TOP

Тэледрэсіроўка

Палітычныя эксперты новага пакалення спісалі тэлебачанне ў архаіку, робячы стаўку на Інтэрнэт, а яно працягвае дзейнічаць, вядзе, як зверху загадана, «борьбу за умы и души людей», апрацоўвае ў патрэбным уладзе кірунку даверлівых, далёкіх ад аналітыкі грамадзян.

Даўно заўважана, што аўтарытарныя рэжымы грашаць празмерным ужываннем фальшывага золата ў аздабленні прэзі­дэнцкіх рэзідэнцый, палацаў, дзяржаўных устаноў, выяўляюць безгустоўнасць. У Беларусі і Расіі, наскрозь працятых жалезабетоннай «вертыкаллю», заўважаецца старая эстэтычная хвароба — «сделать красиво», «выглядеть богато».

Густы налёт прыміты­­ві­зму і пошласці ляжыць на працы тэлевізійнікаў дзвюх краін, нягледзячы на тое, што яны маюць выдатную сучасную тэхніку, матэрыяльнае і фінансавае забеспячэнне, пра якія іх папярэднікі ў БССР і РСФСР не маглі і марыць. Бяру пад увагу тэлебачанне суседзяў, таму што яно на роўных уплывае на свядомасць тутэйшага насельніцтва.

Беларусы часта называюць мясцовае тэлебачанне «хлуслівым», «дубовым», «лабавым», «нахабным», «непісьменным», «безалаберным», «сала­джавым». Негатыўныя эпітэты ў многім — праўдзівыя. Але гэта нічога не мяняе ў стасунках людзей з тэлевізарам, бо многія, нібы хранічныя наркаманы, сядзяць на прапагандысцкай «іголцы». Тэлебачанне бярэ гледачоў не праўдай і якасцю прадукцыі, а тым, што пастаянна знаходзіцца ў кожнай сям’і пад рукой, пасылае моцную плынь папулізму і маны, у якой дзеля стварэння атмасферы даставернасці мільгаюць кропелькі дакладнай інфармацыі. У Расіі ёсць прыказка: «Кто врет, тот и прет!» Такі спосаб уздзеяння на масы спрацоўвае.

Націскаеш кнопку пульта — дыктарка ўзахлёб расказвае пра выключную моц беларускага рубля, надзейную фінансавую сітуацыю ў нашай краіне. А ў канцы доўгай пахвальбы, не саромеючыся, заяўляе: «К сожалению, со вчерашнего дня цена одного доллара превысила два белорусских рубля, но это временно. Волноваться не стоит». Фантастычная балбатня працягваецца: «Чем выше у нас уровень жизни, тем больше денег занимают люди в банках». Чуючы такое, задумваешся: пра якую катэгорыю насельніцтва ідзе гаворка? У каго так імкліва павышаецца ўзровень жыцця? А калі нехта багаты, то чаму ён лезе ў фінансавую кабалу, а не расплачваецца назапашанымі грашыма, якія ляжаць на банкаўскім рахунку? Словам, у тое, што расказвае тэлебачанне, лепш не ўнікаць, бо можна трапіць у псіхіятрычную ўстанову.

Асобнай гаворкі заслугоўвае падача навін. Негатыўныя весткі з Беларусі шчыльна ўпакоўваюцца ў каскад трагічных здарэнняў, што адбыліся за мяжой. У нас нічога страшнага: палова прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — банкруты, кошты на тавары, харч і лекі растуць, нешта згарэла, нехта загінуў у катастрофе, хтось сам звёў рахункі з жыццём, а вось у іх — суцэльны кашмар! Там усё гарыць, развальваецца, рушыцца і гіне. Што з іх возьмеш? Адным словам, «амерыкосы»!

Адметнай рысай расі­й­скага і беларускага тэлебачання стаў яўны ўхіл у нагнятанне ваеннага псіхозу. З дня ў дзень ідуць рэпартажы з армейскіх вучэнняў, спаборніцтваў, а таксама пра выраб і пастаўку зброі ў іншыя краіны. Усім нармальным людзям зразумела, што маштабныя баявыя дзеянні немінуча знішчаць чалавечае жыццё на планеце, і тым не менш у «саюзнай дзяржаве» з маніякальнай упартасцю вядзецца мілітарысцкая прапаганда, якая мае разбуральныя вынікі.

