TOP

Прэстыж паставіўшы на кон, прыдумалі яны закон…

Дэпутат Ганна Канапацкая абурылася з-за таго, што Нацыянальны сход не пажадаў пярэчыць прэзідэнту наконт законаў аб інвестыцыях і прыватызацыі. Праекты былі аднадушна адобраны абедзьвума Палатамі, а калі прэзідэнт не падпісаў іх, дэпутаты пакорна пагадзіліся з пярэчаннямі кіраўніка дзяржавы. Гучаць папрокі год ад года (Прычым, напэўна, нездарма), Што ў нас абраннікі народа Як быццам ёсць, ды іх няма.

Заўжды ў Палатах гладзь ды ціша,
Гады ў рады дэбаты там.
Калі ж урад закон напіша,
Дык, так сказаць, паставяць штамп.
І вось рашылі дэпутаты:
Напішам мы такі закон,
Што рты закрыюць гарлахваты.
Прэстыж пастаўлены на кон!
Закон пісалі, што не дзіва,
Аж цэлы год і нават звыш.
Гара, лічылі, нарадзіла
Зусім не дохленькую мыш!
Панеслі той праект да Бацькі.
Лічылі, скажа прэзідэнт:
«Закон у вас, канешне, хвацкі!»
А ён закон… разнёс ушчэнт.
Калі б было ў іх болей чэсці,
Каб гонар быў,
На добры толк
Маглі б яны сваё давесці,
Бо ён адзін, а іх — натоўп.
Але яны — як дашкаляты:
Ніжэй травы, цішэй вады.
Рабілі выгляд вінаваты:
— Праект няўдалы сапраўды…
Згадзіўшыся, прызналі самі,
Што нарадзілі смехату:
Карпелі, думалі, пісалі,
А рэзультат — пад хвост кату.
Выходзіць, што народа слугі
У ступе зноў таўклі ваду?
Яны — звычайныя латругі?
* * *
І я рахунак падвяду:
Дык зараз нашы дэпутаты,
Уся шматлікая гурма,
Хай аддадуць свае зарплаты
(Дзяржава ўсё ж панесла страты)
За час, патрачаны дарма.

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Надзея ў іх цяперака, што выручыць Амерыка

Сярод знаёмых і сяброў нямала птушак і звяроў

Залішнія ў судзе дэбаты: папаў туды, дык вінаваты

Ні Апанас і ні сусед не выйдуць болей на пікет

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.