TOP

Усё роўна здзейснім мары: не Мальдзівы, дык Канары

Міністэрства замежных спраў Беларусі парэкамендавала беларускім грамадзянам устрымацца ад паездак на Мальдзівы ў сувязі з неспакойнай абстаноўкай у краіне — там адбываюцца масавыя беспарадкі. Расклад, на жаль, зусім паршывы, Бо нельга адпачыць як след: Непажадана на Мальдзівы Любому з нас купляць білет.

Распачалі мальдзіўцы смуту,
Магчыма, нават цэлы бунт.
А мы ж запасілі валюту —
Хто долар, хто англійскі фунт.
Мы марылі, што нашы целы
Нагадваць будуць шакалад.
Ну, словам, як бы ні хацелі,
Зусім благі для нас расклад.
Люд гарадскі і люд вясковы
Сумуюць з гэтае пары.
Давайце іхнія размовы
Тайком падслухаем, сябры.
…Калі жахлівая навіна
Дайшла да вёскі Гасціно,
Даярка пекная Паліна
У ладкі пляснула ажно:
— А Божухна! Якое гора!
Для дзеўкі гора сапраўды:
Яны з суседкай пазаўчора
Злятаць рашыліся туды.
Пабегла да суседкі Ганны,
Каб падзяліцца з ёй бядой.
Настрой бязрадасны, паганы,
Як аказалася, і ў той,
Бо і суседцы ўжо сарокі
Прынеслі вестачку якраз,
Што паляцець у край далёкі
Не ўдасца ім у блізкі час.
Ледзь не заплакалі абое.
— Зноў у пралёце, Ганна, мы.
На пляжы сонечным з табою
Не паляжым сярод зімы.
І ні абноўленыя Сочы,
Ні ўжо даўно абрыдлы Крым
Не хочуць бачыць нават вочы,
Бо там зусім не загарым…
— Я ж на Мальдзівы, калі шчыра,
Злятаць хацела недарэм:
Знайсці рашыла там эміра,
Каб ён узяў у свой гарэм,
Каб не такую мець зарплату…
Іх боль не сціх бы, не затух,
Ды завітаў да Ганны ў хату
Рыгор — мясцовы хлопец-зух.
Калі даведаўся пра гора,
Зарагатаў, як жарабец.
Пачулі дзеўкі ад Рыгора:
— Я па такому гору спец.
Усё ў вас будзе адмыслова
І не пацягне за мяжу,
Калі на танцы ў Сінягова*
Я вас на трактары зважу!
…Для прадпрыемства то не дзіва,
Начальства звыкла пакрысе,
Што рабацягі на Мальдзівы
Штогод лятаюць ледзь не ўсе
І там зімою бачаць лета,
Якога не бывае ў нас.
І гэта добрая прыкмета:
Жыруе ўсё ж рабочы клас!
Таму для маладзёна Дзімы
Быў непрыемнейшы сюрпрыз:
Сабраўся слесар на Мальдзівы,
Але яго ваяж «завіс».
Цяпер мяняць патрэбна планы
(Што, безумоўна, не з рукі)
І ў краме закупляць бананы
Ці хрумстаць нашы агуркі.
Канешне, Дзіму спачувалі
Усе калегі і сябры,
Што ён на акіянскай хвалі
Не ляжа пузам дагары.
Тым больш што ўсе яны дагэтуль
Паспелі здзейсніць свой ваяж,
Змаглі парадавацца лету
І абсмаркаць мальдзіўскі пляж.
Дык палічыў, бадай, за дзіва
Спачатку хто-ніхто з калег,
Калі зусім не сумным Дзіма
Прыйшоў назаўтра ў родны цэх.
Сказаў з усмешкаю на твары
(Хітрынка свеціцца ўваччу):
— Замест Мальдзіваў на Канары
Я гэтым разам палячу!
* * *
І толькі сытага банкіра
Не засмуціў расклад такі.
Сваім сябрам прызнаўся шчыра,
Каб не часалі языкі:
— Я адшчыкнуў бы на пуцёўку
З кішэні трохі драбязы,
Але нашто мне лётаць зноўку,
Калі я быў там тры разы?..
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Скралі тыя, хто «наверсе». І не трэба іншых версій

Пра цёмны лес і «Мерседэс»

Пенсіянеры, сцяг у рукі! Абыдуцца без вас унукі

Няхай жывуць бабры і знікнуць махляры!

Паставіла мытня падножку: «Прапусцім ці жонку, ці кошку»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.