TOP

Як палюбоўнік — дармаед, пакінь службовы кабінет!

Аляксандр Лукашэнка выказаўся на адрас чыноўнікаў і «іншых значных у краіне асоб»: «Працаўладкуйце, калі ласка, сваіх жонак, мужоў, палюбоўніц і палюбоўнікаў, родных і блізкіх. Тых, хто павінны і можа працаваць. Калі жонка ці палюбоўніца хворая, ну што ж, будзем лячыць… Палкоўнік Шпягун (начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта. — А.Н.) павінны ўзяць гэтае пытанне пад асабісты кантроль і мне далажыць…» Старшыня райвыканкама, Хоць цынічным вельмі быў, Без ахвоты, скажам прама, Азадачваў свой актыў.

Спадылба пагляд суровы.
Хмурна мовіў:
— Вас сабраў
Для сур’ёзнае размовы,
Хоць нямала пільных спраў.
Спадзяюся, кожны ўведаў, —
Зыркнуў зноў раённы бос, —
Што ва ўказ пра дармаедаў
Прэзідэнт наш змены ўнёс.
Толькі мы цяпер не будзем
Абмяркоўваць той указ —
Ён цікавы простым людзям…
Ды на гэты раз пра нас
Кіраўнік завёў гамонку.
Хтось і ў нашай грамадзе
Беражэ дачку ці жонку —
Не ўладкоўвае нідзе.
Анягож, такія кралі!
Ім жа лынды біць не ў лом,
Хоць калісьці атрымалі —
Ці купілі мо? —
Дыплом.
Дый у членаў выканкама
Ёсць і іншая радня:
Хтосьці, мусібыць, таксама
На тахце ляжыць штодня.
Ці ж, скажыце, гэта праца —
Налавіць паболей мух?
Трэба з імі разабрацца,
Запрагаць такіх у плуг.
Нават я сваю «палову»
На работу паганю…
Але Бацька вёў размову
Там не толькі пра радню.
Палюбоўнікі, каханкі —
Вось галоўная мішэнь.
Бацька болей, чым за п’янкі,
Нам насоўгае ў каршэнь,
Як каханка — дармаедка,
Палюбоўнік — дармаед.
Пустасловіць Бацька рэдка —
Можна страціць кабінет…
У мяне няма сумневу,
Што таемна кожны з вас
Ходзіць, так сказаць, налева,
Бо імпэт яшчэ не згас.
Я выконваць тут не буду
Ролю нейкага суддзі,
Бо зусім не супраць блуду:
Калі сілы ёсць — блудзі.
Забаўляйся хоць з суседкай.
Абавязак толькі твой,
Каб каханка дармаедкай
Не была —
Кудысь прыстрой.
Пройдзе кожны з вас праверку, —
Паказаў рукою ў столь. —
Баявы палкоўнік «зверху»
Справу ўзяў пад свой кантроль!
Сам трымацьму на кантролі
Сексуальны ўвесь працэс,
Бо пакуль што вашы «ролі»
Для мяне — як цёмны лес.
Мне не трэба нечаканак,
Як прыедзе кантралёр.
Палюбоўнікаў, каханак
Знаць хачу я з гэтых пор. —
Больш пагляд яго не хмуры. —
Заўтра кожны дакладзе
Мне пра ўласныя «амуры»:
Хто і з кім, калі і дзе…
Не рабіў ніхто паметак,
Бы ў магіле, цішыня…
Не чакалі ўсе, што гэтак
Азадачыць старшыня.
Ідэолаг-маладзіца
Акрыяла:
— Для мяне
Ваш кантроль не прыгадзіцца —
Не блуджу на старане.
Я, магчыма, ў выканкаме
Не такая, як усе…
Цвёрда верылася даме,
Што з кантролем пранясе.
Старшыня ад злосці — шэры,
Ён алоўкам стол дзяўбе.
— А ці ж дасць палкоўнік веры,
Даражэнькая, табе?
Пры такой тваёй фігуры
(Ты ж у нас мадэль нібы),
Самы раз «круціць амуры» —
Не адмовіцца любы.
