TOP

І ўяўная міна ўзарвацца павінна

Намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама (цяпер ужо былы), які курыраваў ідэалагічныя пытанні, працу з моладдзю і СМІ, пазваніў у міліцыю і паведаміў, што будынкі мясцовага КДБ і РУУС замініраваны. Бомбаў у будынках не знайшлі, але работа ведамстваў была часова паралізавана. І сталі «органы» на вушы — Інакш не скажаш, далібог. Званок той Іх спакой парушыў, У гарадку — перапалох.

Паведаміў дзяцюк, што міны
Заклаў таемна — цэлых дзве.
Дык КДБ «ўзляцець» павінны,
Яшчэ й міліцыю ўзарве.
Ды як пасмеў нягоднік гэты?!
Магчыма, ён лухту нясе,
І тым не меней кабінеты
Пакінуць змусіліся ўсе.
Сапёры правяралі сховы,
Сабакі нюхалі куты…
Прыйшлі нарэшце да высновы,
Што мін няма, званок пусты.
І справа гонару, вядома,
Загнаць нягодніка ў турму.
Ён, мусіць, жлукціць піва дома,
І вельмі весела яму.
Яшчэ і думае нахаба:
«Няблага я «нагнуў» мянтоў!»
І іх, «мянтоў», душыла жаба.
А кадэбістаў — пагатоў.
Спярша падумалі, магчыма,
Што помсціць «Белы легіён»:
У «легіёна» ёсць прычына,
Бо трапіў у няміласць ён.
Развеялася тая чутка,
У Лету канула, калі
Яны, службоўцы, вельмі хутка
Злачынца існага знайшлі.
Было паверыць нават цяжка,
Вачыма лыпаў пракурор:
«Падкладваў міны» не бадзяжка —
Мясцовы, так сказаць, бугор!
Віноўнік гэтае «забавы»
Не першы год і не другі
Ідэалогіяй дзяржавы
Засмечваў месцічам мазгі.
І больш, чым тыя, што пры ўладзе,
Бадай, дзівіліся яны:
Няўжо чыноўнік гэты сядзе?
Няўжо «бугор» такі дурны?
Ён па тутэйшых мерках — глыба,
Амаль што манумент жывы!
І думалі яшчэ, што рыба
Гніць пачынае з галавы…
* * *
Чыноўнік той, мяркуюць людзі,
І не вар’ят, і не прасцяк —
Ён проста добра ўзяў на грудзі.
Няма сумнення ў тым.
Аднак
Не марнымі былі пагрозы,
Бо зразумела й хлапчуку:
Пра тое думае цвярозы,
Што ў п’янага на языку.
Надрыву на мяжы краіна
Жыве.
І падаецца мне,
Што і наменклатуры «міна»
Калісьці ўсё-такі рване…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Як хакею ў нас капут, дык надзеі на батут

Збіраюць людзі камяні, але зарплат няма ані

Чаму з тырана Шчупака смяецца рыба спадцішка

Студэнт службоўцам нос падцёр. Ці зрэагуе пракурор?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.