TOP

У віры бесперспектыўнасці

Думаю, што кожны чалавек бачыў, як рачная плынь, сустракаючы нейкія перашкоды, закручваецца ў вір. У маленстве, бавячы час з вудай каля вады, здабываючы ежу для сям’і, я часта назіраў за сухімі галінкамі, зацягнутымі ў вадаварот. Адным шанцавала вырвацца з яго і плысці далей, а другія, зачапіўшыся ў глыбіні за карані або водарасці, заставаліся там гніць.

Наша грамадства бачыцца мне такой сухой галінкай, якую круціць у сабе бязлітасны вір палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай бесперспектыўнасці. Мы то паказваемся на імгненне на паверхні, радуючыся асобным поспехам кампутаршчыкаў, урачоў, спартсменаў, вучоных, удзельнікаў школьных і студэнцкіх міжнародных конкурсаў ці мізэрнаму павышэнню зарплат і пенсій (на бохан хлеба!), то зноў надоўга хаваемся ў змроку нялёгкага быцця. Надзённыя клопаты выжывання моцна ўзялі нас за горла і не адпускаюць. А пра паглынанне нашага сціплага дабрабыту гэтым вірам бесперспектыўнасці, калі раптоўнае абвастрэнне крызісу можа ўсё абрынуць, ніхто не збіраецца нават і думаць.

Любому народу не хочацца выглядаць бездапаможна ў вачах міжнароднай супольнасці. Прызнавацца, што мы маем слабую эканоміку, жывем за кошт замежных пазык, што згубілі нацыянальныя арыенціры, занядбалі родную мову, адукацыю і культуру, непрыемна і сорамна. Ёсць сярод нас шмат і такіх індывідаў, якія наогул не разумеюць ганебнасці дэградацыйных працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве, прымаюць іх за належнае. Услед за прапагандай замбіраваныя беларусы пахваляюцца неістотнымі ўдачамі, лічаць сябе самымі «крутымі» ў славянскім абсягу. Між тым, стан хісткасці і няпэўнасці, які прыйшоў да нас разам з аўтарытарызмам, захоўваецца і нагадвае хранічную, небяспечную хваробу.

Збоку відней, а таму цытую думку дырэктара Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў А. Эберхардта, якая пацвярджае бесперспектыўнасць аўтарытарнага кіравання і гаспадарання: «…Поддержка Москвы в последние годы постепенно снижалась, а крах цен на нефть в 2015 году сократил прибыль Минска от операций на нефтяном рынке. Это выявило неконкурентноспособность белорусской экономики, что привело к резкому увеличению отрицательного сальдо во внешней торговле.

Власти признают, что каждая четвертая компания нерентабельна, а в машиностроении — каждая третья. Банковский сектор, вынужденный поддерживать неэффективные предприятия, также нестабилен. Средняя зарплата снизилась до 200—300 долларов, что составляет половину докризисных доходов белорусов.

Это не означает, что экономика рухнет в ближайшие месяцы или даже несколько лет. Однако кризис носит системный характер и трудно ожидать, что улучшение международной экономической конъюнктуры изменит негативную тенденцию.

Власти не в состоянии реструктурировать экономику, опасаясь политических издержек, связанных с ослаблением своего контроля над государством. Вместо реформ принимаются меры, ужесточающие дисциплину. Среди них — громкий «декрет о предупреждении социального иждивенчества», который облагает налогом людей, уклоняющихся от официальной занятости».

У Беларусі значная частка насельніцтва баіцца рашучых перамен у бок дэмакратычнага, эфектыўнага развіцця. Найперш — гэта кіруючыя кланы: чыноўнікі, дэпутаты, сілавікі, прыўладныя бізнесоўцы. Яны ведаюць, што пераход улады да народа, да яго сумленных прадстаўнікоў, прынясе крах раскошнаму жыццю, магчымасці абагачацца незаконным шляхам, а таму мёртвай хваткай трымаюцца за аўтакрата-апекуна.

Бадай няма постсавецкай краіны, дзе б так дасканала, як у нас, была адладжана сістэма ўладнай кругавой парукі, масавага ўдзелу ў карупцыі, крадзяжах, махінацыях, фальсіфікацыях, прыпісках, у прыкрыцці злачынстваў, у тым ліку і крымінальных. Усё гэта прыхавана дэмагагічнымі лозунгамі, грознымі абяцанкамі перасадзіць усіх за турэмныя краты. Сотні службоўцаў туды трапляюць, але тысячы на свабодзе працягваюць парушаць законы.

