TOP

Як хакею ў нас капут, дык надзеі на батут

Беларускія хакеісты няўдала гулялі на чэмпіянаце свету па хакеі, і прэзідэнт, які ўдзяляе гэтаму віду спорта найбольшую ўвагу, выказаў хакеістам ганьбу. Зусмуцілі хакеісты, Бо яны, як і раней, Не імклівы, не іскрысты Нам паказвалі хакей.

Нават нейкім — смех дый годзе! —
Італьянцам не раўня.
«Шчыравалі» так на лёдзе,
Бы абрыдла ім гульня.
Сонна поўзалі, як мухі,
Ля бартоў туды-сюды…
Не хаваў і Бацька скрухі,
Не таіў сваёй нуды.
А чаму ж у скрусе Бацька?
Тут не будзе адкрыцця:
Ён і сам гуляе хвацка,
Для яго хакей — як цацка,
Без якой не спіць дзіця.
Ён амаль на ўсё гатовы,
Не зачах хакей абы:
Дзе ні плюнь — палац лядовы,
Вырастаюць, як грыбы.
Хакеісты ўсе ў фаворы,
Так бы мовіць, на віду,
Хоць яны ўжо год каторы
Заганяюць у нуду.
Тым не меней — мільянеры
(Гэта знаем добра мы).
На праспекце ў іх кватэры,
У Вяснiнцы ў іх дамы.
А між іншым, ёсць спартоўцы,
Што прыносяць медалі.
І ядуць яны ў сталоўцы,
І кватэр ім не далі.
На дарожцы, на пляцоўцы
Праліваюць сёмы пот,
Ды не славяць іх прамоўцы,
Іх не ведае народ.
А каб, скажам, да снаўборда
Быў у Бацькі інтарэс,
Мы на ўсіх глядзелі б горда,
Быў бы ў спорце тым прагрэс.
Каб, да прыкладу, стральбою
Захапіўся правадыр,
Дык усе, само сабою,
Мы хадзілі б дружна ў цір.
А застаўся б у футболе,
Каб гуляў, як колісь, ён,
Мелі б мы палёў паболей,
І на кожным — люкс-газон.
А з хакеем мы не скора,
Пэўна, выветрым нуду.
Застаецца толькі з гора
Піць гарэлку, як ваду…
* * *
Як хакею ў Беларусі,
Так сказаць, настаў капут,
Дык патрэбна Бацьку, мусіць,
Пераходзіць на батут.
Ёсць у гэтым відзе спорту
Алімпійскі чэмпіён.
Мецьмем цэлую кагорту,
Як пакажа прыклад Ён!

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: новы зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Была б свіння, а лужа будзе» яшчэ можна купіць у мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Збіраюць людзі камяні, але зарплат няма ані

Чаму з тырана Шчупака смяецца рыба спадцішка

Студэнт службоўцам нос падцёр. Ці зрэагуе пракурор?

Трэба думаць галавой, як не збэсціць імідж свой

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.