TOP

Ці гатовы мы на здзекі дзеля ўласнае бяспекі?

Каб забяспечыць бяспеку ў нашай краіне, плануецца ўстанавіць каля 500 тысяч камер вонкавага відэаназірання. Акрамя ўсяго іншага, дэтэктары сістэмы маніторынга павінны будуць выяўляць дармаедаў-бадзяк. Дасюль «зламыснікі» вякамі Жылі спакойна на зямлі, Бо не было відэакамер. У горшым выпадку «вялі»,

Сачылі шпегі і філёры,
Як хтосьці ўладзе неўспадоб;
Спяцы з міліцыі, з «канторы»
За шкіркі бралі тых асоб.
А зараз у філёраў многа
Відэакамерных вачэй,
І з іх надзейнай дапамогай
Сачыць за «злыднямі» лягчэй.
Але, відаць, улада хоча
Кантраляваць увесь народ.
З усіх слупоў глядзецьмуць «вочы»,
Павесяць іх на кожны плот.
Сачыцьмуць спераду і ззаду,
Ацэньвацьмуць уздоўж і ўшыр…
Ніхто не зможа без нагляду
Наведаць нават і сарцір!
Што ўжо казаць пра час рабочы,
Паход у краму ці ў кіно.
Разгледзяць добра тыя «вочы»,
Што простым вокам не відно.
Як мецьмем камер да халеры,
Дык акуляры заадно
Няхай глядзяць ва ўсе кватэры
І нат у кожнае акно.
І будуць бачыць шпегі звонку,
Запішуць у свае дасье,
Хто рэгулярна «топча» жонку,
А хто ў пасцелі лынды б’е;
Усе раскрыюцца сакрэты,
Празнаюць, чым жыве народ:
Хто толькі з хлеба есць катлеты,
А хто ікру піхае ў рот.
І зможа пэўныя высновы
Зрабіць галоўны самы шпег:
Для гэтых — рыхтаваць аковы,
А гэтых падкарміць не грэх.
Ну, словам, будуць тыя блазны
За намі цікаваць цішком,
А мы, як выскачыўшы з лазні,
Цяпер хадзіцьмем галяком.
Жыць-пажываць ужо з аглядкай,
Канешне, кожны з нас пачне,
Каб ява ўраз не стала гадкай…
Другое ўразіла мяне:
Галоўнае, што ўлада «вока»
Займее заўтра для сябе,
Каб дармаеда-абібока
Вышукваць у людской гурбе.
Спытаеце: якім жа чынам?
Напрыклад, сноўдае туд-сюд
Пад «вокам» хлопец ці мужчына
І не мяняе свой маршрут.
Чаму туляецца бадзяжка
Без мэты ўранку і ў абед?
Прыйсці да вываду няцяжка,
Што гэта — існы дармаед.
Каб ён штодня араў у полі
Або стаяў каля станка,
Раз засвяціўся б — і даволі.
За шкіркі возьмуць лайдака!
Памылкі могуць быць, вядома,
Не абысціся без прыгод:
Кагосьці схопяць каля дома,
Дзе ён жыве не першы год,
І часта бегае да крамы,
Бо мала пойла для гасцей;
Трапляцца ў «вока» будуць мамы,
Пільнуючы сваіх дзяцей;
Патрапіцца без дай прычыны
І закаханы маладзён,
Калі нявыкрутка ў дзяўчыны
І ля паштамта дзве гадзіны
Чакае-шпацыруе ён.
Да іх, канешне, прымуць меры,
І будзе не адзін эксцэс.
Няхай! Бо трэскі з-пад сякеры
Ляцяць, калі сячэцца лес.
* * *
Калі праз тэрмін некаторы
Усе мы трапім пад нагляд,
Дык у міліцыі, «канторы»
Нашто службоўцаў гэтак шмат?
Калі іх трохі меней будзе,
Як парадзеюць іх рады,
Я, так сказаць, вазьму на грудзі,
Бо буду рады сапраўды!

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Дык хто ж цяпер у нас падыме жылкамгас?

Выйшаў голым на балкон… Ці здзівіў кагосьці ён?

Ці праб’юцца ў чэмпіёны з дапамогай Марадоны?

Ён быў бы самым знаным героем-партызанам

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.