Звычайныя людзі не прымаюць перамен па іншых прычынах. Яны іх баяцца, таму што жыць у такі час стане не лягчэй і камфортней, а больш складана і клопатна. Перамены закранаюць не некага далёкага, абстрактнага, а канкрэтна цябе, прымушаюць быць не памяркоўным, а ініцыятыўным і працавітым, нечым ахвяраваць.

У любым народзе смелых, мужных людзей заўжды меней, чым інертных, баязлівых. Спалох гуляе ў грамадстве, перадаецца ад чалавека да чалавека, што я, вывучаючы перыяд сталінскіх рэпрэсій, зафіксаваў у чатырохрадкоўі:

З малых гадоў адчуў адразу я
Быцця несправядлівы ход…
Шкада,
Што смеласць — незаразная,
А страх — якраз наадварот.

Яшчэ адна бяда ў тым, што кіраваць працэсам перамен у аўтарытарных краінах застаюцца старыя кадры або прыходзяць не лепшыя арганізатары і спецыялісты, а шэрыя пасрэднасці, кан’юнктуршчыкі. Больш таго, пад шумок наверх прарываюцца ўладалюбцы, жулікі, проста мярзотнікі, і выдатныя задумы ў палітыцы, эканоміцы, навуцы з грукатам правальваюцца.

Тым не менш, без рэфармавання аўтарытарнай сістэмы, без усталявання зменнасці вышэйшай улады, незалежнасці парламента і судоў немагчыма выйсці на дэмакратычныя прынцыпы жыцця, на нармальны ўзровень матэрыяльнага, культурнага і духоўнага дабрабыту насельніцтва.

У нас прапаганда замоўчвае неаспрэчны факт: краіны, дзе хай і балюча, са скрыгатам, але ўсё ж перабудоўваюцца заржавелыя грамадскія механізмы і парадкі, дзе існуе ратацыя і мяняюцца прэзідэнты, жывуць не горш за беларусаў, а многія — значна лепш.

Бесперспектыўнасць аўтарытарнай сістэмы, шкоднасць як для ўсяго грамадства, так і для кожнага асобнага чалавека хутка будзе зразумела самаму апошняму мясцоваму дэбілу, але запалоханая большасць трымаецца за яе. Адна з прычын у тым, што наш люд надта растурзаны, разагнаны па закутках, парадаксальны. Толькі мы можам прыкладаць намаганні, не маючы перад сабой мэты. Драматычна, што ў нашай краіне не старое рэфармуецца, падцягваецца да новага, а ўсё новае тоне, бы ў бяздонным віры, у тым архаічным, якое засталося ад таталітарнага ладу або прыдумана новай уладай.

Магчыма, для беларусаў, бо менталітэт народаў розны, не стане ўзорам грамадзянская і палітычная актыўнасць армян, хоць яны цяпер паказваюць, як можна мірным шляхам змяніць дыктатарскі рэжым. Але запомніліся словы кіраўніка апазіцыі Н. Пашыняна: «…Они пьют биологическую кровь этого народа, все отчаиваются и обессиливают, с этой мыслью согласны все».

Сапраўды, гэта важная думка. Рэвалюцыйная нянавісць народных масаў якраз нараджаецца пасля доўгага нахабства і здзеку ўлады, калі бачна, што сілы канчаюцца, а трываць асобаў, якія патанулі ў татальнай хлусні, састарэлі на прэзідэнцкіх харчах, стала пакутаю.

Як бы ні разгортваліся падзеі ў свеце, а беларусам трэба не толькі спадзявацца на лепшую будучыню, але і набліжаць яе. У нас ёсць галоўная задача — стварыць жыццяздольную, згуртаваную, адукаваную і культурную нацыю, пабудаваць дэмакратычную, прававую краіну.

Даўно ясна, што закасцянелая бюракратычна-кланавая сістэма займацца гэтым не будзе. Дык навошта трымаць на сваіх плячах тых, хто не дбае пра годнае жыццё для ўсяго народа, а зацыкліўся на ўласнай уладзе і асабістым багацці?

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Знявечаная спадчына

Міласэрнасць за чужы кошт

Беларуская рулетка

Зачыненыя дзверы

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.