TOP

Калі ты гэткі зух, дык запрагайся ў плуг

Былы старшыня Канстытуцыйнага суда, былы Генеральны пракурор, а цяпер загадчык кафедры Белдзяржуніверсітэта Рыгор Васілевіч нядаўна заявіў: «Трэба гадоў да 80 павышаць пенсіённы ўзрост і няхай народ прыносіць карысць дзяржаве». Жылі калісь на стайні ў пана Рысак і Гнедка — два кані. Знясілеў Гнедка надта рана, Бо плуг цягаў ён дзень пры дні,

Зімой яго ўпрагалі ў сані,
А летам — у грувасткі воз…
Ну, словам, ведаеце самі,
Што цяжкі ў рабацягі лёс.
Між тым пазбегнуць гэткай долі
Пашанцавала Рысаку.
Ён з плугам не хадзіў у полі
Ніколі
На сваім вяку.
У брычцы пана на прагулкі
Рысак тады-сяды вазіў.
У ёй хамут зусім не мулкі,
І бегчы трэ не па гразі.
Ды і наедак — не салома,
Не сечка з горкай лебяды.
І выглядаў Рысак, вядома,
Нібы жарэбчык малады.
Сустрэчы мелі коні рэдка,
Бо вельмі розны ў іх рэжым.
І Рысаку зайздросціў Гнедка,
Хоць не лічыў яго чужым:
Яны канякі-аднагодкі —
І той, і гэты ўжо стары,
Ды і адна ў іх стайня ўсё-ткі,
І пры адным гаспадары.
Прыйшлі яны да вадапою
Адначасова — выйшла так.
Сустрэчы радыя абое.
І завялі, само сабою,
Размову Гнедка і Рысак.
Паскардзіўся нямоглы Гнедка:
— Я ледзь цягаю й барану.
А з плугам у канцы палетка
Амаль валюся ў баразну.
Хоць ты ідзі прасіць у пана,
Каб ён адправіў на спачын…
І абурыўся нечакана
Рысак — разгневаўся прычым:
— На тое мы з табой і коні,
Каб моўчкі летам і зімой
На пана працаваць да скону!
Зусім не лёгкі хлеб і мой,
Аднак не ўзяў сабе за звычку
Выказваць скаргі
І гатоў
Цягаць да самай смерці брычку,
Хоць буду падаць з капытоў.
Я есці і мякіну стану,
І поле нават узару,
Калі патрэбна будзе пану —
Майму й твайму гаспадару!
І тут жа ён пачуў ад Гнедкі:
— Цябе хапаю за язык!
І калі ты адданы гэткі,
Калі такі ідэйны, дык
Здымі на час хамут ад брычкі
І за мяне ўпражыся ў плуг.
Няхай сабе і невялічкі,
Але зрабі на полі круг…
— Пакінь свае насмешкі-кпіны!
Магу не толькі баразну
Зрабіць адну —
За паўгадзіны
Я поле ўсё перавярну!
— Не зможаш споўніць абяцанку…
Канякі
У заклад пайшлі.
І сапраўды: назаўтра ўранку
Яны сышліся на раллі.
Спярша і праўда, зухаваты,
Бадзёра плуг цягнуў Рысак.
Дубцом не падганяў араты —
Аралі подбежкам і так.
Нядоўга ён ганяў барозны…
Рысак знямогся, што не ўздзіў.
Араты гыркае пагрозна,
Дубец па спіне захадзіў.
Самлеўшы нават ад знямогі,
Ён Гнедку й белы свет кляне.
І ўрэшце не ўтрымалі ногі,
Упаў бядак на баразне…
Для Рысака заклад — урокам.
Не дзіва, што з часіны той
Ён Гнедку абыходзіць бокам,
Калі ідзе на вадапой…
* * *
Выдатнаю была кар’ера —
І старшыня, і пракурор!
У статусе пенсіянера
Знаходзіцца з нядаўніх пор.
Ды па-ранейшаму бадзёры,
Зусім не згас яго імпэт,
І як выкладчык год каторы
Ён ходзіць ва ўніверсітэт.
Харошая ў яго зарплата,
Напэўна, ёсць і пенсіён.
А да таго ж, ідэй багата,
Як колісь, нараджае ён.
І вось чарговай агарошыў:
— У нас любы пенсіянер
Здароўя мае стан харошы,
Да прыкладу, як я цяпер.
Магу я працаваць да скону
І ледзь не суткі навылёт.
Давайце жыць без пенсіёну
Аж да васьмідзясяці год!
Карысць прыносіцьмем дзяржаве,
А не цягнуць яе на дно!
Дзяржава стане неўзабаве
Як Эміраты ўсё адно!
Вунь, каб вы ведалі, ў Кітаі
Наогул пенсіі няма.
Таму Кітай і працвітае,
Для нас ён прыклад нездарма!
Вось гэтак ён «пракукарэкаў»…
Ніяк датумкаць не магу:
Ён пустазвон ці недарэка?
Але скажу ў сваю чаргу:
Каб на зямлю спусціўся з неба,
Як ён і праўда гэткі зух,
Прапанаваць таксама трэба
Запрэгчыся хоць раз у плуг…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Раб, што радзіўся ў няволі, вольным не стане ніколі

Лепш замест раздраю збіцца ўсім у зграю

Нейкі злыдзень спадцішка выпіў тоны малака

Хоць кантралёраў — цьма, ды толку з іх няма

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.