Эксперты прыйшлі да песімістычнай высновы, што ўвага расіян прыкавана да тэлевізара, сілавікоў і ВПК. Такім чынам, было: «Спасибо родному Сталину! », затым стала: «Спасибо партии родной!», а цяпер: «Спасибо оборонному комплексу! »

Сацыялагічныя даследаванні, якія правёў «Левада-цэнтр», выявілі, што расіяне аддаюць перавагу наступным заняткам: «смотреть телевизор» — 34% апытаных (першае месца), «вкусно поесть» — 24% (другое месца), «заниматься садом, огородом» — 23% (трэцяе месца). За восем гадоў знізілася жаданне «получать хорошие деньги» — з 33% да 26% і «проводить время с детьми» — з 26% да 24%.

Расійскі публіцыст І. Якавенка дае каментарый: «Телевизор, став главной радостью, взял на буксир чревоугодие, резко снизил радость от получения хороших денег, буквально уничтожил восприятие полноценной работы как удовольствия и попутно свел к минимуму радость секса. Кто-то что-то говорит про «прорыв» в пятерку ведущих экономик планеты, про привлекательность «русского мира» и вот этого всего? Ну-ну…»

Аўтарытарныя рэжымы зрабілі народы аб’ектамі тэлевізійнай дрэсіроўкі. Не вытрымала нават вядомая латышская спявачка Л. Вайкуле, якая шчыра і бескампрамісна выказалася пра распад СССР і сітуацыю з Крымам: «Я даже не представляла, что люди такие звери. Скажу откровенно. Может быть, потому, что я никогда не смотрю телевизор. Я сейчас первый раз его включила посмотреть, какая реакция, что там происходит… Мне кажется, что люди сошли с ума. Они абсолютно зомбированы. Они даже не слышат, что говорят… Журналисты-провокаторы и вруны, вот мои впечатления”.

Сітуацыя ў Беларусі мала чым адрозніваецца ад расійскай. Можна, як у пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя займацца эйфарыяй (згадаем, што яна скончылася ўсталяваннем аўтарытарызму), гаварыць пра ўзмацненне пратэстных настрояў, але гэта няпоўная праўда. Рэжымы Беларусі і Расіі праз тэлебачанне маюць уздзеянне на старэйшыя пакаленні і на пласты маладзейшага кан’юнктурнага насельніцтва, якія глядзяць апошнія паведамленні.

На сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ правіцель заявіў: «Очень прошу вас и жесточайшим образом требую: сделайте телевидение лучше. Чтобы картинка была и подача материала». Тэлевізійнікі стараюцца дагадзіць галоўнаму босу, але выніку няма. Валюнтарызм, які з’яўляецца галоўнай рысай аўтарытарызму, прыжыўся і на тэлебачанні. Часта не выконваюцца аб’яўленыя праграмы на тыдзень, без папярэ­джання перастаўляюцца, мяняюцца і ўвогуле знікаюць перадачы. Тэлевізійнікі запаланяюць экран уласнымі вырабамі, на якія здольныя, насычаюць яго яркімі фарбамі, «узнёслымі» галасамі дыктараў і вядучых, ды за ўсім відаць фальш. Нельга праз кожныя пяць хвілін клясціся ў любові да Беларусі, рэкламаваць яе краявіды і адначасова крэмзаць і падтасоўваць пад меркантыльныя патрэбы айчынную гісторыю, ненаві­дзець родную мову, даводзіць вясковую глыбінку да занядбання. «Картинки» і патэтычныя словы на рускай мове ніколі не прыкрыюць нягеглае рэальнае жыццё. Але АНТ настроена аптымістычна і раіць беларусам «жить одним днем, не думать ни про что».

Гераіня рамана іспанскага празаіка А. Пэрэс-Рэвэртэ «Карта нябеснай сферы, або Тайны мерыдыян» кажа: «Людзі наогул вельмі неразумныя, мараць толькі пра тое, што ім паказваюць па тэлеку». Я не настолькі наіўны чалавек, каб верыць ва ўсемагутнасць тэлевізара, але, назіраючы за паводзінамі многіх жыхароў Беларусі і Расіі, бачу пацвярджэнне яе меркавання. Людское думанне і самастойнае прыняцце рашэнняў значна здалі пазіцыі.

Упэўнены, што за публічную хлусню, якая прыносіць шкоду грамадству, трэба судзіць з такой жа суровасцю, як за забойствы, карупцыю і кра­дзеж. Калі гэта будзе — невядома. А пакуль што тэледрэсіроўка працягваецца…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Маленькія ўзурпатары

Ні слова пра этыку

Свежая кроў

Рознае разуменне

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.