Будзе вельмі падазрона
(Той палкоўнік не дурны),
Што з усіх самцоў раёна
Не падбіў ніхто кліны.
І службіста думка гэта
Будзе муляць, як мазоль:
Тоіць штось, маўляў, кабета,
Дык за ёй — трайны кантроль.
Трэба месяц сочку весці,
«Хахаль» ёсць, і не адзін…
Так што ты і праўда дзесьці
Палюбоўніка знайдзі…
Пасля слоў цынічных гэтых
(Так уразілі яны!)
Пабрылі па кабінетах,
Быццам прывіды, чыны.
Па чарзе назаўтра зранку
Прыбывалі на даклад:
Хто назваў адну каханку,
Хто сказаў, што мае шмат.
Прызнаваліся й кабеты,
Што калега ці сусед
Часам дарыць ім букеты,
Потым «топча», не сакрэт…
Карацей, заграз у блудзе
Выканкам увесь, на жаль.
Ды сабе ўсе білі ў грудзі
І бажыліся амаль:
— Каб мяне пабралі пранцы,
Праваліцца б скрозь зямлю —
Не сядзіць, дальбог, без працы
Той, з кім ложак я дзялю!
Дый жанчына-ідэолаг
Завітала — тут як тут.
І з вачэй яе вясёлых
Пераможна пырскаў блуд.
Каб не зведаць потым гора,
Пляшку выпіўшы віна,
Палюбоўнікам учора
Разжылася і яна.
Да начальніка аддзела
Напрасілася сама
І зняла адзенне смела
Са свайго святога цела —
Аддалася задарма.
Старшыня развёў рукамі:
— Ну, цяпер усё як след:
Хто працуе ў выканкаме,
Той зусім не дармаед!
Хто найбольш да сексу ласы?
Першынство ў кадравіка.
Ён такія выкрутасы
Вытварае спадцішка!
А дагэтуль знаць не зналі
Ні калегі, ні сябры,
Што ў ягоным «арсенале»
Палюбоўніц цэлых тры!
А здавалася б, плюгавы,
Ад гаршка на тры вяршкі…
Ды, відаць, такі цікавы,
Як даходзіць да «забавы»,
Што шалеюць аж жанкі.
Лепш, відаць, не зробяць «гэта»
Адмысловыя самцы…
Старшыня спорткамітэта
Завітаў напрыканцы.
Тлушчу-сала ў ім — ні грама.
І падаў з парога ён
Старшыні райвыканкама
Спісак, скручаны ў рулон.
— Тут, — сказаў, — усе імёны
Палюбоўніц, што ў мяне.
Рот разявіў бос раённы:
Верыць гэтаму ці не?
Недарэчы жарты-кпіны…
Разгарнуў начальнік спіс
І не менш чым тры хвіліны
Бег вачыма зверху ўніз.
З папяровага рулона
Вынікала, далібог,
Што спартовец паўраёна
Абслужыць, як кажуць, змог!
Бос нарэшце мовіў слова:
— Шчыра я табе скажу:
Пазайздросціць Казанова
Вось такому «багажу»…
— Што ж, прынамсі, вы хацелі? —
Гонар свецiцца ўваччу. —
Я ж усе ў раёне целы,
Што падвернуцца, тапчу…
* * *
Ці ж палкоўнік будзе рады?
Рады даць не зможа сам —
Трэба дзве ці тры брыгады,
Каб праверыць выканкам!

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: новы зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Была б свіння, а лужа будзе» яшчэ можна купіць у мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Хоць рэклама — ад спявачкі, не дастане люд заначкі

Працуем, як валы. Чаму ж даход малы?

Каб добрым быў душэўны стан, на выбарах не ўводзь у зман

Мы пазбавімся, вядома, ад пахмельнага сіндрома!

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.