаляць агнём,
Можа, мы зусім іначай
На міліцыю зірнём.
Я прыняць другія меры
Генерала папрашу.
Вас, службоўцаў, да халеры
У разліку на душу.
Дык як «спусціце з парога»
Тых пярэваратняў раць,
На вакансіі нікога
Больш не трэба набіраць.
Ну а што ж Рыгор, Даніла?
Пойдзе ўсё наперакос —
Трэба браць у рукі вілы.
Ды пра іх далейшы лёс
Я загадваць не бяруся
(Нецікава проста мне).
Толькі ўпэўнены, што Люся
Мужу рэбры ўсё ж намне…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Будзем выбіраць паміж: ці «на крыжык», ці на крыж

Камусьці — кнігу, камусьці — фігу

Не разлічваў дэпутат на такі электарат

Зноў цешаць мары пра даляры

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.